1. Перад выбарамі партыйныя правадыры А. Кузьмін і І. Антановіч правялі “нараду” партыйнай групы зьезду. Удзельнікам яе прачыталі сьпісы кандыдатаў. Пасьля прызначылі “надзейных” таварышаў, каб унесьлі гэтыя сьпісы на зьезьдзе з яго трыбуны. Тры сьпісы – на Праўленьне, на Рэвізійную камісію, на дэлегатаў у Маскву – тры давераных асобы. А каб удзельнікі зьезду не пасьпелі і роту разявіць, каб унесьці і свае кандыдатуры, дык прызначылі таксама і сьпецкрыкуноў. Іх абавязак заткнуць усяму зьезду рот раней, чым ён захоча яго разявіць. Канкрэтна: як толькі будзе зачытаны сьпіс прапануемых кандыдатаў, і старшыня пасяджэньня (прызначылі загадзя Івана Навуменку) “папытае”: “якія будуць меркаваньні зьезду?”, адразу ж выгукнуць: “Падвесьці рысу!”. Дакладна так і адбылося. Нехта спрабаваў называць з залы нейкія імёны. Нехта абураўся, што сярод дэлегатаў на ўсесаюзны зьезд ня будзе ніводнай жанчыны. А ў такт ім І. Навуменка, разводзячы рукамі, казаў: “Позна. Ужо ж спынілі вылучэньне!”
2. Ёсьць у пісьменьніцкай арганізацыі людзі, супраць якіх заўсёды падае надта багата галасоў. Тым ня менш іх кожны раз падсоўваюць у лідэры. Чэмпіёнамі паспалітай непапулярнасьці цяпер былі тыя самыя дзеячы, шо і на мінулым зьезьдзе. Найбольшую колькасьць галасоў супраць сябе атрымалі: Б. Сачанка – 115; Н. Гілевіч – 108; І. Чыгрынаў – 104; Л. Гаўрылкін – 96; К. Кірыенка – 86.
Калі ўлічыць, што ўсяго галасавала 335 чалавек, дык такая колькасьць “чорных шароў” – незайздросны сімптом. Мінулы раз, праўда, ЦК КПБ цалкам праігнараваў волю зьезду, пакінуўшы на сваіх пасадах усіх пералічаных тут чатырох сакратароў. Сёлета пакінулі толькі аднаго Ніла Гілевіча з іх (Рыгор сказаў, выбягаючы з гэтага першага пленума, што Ніла трымае Быкаў), а астатніх замянілі. Замест Б.Сачанкі і І. Чыгрынава першы пасьлязьездаўскі пленум па прапанове таго самага ЦК выбраў Алеся Жука і Віктара Казько. Аргсакратара вырашылі не выбіраць, а прызначыць. Так што хто зьменіць Леаніда Гаўрылкіна яшчэ невядома. А, можа, і ня будуць мяняць. А зрэшты, што дадуць гэтыя замены?
27 красавіка 1986 году. Вольга Юльянаўна паведаміла, што у апошнім маскоўскім часопісе “Огонёк”, “што з Леніным”, як яна сказала, зьмешчаны вершы М. Гумілёва. Я падзякаваў за інфармацыю і пабег шукаць гэты “адыёз”. Знайшоў далёка ня ў першым-лепшым кіёску. Купіў тры экземпляры – адзін у “недатыкальны залаты фонд”, з двух астатніх, можа, зварганю самаробную кніжачку. А можа, давядзецца з некім падзяліцца? Рады буду паслужыць прапагандзе пакаранай рускай культуры. Мы не трымаем злосьці на ўсіх рускіх. Сапраўдныя рускія церпяць прыгнёт як і мы. Іх храмы разбураюць як і нашы. Іх найвялікшых пісьменьнікаў забараняюць, нават забіваюць, як і нашых. Нашыя нязьменныя і шчырыя сімпатыі на баку гэтай вялікай рэпрэсіраванай культуры.
Стаў хуценька, на хаду, гартаць часопіс. Вось той самы ленін на ўсю вокладку. Вось мільгаюць Гарбачовы – адзін, другі, трэці. Вось і пара Фідэляў Кастра. Пара? Чаму б гэта? Гляджу ўважліва. Цэлую старонку заняў, відаць, савецкі танк з узьнятай уверх руляю гарматы. З танка злазіць Кастра. Зьверху паведамляецца, што “19 красавіка 1961 году, на Плая-Хірон, кубінскі народ атрымаў перамогу над імпералістычнымі інтэрвентамі”. Ага, думаю, так цяпер назвалі ўжо выдатную дыпламатычную перамогу Джона Кенедзі, што 25 год таму назад выратаваў сьвет ад кастра-хрушчоўскага шаленства, ад ядзернай вайны… Кастра сярод сваіх міліцыянераў, а вось друз ад самалёту ЗША, зьбітага кубінскімі, трэба думаць савецкімі, зенітчыкамі… Вось старонка з ваеннымі лётчыкамі выпрабавальнікамі парашутаў (ва ўсіх Афганістанах патрэбны дэсант!)… Зноў Ленін – адзін, другі, трэці… Ленін зьмяняецца цыркам (некалі рэдактара расстралялі б за гэта), цырк – Георгіем Маркавым (!), Маркаў – футбалістамі, гэтыя – Эрнстам Тэльманам(!). І нарэшце, аж на 26-ай старонцы (усяго ў часопісе іх 32) – “К 100-летию со дня рождения Н. С. Гумилёва: Стихи разных лет”. Прадмова Уладзіміра Енішэрлова. Вялікі, сантыметраў 250 квадратных, фотапартрэт аўтара. Дома разгледзеў больш уважліва: фатаграфія М. Напельбаума. Гэта колішні прыдворны фатограф Леніна. Фатаграфія моцна павялічаная, што адбілася на яе выразнасьці. Але ж нічога! Выдатна! Даруем гэта “аганькоўцам” – яны ж рабілі, як найлепш! Публікацыя заняла дзьве вялікія аганькоўскія старонкі з пераходам на трэцюю – усяго 2 1/4 старонкі. Паэтычная нізка складаецца з васьмі твораў: “Волшебная скрипка”, “Андрей Рублёв”, “Капитаны”, “Орёл”, “Лес”, “Портрет мужчины” (“Картина в Лувре работы неизвестного”), “Жираф”, “…Когда из темной бездны жизни”.
Читать дальше