Можа, найлепшай прамоваю пасьля Дамашэвічавай, была, на мой погляд, прамова Рыгора Барадуліна. Як і Дамашэвіч, Барадулін прысьвяціў сваё выступленьне самай пякучай праблеме – беларускай мове. Прыводзіў цікавыя і сьмелыя прыклады, рэзка крытыкаваў Міністэрства асьветы БССР за няўхільнае катастрафічнае зьмяншэньне беларускіх школаў. Дасталося і самому міністру мадам Сухнат. Яна, паведаміў зьезду Рыгор, некалі выкладала ў школе беларускую мову, а цяпер перад школьнікамі выступае толькі па-рюску. Ён, Рыгор, сам быў сьведкам такой рускамоўнай прамовы “беларускага” міністра ў “беларускай” школе.
Рыгор Барадулін таксама ўзьняў пытаньне Алеся Гаруна. Дарэчы, сказаў ён, цяпер Масква рыхтуецца выдаць выбранае Мікалая Гумілёва; зусім нядаўна у “Литературнай России” ўжо зьмясьцілі добрую нізку ягго вершаў з прамоваю і партрэтам – да стагоддзя з дня нараджэньня Гумілёва. А калі ж мы дачакаемся выданьня хоць “Матчынага дару” Алеся Гаруна? – спытаў Рыгор у глухога высокага стала прэзідыуму. “Праз дзесяць месяцаў і ягоны стагадовы юбілей таксама!” – выгукнуў я, думаючы дапамагчы Рыгору. Аднак той стол па-ранейшаму маўчаў.
Анатоль Клышка ў сваёй прамове дашчэнту зьнішчыў нейкага Валянціна Лукшу – і як пісьменьніка, і як выдаўца. А. Клышка, калі бярэцца за што, дык вельмі грунтоўна! І цяпер ён сабе ня здрадзіў. Пісьменьніцкі ранг Лукшы, – сказаў ён, – ніколі не падымаўся ў нас вышэй рангу “і іншыя”. Мы ведалі яго, калі хто і ведаў, толькі як аўтара некалькіх тоненькіх кніжачак. А цяпер яго “творы” друкуюцца ва ўсіх калектыўных зборніках паэзіі, прозы, драматургіі выдавецтва “Юнацтва”, асобныя лукшаваы зборнікі выходзяць ва ўсіх савецкіх рэспубліках, ня кажучы ўжо пра Беларусь, дзе Лукша мае ўласнае выдавецтва. Сваю недалужную, але таўшчэзную кнігу “Птушыны цэх” Лукша праз сваю цешчу, якая працуе ў гарадской дзіцячай бібліятэцы, не пасаромеўся вылучыць на дзяржаўную прэмію БССР.
Дэлегаты прыхільна сустрэлі прамову Анатоля Клышкі. Некаторыя нават іранічна, па-птушынаму, заквахталі, зацьвіркалі. Нехта ў гэтым жа стылі “зашаптаў”: “Вось дык птушка! Вось дык гусь!”.
Затое камсамольца Гурына абсьвісталі ў тым ліку і за пахвалу ў адрас гэтага самага Лукшы, як “комсомольского поэта, автора комсомольских песен”.
Усяго ў спрэчках на зьезьдзе выступіла разам з гасьцямі нібыта 35 чалавек. Шмат якія прамовы застануцца ў памяці незалежна ад іх накіраванасьці. Там я прыгадаў прамову М. Матукоўскага. Усьлед за Аляксеем Дударавым ён добра адлупцаваў Міністэрства культуры, якое часта адхіляе выдатныя беларускія п’есы, затым хапае іх пасьля таго, як яны пасьпяхова пайшлі ў Маскве. Даў ён гэтаму Міністэрству і за разбурэньне ў рэспубліцы каштоўных помнікаў архітэктуры. За гэта яму дзякуй! Аднак гэты беларускі драматург, уласны карэспандэнт маскоўскіх “Известий” на Беларусі, выступіў адначасова і як махровы русіфікатар-“тэарэтык”. Ёе панёс нейкую статыстычную лухту пра шматнацыянальнасьць Беларусі, а адгэтуль і патрэбу ў рускай мове. “Зьмешаныя шлюбы, якіх у нас найбольш у Саюзе, – сказаў Матукоўскі, – таксама апраўдваюць ужываньне ў такіх сем’ях рускай мовы” і г. д.
Добрае ўражаньне пакінула прамова Аляксея Карпюка. Я ўжо пра яе пісаў. Ніхто яшчэ ня памятае, каб цэнзура называлася “у нас” сваім імем. Аляксей пасьля свайго выступленьня расказваў мне, што яго нават угаворваў І. Антановіч, каб не чапаў Галоўліт (Антановіча папярэдзіў Гілевіч!).
Аляксею пашанцавала, што ён выступіў пасьля Дзяльца, а не наадварот. Дзялец намагаўся б парыраваць. Сам старшыня Дзяржкамвыду і цяпер паказаў сябе рэакцыянерам, які апраўдвае жорсткасьць і шматграннасьць цэнзуры. Ён абвінавачваў пісьменьнікаў, што “пішуць ня тое і ня так”, прачытаў і тут верш Адама Глобуса “Сьцяна”, які, на яго, Дзяльцову, думку, пацьвярджае мэтазгоднасьць “прынцыповага рэдагаваньня”.
У цэлым цікавае выступленьне было ў Генадзя Бураўкіна. Аднак яго жорсткія словы ў адрас дакладу, з якім выступіў Максім Танк, былі ўспрынятыя як выпад асабіста супраць усё-такі паважанага Максіма. Такой “вастрыні” Генадзю трэба было пазьбегнуць, ведаючы, што якраз у ім усе бачаць пераемніка састарэлага “кіраўніка” СП. У адной фразе Генадзь сабраў да купы ўвесь сакратарыят СП. Выказваючы незадаволенасьць дакладам, ён у адным месцы эмацыянальна сказаў: “А яго ж рыхтавалі: адзін акадэмік, два кандыдаты навук, два жывыя класікі!” Усе ў адпаведныя месцы падставілі мысьленна самога Танка – акадэміка, Ніла Гілевіча і Васіля Зуёнка – кандыдатаў навук, Івана Чыгрынава і Барыса Сачанку – жывых класікаў”. Калі з гэтага боку разглядаць даклад, дык, скажам мы, асноўных яго натхніцеляў, падрыхтоўшчыкаў і праўшчыкаў трэба шукаць ня тут, а ў ЦК КПБ. Даклад меў на мэце толькі адно – ухваліць курс партыі, пахваліць XXVII яе зьезд, заявіць аб вернасьці партыі, а мімаходзь там-сям сьпісамі прыводзіць імёны тых ці іншых пісьменьнікаў і іх творы, не аналізуючы апошнія.
Читать дальше