Ён дамам кланяўся, старым і малалеткам.
Пры ім стаў ксёндз-манах, Суддзя пры бернардыне.
Бернардын памаліўся хутка па-лаціне,
Пасля далі гарэлку, а затым паселі
І халаднік літоўскі моўчкі жвава елі.
Абед цішэйшы быў, чым іншым днём бывала.
І хоць Суддзя бадзёрыў, гутарылі вяла,
Бо тыя, хто за гончых сёння быў у звадзе,
Спынялі, пэўне, думкі на сваім закладзе,
А веліч дум, звычайна, вусны зачыняе.
Размовы толькі Талімэна не спыняе:
З Тадэвушам гаворыць, Графу слоўца кіне
І зрок спыняе на Асэсаравай міне.
Вось гэтак, на шчыглоў нарыхтаваўшы сетку,
Лавец пільнуе вераб'ёў. А на суседку
Глядзяць Тадэвуш з Графам. Кожны з іх шчаслівы,
Напоўнены надзеяй і таму маўклівы.
Граф штораз з гонарам свой зрок звяртаў на кветку,
Тадэвуш на кішэнь касіўся неўзаметку,
Ці ключык той не ўцёк, і поўны неспакою
Лісточак непрачытаны круціў рукою.
Суддзя, хоць Падкамораму віна ў кяліхі
Ўсё падліваў і кланяўся, і сам быў ціхі,
І гутарыць не меў звычайнае ахвоты,
Відаць, перажываў ён нейкія клапоты.
Міналі стравы, моўчкі сходзіў час абеду,
Аж раптам уварваўся ў нудную бяседу
Неспадзяваны госць - ляснік. Паходкай жвавай,
Нягледзячы на час абедні, з нейкай справай
Падбег да пана. Адгадаеш з рухаў, з міны,
Што пасланец ён нейкай важнае навіны.
Звярнулі вочы на яго паны і пані,
А ён, адсопшыся, сказаў: "Мядзведзь, маспане!"
І рэшту адгадалі ўсе: што з цёмнай гушчы
Звер выйшаў і што краўся з Занямонскай пушчы,
Што трэ'дагнаць яго. У момант зразумелі,
Хоць абсудзіць той справы часу йшчэ не мелі.
Супольнасць думак праявілася адразу
Праз жэсты рук, праз сэнс загаду ці наказу,
Якіх хоць многа загуло ў хвіліну гэту,
Ды ўсе яны адну на ўвазе мелі мэту.
"Ў сяло,- сказаў Суддзя,- хай сотнік скача жвава!
Паклікаць дабравольцаў, бо чуць свет - аблава!
Хто з пікай вырушыць ахвотна, без адказу,
Таму спісаць пяць дзён і дзве шарваркі зразу!"
А Падкаморы крыкнуў: "Зараз жа на Сівай
Скакаць ка мне у двор і, захапіўшы жыва
Дзве п'яўкі, слаўныя заядласцю й навукай -
Сабака Спраўнікам завецца, Страпчай - сука,-
У мяхі ўвапхнуць, у морды затычкі заправіць
І конна, для паспешнасці, сюды даставіць!"
"Гэй, Ванька!- закрычаў Асэсар рускай мовай,-
Цясак бруском звядзі! Каб мне было гатова
Усё! Цясак - Сангушкі князя падарунак,
Паняўў Правер і ў пасе кожную з ладунак!"
"Рыхтуйце стрэльбы!" - ўсе крычалі ўсхвалявана
Асэсар волава шукаў. "Куль трэба алавяных!-
Крычаў.- Я форму ў торбе маю!" "Да плябана,-
Сказаў Суддзя,- паслаць ганца, каб заўтра рана
Прыбыў імшу адправіць у лясной капліцы -
Святому Губерту за ўдачу памаліцца".
Пасля загадаў тых усе пазамаўкалі,
Задумаліся, быццам між сабой шукалі
Кагосьці. І міжволі ўсіх прысутных вочы
Твар Войскага старога цягне, адзіночыць.
Відаць, правадыром яго ўсе выбіралі
І моўчкі булаву яму перадавалі.
Падняўся Войскі, зразумеў сваё заданне
I, стукнуўшы рукою ў стол, сярод маўчання
Дастаў з-за пазухі ланцуг, які на вушку
Трымаў грубы гадзіннік з добрую ігрушку.
"Паўпятае,- прамовіў,- заўтра ля капліцы
Сабрацца ўсім ганцам, ды толькі не пазніцца"
Тут рушыў з-за стала, за ім без затрымання
Пайшоў ляснік. Ішлі абдумаць паляванне.
Вось так і камандзіры пры чаканні бою,
Калі байцы адпачываюць, чысцяць зброю
Ці спяць на шынялях, ці сядуць сілкавацца,-
Цішком вядуць нарады доўгія ў палатцы.
Абед спыніўся, дзень прайшоў у неспакоі,-
У клопатах пра коней, пра сабак, аб зброі.
А ў час вячэры госці вельмі мала елі
І на'т ахвоты спрэчкі прадаўжаць не мелі
За ганчакоў. Мір заключыўшы ў тым разгары,
Асэсар з Рэентам ідуць пад рукі ў пары -
Шукаюць волава. Другія пасля працы
Пайшлі спаць рана, каб на досвітку падняцца.
Кніга чацвертая. Дыпламатыка і ловы
Змест: З 'ява ў папільётках будзіць Тадэвуша. Запозненае асэнсаванне памылкі.
Карчма. Эмісар. Спрытнае ўжыванне табакеркі звяртае дыскусію на патрэбную дарогу. Матачнік. Мядзведзь. Тадэвуш і Граф у небяспецы. Тры выстралы. Спрэчка
Сагалясоўкі з Сангушкоўкай, вырашаная на карысць Гарэшкаўскай аднастволкі. Бігас.
Аповесць Войскага пра паядынак Давэйкі з Дамэйкам перарвана цкаваннем зайца.
Канец аповесці пра Давэйку і Дамэйку
Равеснікі князёў літоўскіх слаўных, дрэвы
Панараў, Свіцязі, пушч цёмных, Кушалева!
Вы ж ценем прыкрывалі каралёў галовы:
Читать дальше