Для паняў і паноў і іншых падарожных,
Другую скрозь займае зала. Ў гэтай зале
Уздоўж ля сцен сталы шматногія стаялі,
Пры іх, ніжэйшыя,- радамі табурэты,
Як дзеці ля бацькоў.
Вось тутака ў дзень гэты
Сядзела шмат сялян, сялянак, шляхты дробнай
Усе падрад, а аканом сядзеў асобна.
Пасля імшы ў капліцы, бо была нядзеля,
Зайшлі да Янкеля глынуць хмяльнога зелля.
Ля кожнага шумела ўжо з сівухай чарка,
А навакола з бутлем бегала шынкарка.
Сам Янкель-арандар у доўгім аж па пяты
Халаце, што быў спераду на гафткі ўзяты,
Адной рукой пагладжваў бараду сівую,
А за шаўковы пояс залажыў другую.
Паглядваючы вокал, аддаваў загады,
Вітаў гасцей, мірыў, калі ўзнікалі звады,
Спьшяўся часам слова мовіць аднаму-другому,
Сачыў за ўсімі, але не служыў нікому.
Стары габрэй быў навакол здаўна ў пашане
За чэснасць, бо хоць жыў даўно тут, ні сяляне,
Ні шляхта на яго не мелі крыўд ніколі,
Бо і за што? Напіткаў добрых меў даволі,
Цану загадваў правільна, без ашуканства,
Падвыпіць дазваляў, хоць і не зносіў п'янства.
Ахвотнік быў да гульняў: у яго вяселлі
І хрэсьбіны спраўлялі. Кожнае нядзелі
К сабе ў карчму з суседняга сяла ён клікаў
З дудою і басэтляй ведамых музыкаў.
І сам знаў музыку, граў з талентам, бывала,
На слаўным іхнім інструменце, на цымбалах.
З двара ў двор ходзячы, здзіўляў мастацкім граннем
І песняў чыстым і прыгожым выкананнем.
Хоць і габрэй, валодаў добра польскай мовай,
Любіў парадаваць народнай песняй новай,
Прывозіў з занямонскай кожнае выправы
Прыпеўкі з Галіча, мазуркі з-пад Варшавы.
І чутка ёсць, ці цалкам пэўная, не знаю,
Што першы ён прывёз да нас з чужога краю
І першы распаўсюдзіў у ва ўсім павеце
Праслаўленую сёння песню ў цэлым свеце,
Якую першы раз дзесь на зямлі Аўзонаў
Зайгралі гучна трубы польскіх легіёнаў.
Музычны талент у Літве здаўна ў пашане,
Прыносіць славу ён, багацце і каханне.
Дык Янкель жыў заможна, але ў веку сталым
Павесіў на сцяне шматструнныя цымбалы,
Асеў з сям'ёю у карчме, заняўся шынкам,
Апроч таго быў у мястэчку падрабінкам.
Усюды і заўжды ён госцем быў жаданым:
Парадзіць мог у вьшадку якім складаным
І на віцінным гандлі збожжам добра знаўся,
І славай добрага паляка карыстаўся.
Старыя спрэчкі паміж карчмамі ўладзіў.
Абедзве арандуючы, трымаў ва ўладзе
Задзір і змусіў з воляю сваёй лічыцца
Усіх староннікаў Гарэшкі і Сапліцы.
Дык шанаваў старога карчмара і грозны
Гарэшкаўскі ключар і неспакойны Возны.
Пры ім спынялі, за даўнейшыя абразы,
Гервазы грозную руку, язык Пратазы.
Гервазага няма, падаўся на аблаву,
Бо ведаў, што на небяспечную забаву
Паехаў Граф, дык каб не стрэўся з небяспекай,
Рашыў яму служыць і радай, і апекай.
На пастаянньш месцы Ключніка ў святліцы,
На покуці сягоння бернардын садзіцца -
На гэта месца Янкель Робака падводзіць,
Відаць, яго шануе, бо, як можа, годзіць:
Як толькі заўважаў яго пустую чарку,
Адразу да манаха падклікаў шынкарку,
А тая падлівала ліпавага мёду.
Чуваць, калісьці мелі не адну нагоду
Сустрэцца дзесьці за кардонам. Ксёндз заходзіў
Не раз і ўночы у карчму і час праводзіў
На тайных гутарках. Сёй-той плёў пад сакрэтам
Пра кантрабанду, ды паклёп, відаць, быў гэта.
Ксёндз Робак гаварыў, а шляхта прыўставала,
З увагай слухала яго і акружала,
І сунула насы к манаскай табакерцы
Ды нюхала чаргой і чхала ўжо ад сэрца.
"Reverendissime,- сказаў ксяндзу Скалуба,-
Вось гэта дык табака! Дастае да чуба!
З тых дзён, як нос нашу (тут доўгі нос пагладзіў),
Такой не нюхаў я (і чхаць ізноў заладзіў),
Мо бернардынская і, пэўне, з Коўна родам,
Бо горад той табакай славіцца і мёдам.
Я быў там год ужо..." Ксёндз мовіў: "На здароўе
Усім вам, паважаныя мае панове!
Што ж тычыцца табакі, дык змыліўся груба
Наш вельмі паважаны дабрадзей Скалуба.
Яна аж з Яснае гары, яе паўліны
У Чанстахове труць з табачнае расліны,
У месцы цудамі праслаўленай іконы
Прачыстай, каралевы польскае кароны;
Народ яе ў нас і літоўскай называе.
Яна Карону і цяпер абараняе,
Літву ж дык вельмі схізма ўжо апанавала!"
"Аж з Чанстаховы?- мовіў Вільбік,- год не мала
Таму я ў споведзі там быў. Даходзяць весці,
Што быццам бы француз, гасцюючы ў тым месце,
Касцёл задумаў разваліць і скарб заграбіць,
Ды лжэ "Кур 'ер Літоўскі", як заўсёды, мабыць?"
"Няпраўда,- мовіў Робак,- пан наш найяснейшы
Читать дальше