Здабыўшы і значэнне, і знаёмства свету.
А, брат, як думаеш?" "Яно, у пору гэту,-
Сказаў Суддзя,- хлапцу праветрыцца шмат значыць,
Паміж людзьмі працерціся і свет пабачыць.
Я сам у маладосці выездзіў нямала,
Быў у Пятркове, ў Дубне. То за трыбуналам
Я палястрантам вандраваў, то зноў па справе
Пабыць мне давялося нават і ў Варшаве.
І скарыстаў не мала! Дык скажу зараней,
Што хлопца выправіў бы ў свет для вандравання,
Як шлюць рамесніка, каб практыкі набраўся,
Няхай бы ён са светам трохі запазнаўся,
А не для ордэнаў і ранг! Прашу прабачыць,
Ну што той ордэн царскі ў нас сягоння значыць?
Які ж у нас з паноў, ні то пгго каб важнейшых,
А толькі так між шляхтай трохі багацейшых
Пра гэту дробязь дбае? Але ж у estymie
Яны ў людзей, бо мы шануем род і імя,
А калі чын, дык земскі, выбарам прызнаны
Грамадскім, а не з нечай ласкі дараваны".
"Тым лепш,- сказала Талімэна,- дык брат можа
Яго як ваяжыра слаць у падарожжа".
"Хацеў,- сказаў Суддзя на гэта ў задуменні,-
Ды новыя, сястра, паўсталі затрудненні.
Пан Яцак не спускае з-пад апекі сына
І мне прыслаў якраз на карак бернардына
Рабака. Ён прыбыў з-за Віслы, з-за Варшавы,
Прыяцель брата, ведае ўсе нашы справы.
Яны рашылі аб Тадэвушавым лёсе
І хочуць, каб Тадэвуш ажаніўся з Зосяй,
Васпані выхаванкай. Мелі б ва ўладанні,
Апроч маёй фартункі, Яцкавы ўкладанні
У капіталах. Ваша, ведаеш, што мае
Ён капітал, грош не малы ў мяне трымае
І можа ім распараджацца. Ваша, зможаш
Усё абмеркаваць, ці справе дапаможаш.
Іх трэба пазнаёміць. Можа ранавата
Для Зосі замуж, ды не шкодзіць гэта сватам.
Пара б ужо нам Зосі не трымаць у хаце,
Бо, мабыць, вырасла яна ўжо з дзіцяняці".
А Талімэна ў сполаху і ў задзіўленні
Прыпадымалася, устала на калені,
Перш пільна слухала, пасля далоні рухам
Пярэчыла, рукой махаючы над вухам
I, быццам мух, зганяючы за словам слова
Назад прамоўцы ў вусны.
"А вось гэта нова!
З чаго Тадэвуш будзе ў выйгрышы ці ў шкодзе,-
Сказала з гневам,- думай сам, васпан дабродзей,
Бо мне ён што? Як хочаце аб ім судзіце,
Зрабіце аканомам ці ў карчму садзіце,
Хай шынкаруе ці звярыну з лесу носіць,
З ім вы што хочаце рабіце, але... Зосі!
Васпанству што да Зосі? Я, без умяшання,
Яе рукой кірую! Што на выхаванне
Яе даваў пан Яцак грошы, што выплачваў
Ёй пенсійку, што, быццам, большую назначыў,
То не купіў яшчэ яе! Для вас сакрэту
Няма, і ведама ўсяму наўкола свету,
Што вашы шчодрасці для нас не без прычыны,-
Гарэшкам жа Сапліцы тое-сёе вінны!"
(Суддзя канец прамовы выслухаў на дзіва
Збянтэжана, у жалі і амаль гідліва,
Нібы баяўся слоў далейшых, накланіўся,
Рукой патакваў, але твар крывёй наліўся.)
"Я ёй сваячка,- Талімэна так казала,-
Я апякунка, Зосю я узгадавала,
І клопат толькі мой аб выхаванкі лёсе!"
"А мо знайшла б у тым замужжы шчасце Зося?-
Сказаў Суддзя, падняўшы зрок.- Мо Тадавушка
І ўпадабала б?" "Гэта - на вярбе ігрушка.
Палюбіць, не палюбіць - гэта мала важна!
Хоць Зося і не будзе вельмі ўжо пасажнай,
Ды не з абы сяла яна, абы шляхцянка:
Яна - з яснавяльможных і ваявадзянка
Ад маці Гарашчанкі! Мужа ўміг дастане!
Мы ж так стараліся, каб даць ёй выхаванне!
Хіба б здзічэла тут". Суддзя ўсё пільна слухаў,
У вочы гледзячы, пасля сабраўся з духам
І весела сказаў: "Ну што ж, сястрыца,
Бог бачыць, шчыра я хацеў дагаварыцца,
Прашу не гневацца. Што ж, ваша, я з тым згодзен,
Пярэчыць мае права; дык размовы годзе
Пра гэту справу. Я пытаў па просьбе брата.
Ганьбуеш, ваша, маладога, дык для свата
Цяпер пісьмом даць звестку Яцку застаецца,
Што Зося за Тадэвуша не аддаецца.
Цяпер сам буду дзейнічаць, мо з Падкаморым
Сватоўства распачнём і справу абгаворым".
Праз той час Талімэне трохі астывала
"Памалу, браце, я зусім не ганьбавала!
Брат сам казаў, што ранавата ім пабрацца,
Дык пачакайма, паглядзім, чаго ж спяшацца?
Вось пазнаёмім маладых і асцярожна
Разважым. Шчасцем іх рызыкаваць не можна.
Прашу аднак вас, пане браце, устрымацца
З намовамі яго у Зосю закахацца,
Бо сэрца не нявольнік, не прызнае пана
І ў кайданы сілком не можа быць скавана!"
Затым Суддзя ў задуме ад яе падаўся.
З другога боку пан Тадэвуш набліжаўся,
Від робячы, што грыб яго ў глыб лесу зводзіў.
І Граф у гэтым жа напрамку падыходзіў.
У той час, як Суддзя сядзеў тут з Талімэнай,
За дрэвам Граф стаяў. Задзіўлены той сцэнай,
Читать дальше