Вітэна грознага, вялікага Міндовы
І Гедыміна ў час, як на хрыбце Панараў
Ля вогнішча на скуры медзвядзя ён марыў,
Заслуханы у песні мудрага Ліздэйкі,
І ўсплёскамі Вяллі, і пошумам Вялейкі
Закалыханы, сніў ваўка ў жалезнай зброі.
А потым, згодна з воляю багоў святою,
Ён горад Вільню ўзнёс, што між лясоў-суседзяў
Сядзіць, як воўк між зубраў, дзікаў і мядзведзяў.
А з горада таго, як з рымскае ваўчыцы,
Паходзяць Ольгерд, Кейстут і Альгердавічы -
Праслаўленыя звераловы і героі,
Што звера ўмелі гнаць, былі майстрамі бою.
Сон паляўнічага адкрыў нам тайны неба,
Што для Літвы заўжды лясоў, жалеза трэба.
Лясы! Апошні прыязджаў да вас на ловы
Кароль, што Вітаўтаў насіў каўпак сталёвы,
Кароль апошні з Ягелонаў ваяўнічы,
Манарх апошні, што быў добрым паляўнічым
Маёй радзімы дрэвы! Неба мо адкрые
Яшчэ мне к вам дарогу. О, сябры старыя,
Ці вас тады застану? Помню, як раслі вы,
А я вакол вас поўзаў у свой час шчаслівы.
Ці той Баўбліс расце, старэча дуплаваты,
Ў якога жарале, не меншым добрай хаты,
Дванаццаць чалавек за стол сядала ўкола?
Ці ёсць Міндоўгаў гай ля фарнага касцёла?
А там на Украіне на ўзбярэжжы Росі
Ля дома Галавінскіх, ці яшчэ ўсё ўзносіць
Старая ліпа крону, пад якой, бывала,
Сто юнакоў і сто паненак танцавала?
Вы нашы помнікі! О як жа вас без меры
Зжыраюць царскіх слуг і гандляроў сякеры!
Не пакідаюць месца птушкам лёгкакрылым,
Ні песнярам, якім ваш цень таксама мілы.
Бо ліпа ж Чарналеская натхніла Яна
На столькі слаўных рыфмаў! Шмат падыктавана
І песняру-казаку дубам-многабаем.
А колькі ж вінен я лясам і нашым гаям!
Стралок слабы, я ад сяброўскіх жартаў злосных
Хаваўся ў вашым цені, векавыя сосны.
І колькі ж дум упаляваў, калі ў глухмені
Адзін на купіне сядзеў у задуменні.
Між пнямі мох сівы, бывала, серабрыцца,
Заліты сінявой растоптанай чарніцы,
А воддаль чырванеюць верасоў узгоркі,
Прыбраныя ў брусніц каралавыя зоркі.
Наўкола цемра, а ўгары на ўсім абшары -
Галіны, як зялёныя густыя хмары.
Віхор гуляў дзесь там над склепам нерухомым
З выццём і шумам, з лёскатам і громам:
Гул дзіўны, ап'яняючы! І мне здалося,
Што мора нада мной шумела шматгалоссем.
А нізам, як руіны гарадоў: пень дуба
Тырчыць з зямлі, як частка велічнага зруба,
На ім апёртыя, як сцен, калон руіны,
Гнілыя пні, калоды, з суччам верхавіны,
Абвітыя травой, імхом. У тыя гушчы
Заглянуць страшна - там жывуць магнаты пушчы:
Ваўкі, дзікі, мядзведзі. Ля ўваходу - косці
Неасцярожных, што зайшлі сюды у госці.
Шугнуць часамі з зелені лясной аблогі
Уверх, нібы фантаны два, аленя рогі,
Ці іншы звер мігне істужкай жаўтаватай
Між дрэў і гасне, як прамень між зелені кашлатай.
І зноў на нізе ціха. Дзяцел на яліне
Пастукае і далей адлятае, гіне,
Схаваўся, але дзюбай дзесьці ў дрэва тыча
I, як дзіця, знайсці сябе ў схаванцы кліча.
Арэх грызе вавёрка, скокнуўшы на хвою,
I, кутасок павесіўшы над галавою,
Нібы пяро над стройнай шапкай кірасіра,
Усё галоўкай круціць ды працуе шчыра.
А госця ўбачыўшы, лясная танцаўшчыца
Мігае з дрэў на дрэвы, быццам бліскавіца,
Пасля ў дупле якімсьці нечакана гіне,
Нібы дрыяда, грэчаскіх лясоў багіня.
Зноў цішыня.
Шасціць галінкай, пэўне, вецер.
Ды не. З-паміж разгорнутага вецця
Яснее тварам, прыгажэйшым чым рабіна,
Збіральніца лясное ягады, дзяўчына,
З кашолкі лыкавай частуе назбіранай
Брусніцай, быццам вусны у самой, румянай.
З ёй побач хлопец крочыць, гне ляшчыннік стромкі,
І ловіць дзеўчына арэхавыя гронкі.
Аж раптам брэх сабак чуваць і рога гранне,
Дык, адгадаўшы, што надходзіць паляванне,
Паміж гушчараў лісця, поўныя трывогі,
З вачэй знікаюць раптам, як лясныя Богі.
А ў Сапліцове ўзняўся рух ужо ад рання.
Але ні зычны голас труб, ні коней ржанне,
Ні брэх сабачы, ані зборы ўсе ў дарогу
Тадэвуша з пасцелі вьвдягнуць не могуць.
Ён спаў апрануты, нібы байбак, і ў дому
Шукаць яго на думку не ўзбрыло нікому,
Бо кожны быў заняты, меў сваё заданне.
І сонны сябра быў забыты ў гэта ранне.
Ён хроп, а сонца праз дзіру, што ў аканіцы
Кшталт сэрца мела, зазірнула ў глыб цямніцы,
І слупам вогненным твар хлопца асвяціўся.
Ён падрамаць яшчэ хацеў, дык пакруціўся,
Хаваючыся ў цень. Ды раптам стук раздаўся,
І сон прапаў. Вясёлым сёння прачынаўся
І чуўся рэзвым, лёгкім, быццам птушка ў полі,
Читать дальше