Вось выскачыў з былля. Убачыла - быў блізка,
Праз град чатыры мо, і кланяўся ёй нізка.
Дык адвярнулася, рукамі узмахнула
І спуджанаю краскай з месца пырханула,
Ступнямі лёгкімі мільгнуўшы над гародам.
Тут дзеці, спуджаныя Графа надыходам
І ўцёкамі дзяўчыны, крыкнулі трывожна.
Пачула, зразумела, што ніяк не можна
Дзяцей малых пакінуць у перапалоху.
Вярталася назад, збліжалася патроху,
Як неахопны дух, прыкліканы закляццем.
Падбегла да найбольш крыклівага дзіцяці,
Прысела да яго, туліць да ўлоння стала,
Другое гладзіла, суцішвала ласкава.
Памалу сціхлі ўсе, галоўкі затулілі
У яе падол, як птушаняты маці ў крыллі.
Яна тады прамовіла: "Ну ці ж прыгожа
Крычаць так? Вас спалохацца пан гэты можа.
Пан страшыць не прыйшоў, не старац ён хаджалы,
А госць, пан добры, гляньце - вунь які удалы".
І глянула сама. Прыемна Графу стала,
Ён усміхнуўся ёй за ўсе яе пахвалы.
Агледзелася, змоўкла, апусціла вочы,
І фарба ружы ўкрыла твар яе дзявочы.
А ён і быў удалы: ростам быў высокі,
Хоць з твару і худы, а свежыя меў шчокі
І вочы сінія, а волас белаваты,
Даўгі, хоць, праўда, ў гэты час крыху калматы
І поўны лісту, цэлы бо вянок зялёны
Уплёўся Графу ў чуб, як лез ён праз загоны.
"О ты! Якім бы я цябе ні ўважыў званнем,-
Прамовіў ён,- багіняй, німфаю ці зданню,
Кажы, ці ўласнай воляй ты к зямлі прыстала,
Ці ўлада ворага цябе тут прыкавала?
Ах, здагадаўся: не інакш, любоўнік злосны
Якісьці пан-багач ці апякун зайздросны
Цябе замкнёнаю трымае ў парку гэтам!
Ты, вартая быць рыцарскіх баёў прадметам
І гераіняю раманаў, эпасаў жалосных,
Даверся мне ў сваіх цяжкіх, магчыма, лёсах,
Я буду збаўцам! Дык валодай жа ў спакоі,
Ты, сэрцаў уладарніца, маёй рукою!"
І выцягнуў руку.
Яна ў румянцы кволым,
Але з абліччам слухала яго вясёлым.
Так за малюнкам дзіцянё вачыма водзіць
І ў водблісках лічыльнікаў гульню знаходзіць,
Перш, чым пазнае вартасць іх; так слых ласкала
Ёй гутарка яго, а змест даходзіў мала.
Дык проста запытала: "Скуль пан прыбывае?
Чаго, пан дабрадзей, па градах тут шукае?"
Збянтэжыўся, здумеўся Граф, адкрыўшы вочы,
Маўчаў. Пасля сказаў, зірнуўшы ў твар дзявочы,
Інакшым тонам: "Выбачайце, перашкодзіў,
Відаць, я ў гулях! Ах, я тутка вось праходзіў
На снеданне - пара ўжо, не хацеў спазніцца.
Дарогай, ведама, прыйшлося б мне кружыцца,
А праз гарод, здалося мне, прасцей намнога".
Яна сказала: "Вось, ягомасць, тут дарога,
Але не трэба град псаваць, там ёсць ля дрэва
Сцяжынка". Граф спытаў: "Направа ці налева?"
Гароднічка, падняўшы вочкі са спакоем,
Старалася уцяміць, што тут ёсць такое,
Бо дом - за крокаў тысячу, як на далоні,
А ён пытае пра дарогу? Ды Граф сёння
Ахвоту меў пагаварыць, шукаў нагоду
Да гутаркі. "Вы жывяце тут, ля гароду?
Ці ў вёсцы? У двары, чамусьці, я не бачыў
Паненкі. Тут даўно? Прыезджая, няйначай?"
Яна крутнула галавой. "Прабач, паненка,
Ці панна там жывеш, дзе тое вунь акенка?"
І думаў: "Што ж, няхай яна не гераіня
Рамансаў, але ёсць чароўнасць у дзяўчыне.
Бывае, мысляў скарб, захованы глыбока,
Як ружа між лясоў, цвіце дзесь адзінока,
А вынесі яго на свет, дзе сонца ззяе,
Адразу тысячамі фарбаў задзіўляе!"
Гароднічка тым часам моўчкі з месца ўстала,
Малое падняла, што больш за ўсіх крычала,
Другое ўзяўшы за руку, ўсім карагодам,
Нібы за гуртам гусак, рушыла гародам.
А азірнуўшыся, сказала: "Ці не можа
Пан птушак спуджаных сагнаць назад у збожжа?"
"Я - птушак заганяць?"- спытаў Граф са здзіўленнем.
Яна тым часам знікла па-за дрэваў ценем.
Хвіліну з-за кустоў, з-паміж зялёных звояў
Яшчэ свяціла штосьці, як бы вочак двое.
Граф доўга ў садзе думаў адзінока,
Душа яго зацягвалася шэрым змрокам
I, як зямля з заходам сонца, астывала.
Хацеў памарыць, але мараў не ставала.
Прачнуўся, сам не ведаў, на каго злаваўся,
На жаль, знайшоў не многа - лішне спадзяваўся!
Бо ў час, калі к пастушцы падпаўзаў загонам,
Гарэла ў галаве, а сэрца біла звонам -
Такую прыгажосць ён у русалцы бачыў
І ўсё вакол цудоўна так тлумачыў!
А ўсё знайшоў інакш: твар, праўда, быў прыгожы,
А стан зусім яшчэ не складзены. Быць можа,
Што тая шчок акругласць і румянца жывасць,
Малюючы яе прасцяцкую шчаслівасць,
Не сведчаць, што спіць думка, сэрца спачывае
Ды вёска ж праз яе адказы праглядае!
"Няма сумнення,- крыкнуў,- я ўжо ўпэўнен цалкам
Читать дальше