Ён крута павярнуў галаву і ледзь стрымаўся, каб не закрычаць ад яшчэ большага жаху, які зведаў дасюль: за ягонай спіной, пад нагамі, зеўрала страшэнная бездань...
Богша інстынктыўна адступіў крокі два назад, каб часам не зваліцца ў тую бездань ад якога нязграбнага руху. Адначасна ён спрабаваў зразумець, што ж здарылася з той часткай ягонай кватэры, на месцы якой цяпер зеўрала бездань.
Бездань знікала ў недасяжных глыбінях, а пачыналася якраз на тым месцы, дзе стаяла капітальная сцяна, што адгароджвала пакоі ад прасторнага калідора. Цяпер калідора, усёй паўднёвай палавіны іхняга пяціпавярховага дома, бадай, не існавала. Затое нейкім цудам засталася палавінка дзвярэй, зашклёных матавым узорчатым шклом, што вялі з калідора ў залу. Дзвярына свабодна вісела над безданню. Яна нават злёгку гайдалася, можа, ад подыхаў ветру. Жудаснае відовішча для чалавека, які не страціў розум. Дзвярына над безданню!..
Богша найперш падумаў, што цяпер ён не можа трапіць ні ў свой кабінет, ні ў спальню, ні на кухню або ў ванны пакой, бо ісці туды трэба калідорам, які праглынула бездань. Богша воляй-няволяй павінен быў заставацца ў зале, сам-насам з незнаёмай жанчынай.
Божа, як яны з Любай некалі радаваліся, што пакоі іхняй кватэры асобныя, а не сумежныя — мода дваццатага стагоддзя ўсё і ўсіх раз’ядноўваць гмахамі, пад’ездамі, калідорамі з жалезабетону, які добра прапускае ў кватэры і з кватэр любыя гукі, нават самыя інтымныя. Зрэшты, а што засталося ад славутай інтымнасці, якой так ганарылася чалавецтва? Усё навідавоку, усё чутно, і ўсё раздзелена на клеткі. Парадокс часу: хавацца па клетках, якія гукадасяжныя і празрыстыя, нібы акварыумы.
Запозненая думка працяла Богшу. Так, напэўна, працінае здагадка ўсю істоту грэшніка, калі той трапляе ў пекла: раптам пачынае разумець, што вяртання назад няма, трэба адказваць за свае грахі, якія некалі лічыў забавамі і радасцямі жыцця. Жахлівае адкрыццё!
Хоць і не толькі жахлівае. Ёсць яшчэ і адваротны бок: звычайная чалавечая цікаўнасць — трэба добра агледзець новы дом свайго вечнага зняволення, хай гэта будзе пекла ці нават рай...
Лазар Богша таксама паспрабаваў, наколькі гэта было магчыма, добра прыгледзецца да бездані: што яна такое, а можа, і ў ёй ёсць нейкія берагі? Нядаўні страх, што быў скаваў яго, незаўважна адступіў, і Лазар Богша, здолеў адзіным позіркам ахапіць неабдымную прастору, якая сапраўды не мела выразных межаў і чымсьці нагадвала шахматную дошку з трохмернымі кубікамі, а не дзвюхмернымі клеткамі. Кубікі таксама выглядалі, бадай, без канца і краю, але бачыліся наскрозь даволі выразна, нібы адлітыя са шкла.
Такому адкрыццю сапраўды можна было падзівіцца. Але ўжо нешта, яшчэ больш дзіўнае, захапіла Богшу: кожны кубік трохмернай прасторы, а магчыма, кожная кропка гэтай прасторы змяшчалі ў сабе адбітак нейкіх падзей у іх няспынным руху: нараджэнне, развіццё, старэнне, знікненне, нараджэнне нечага новага. То быў непарыўны цыкл, можа, нейкае жыццё, ва ўсякім выпадку, нейкае існаванне чагосьці дужа рэальнага ад пачатку і да канца, які станавіўся новым пачаткам, а можа, канцом чагосьці, што патрабавала ўвагі, а можа, і не патрабавала ўвагі, бо не мела сэнсу ў тым значэнні, якім чалавек навучыўся яго разумець.
Знешне прастора-бездань нагадвала галаграфічны адлюстровак, які да ўсяго не застыў у сваёй статычнасці, а няспынна рухаўся, як адлюстровак кінастужкі на белай прасторы аб’ёмнага экрана.
Лазар Богша раптам здагадаўся, што бясконцасць у вечным руху і ёсць чацвёртае вымярэнне — Час — якое ніколі не знікае бясследна. Дык вось якое яно, чацвёртае вымярэнне! Вялізнае і жудаснае. Падзеі разгортваліся ў ім у бясконцасці кубікаў, і былі яны такія розныя, такія несумяшчальныя, узаемасупрацьлеглыя, што станавілася горка і крыўдна: хто мог змясціць побач такія розныя падзеі, нібы назнарок, каб падкрэсліць імгненную няўстойлівасць адных і пачварную пастаяннасць другіх?
Побач з мноствам кастроў, на якіх гарэлі людзі, суседнічалі багатыя балі, што тут жа змяняліся жудаснымі бітвамі, ад якіх кроў застывала ў жылах; чалавечыя ахвярапрынашэнні, калі маладому чалавеку каменным нажом рассякалі грудзі і даставалі сэрца, якое яшчэ трапятала на далоні жраца, знаходзіліся побач з філасофскімі дыспутамі старажытных вучоных аб вечнай любві і гармоніі; бязлітасныя ў сваёй лютасці гладыятарскія баі — з крыкамі хакейных балельшчыкаў...
Кожны кубік уяўляў нейкі жывы, рухомы малюнак, часам больш пачварны за карціны Сальвадора Далі. Тыя хоць заставаліся на вякі нерухомыя.
Читать дальше