Не месца гэтакім слядам на зеляніне.
Людскіх ні воўчых Талімэна не збірае,
Рассеяная, нудна вокал пазірае,
Задраўшы галаву. Пан Рэент дык у гневе
Казаў, што мо прыйшла шукаць грыбоў на дрэве.
Асэсар з'едліва назваў яе ільвіцай,
Што месца выглядае, дзе б гняздом спыніцца.
Яна ж, відаць, шукала ціхай адзіноты
I, ў грамадзе хадзіць не маючы ахвоты,
Да ўзгорачка ляснога крокі скіравала,
Дзе ценю больш, дзе болып магутных дрэў стаяла.
Між дрэў прасвечваў камень; ручаёк пад глыбай
Журчаў і пырскаў, а пасля шкляною шыбай,
Як бы шукаючы цяньку, хаваўся ў зелле,
Якое над вадой буйное лісце сцеле.
Там шустры той дуронік, у траву спавіты,
Лістамі падасланы, ад вачэй закрыты,
Знячэўку пачынае ціханька шаптаці,
Падобным стаўшы да крыклівага дзіцяці,
Якому зыбку маці ахіне ў радзюжку
І макаўя, каб спала, ўложыць пад падушку.
Ахвотна Талімэна тут адпачывае
І гэты кут Святыняй думак называе.
На бераг ручая на зелень разаслала
Свой шаль кашаміровы колеру карала,
А потым, як плыўчыха, што к вадзе хінецца
Памалу, покуль першы раз не акунецца,
Укленчыла і стала нахіляцца бокам
I, схопленая тым каралавым патокам,
Апала на яго і цела распасцёрла,
Аблакацілася, рукамі твар падпёрла,
Схіліла галаву. І ў той жа міг у зеллі
Лісты французскай кнігі ярка заблішчэлі.
Над алебастрам распасцёртага рамана
Вілася косаў смоль істужкай пасплятана.
У травы смарагдзе, на крываўнікавым шалі,
У доўгай сукні - яснай пляме на карале,
З канца якой блішчэў прычоскі кок вялікі,
А на другім канцы чарнелі чаравікі
І ззяла бель між імі рук, панчошак, твару,
Яна была зусім, як вусень, што з гушчару
Павольна выпаўз на кляновы ліст. Ды толькі
Малюнка гэтага краса, прынадаў столькі
Дарма чакалі знатакоў - ніхто не гляне
Ў той бок, так захапіла ўсіх грыбоў збіранне.
Аднак Тадэвуш наглядаў, пастрэльваў вокам
І ледзь прыкметна пачынаў збліжацца бокам,
Як паляўнічы, што ў рухомай з голля будцы
Стараецца на колцах к дрофам падцягнуцца
Ці, севак ловячы, канём сябе прыкрые,
Ідзе каля сядла, або пад конскай шыяй
І быццам барануе ці мяжой праходзіць,
А сам што раз бліжэй да птушак падыходзіць.
Так краўся і Тадэвуш.
Мусіў запыніцца
Аднак, бо вось Суддзя збліжаўся да крыніцы.
Гулялі з ветрам полы апранахі белай
І хустка, што канцом на поясе вісела,
А саламяны брыль, падвязаны за вухам,
Хістаўся, як лапух, услед за кожным рухам,
То ападаючы на плечы, то на вочы.
Вось гэтак з посахам Суддзя палянай крочыў.
Перш чым прысесці, к Талімэне прыступіцца,
Нагнуўся, рукі вымыў з берага ў крыніцы,
Апёрся на слановай булдавешцы кія,
На камень сеў і словы стаў казаць такія:
"Бач, ваша, з часу, як да нас прыбыў у госці
Тадэвуш, неспакой мяне гняце чагосьці.
Я сам стары, бяздзетны, гэты ж вось хлапчына
Усяго маёй уцехі, і такім вось чынам
Майго багацця ён наследнік. З ласкі неба,
Пакіну неблагі яму кавалак хлеба.
Пара падумаць пра яго усталяванне,
Ды толькі вось на клопат мой хай ваша гляне:
Мой брат, пан Яцак, бацька Тадавушкаў, знаеш,
Які дзівак,-яго намераў не згадаеш.
Вандруе і не хоча да сваіх вяртацца,
Не хоча сыну нават, што жыве, прызнацца,
А ўсё кіруе ім. То ў легіён меў планы
Яго паслаць... Я гэтым быў засумаваны
І ледзь дабіўся згоды, каб застаўся ён тут дом
І ажаніўся. Ажаніўся б ён, вядома,
Я пару ўжо нагледзеў. У ва ўсёй акрузе
Для Падкаморага па знатнасці, заслузе
Няма раўні. Старэйшая іх дочка Ганна
На выхадзе - прыгожая, з пасагам панна,
Спытаць хацеў я". Талімэна пабялела,
Злажыла кнігу, паднялася раптам, села.
"Клянуся мамай,- мовіла,- мой пане браце,
Які ж тут сэнс? Дзе ж ваша аб жыцці паняцце?
Дык думаеш Тадэвушу стаць дабрадзеем,
Зрабіўшы юнака такога грэчкасеем?
Завяжаш свет яму, павер, клясці вас будзе!
Такія таленты ў сяле зглуміць, у брудзе!
Павер, ён здольнае дзіця, як я пазнала,
І варта, каб ён свет пабачыў многа-мала.
Брат, добра зробіш, як пашлеш яго ў сталіцу,
Напрыклад, у Варшаву. Ці мо лепш спыніцца
На Пецярбурзе? На зіму туды, быць можа,
Ізноў паеду я. Мо ў гэта падарожжа
Тадэвуша б паслаць? Я там знаёмствы маю,
Уплывы. Гэта ж на карысць было б, я знаю.
З маёй падмогай ён прыняты ўсюды будзе,
А калі важныя яго пазнаюць людзі,
Чын атрымае, ордэн. Ну тады б падацца
Мог і ў адстаўку і дамоў сабе вяртацца,
Читать дальше