Ні ў “Литературной России”, ні тут пра ўзаемаадносіны Гумілёва і савецкай улады ні слова не сказана. Прадмова в. Енішэрлава, напрыклад, канчаецца так: “Жизнь Н. С. Гумилёва трагически оборвалась в августе 1921 года. Прекрасный художник, он оставил интересное и значительное литературное наследие, оказал несомненное влияние на развитие советской поэзии. Его ученикам и последователям наряду с высоким романтизмом свойственно стремление к точности поэтической формы, так ценимой самим Гумилёвым, одним из лучших русских поэтов начала ХХ века”.
Вось так! Ні менш, ні больш!.. Адзін з лепшых! Які аказаў бясспрэчны ўплыў на разьвіцьцё савецкай паэзіі! У каго і дагэтуль ёсьць вучні і пасьлядоўнікі! Ці ж гэта не прысуд бальшавіцка-ленінскай рэвалюцыі – рэвалюцыі супраць культуры, супраць найлепшых яе прадстаўнікоў!!!
Справа, як бачым, ідзе шпарка да рэабілітацыі Гумілёва. Калі зыходзіць з узаемаадносінаў “Аўтар – Саветы”, тады трэба дамагацца рэабілітацыі і Натальлі Арсеньневай. Алесь Гарун усё-такі рэвалюцыянер, сацыяліст. Ён ня сёньня-заўтра мусіць быць рэабілітаваны і так…
6 чэрвеня 1986 году. Зноў бальніца! Паступіў сюды ўчора каля 21 гадзіны вечару. Паклалі ў т. зв. новы корпус Рэспубліканскй бальніцы ў кардыялагічнае аддзяленьне – чацьвёрты паверх, палата 404.
Тут застаў двух старых. Адзін пануры, маўклівы, другі, здаецца, наадварот. Першага зваць Васіль Максімавіч Максімаў. Ён – экс-дырэктар заводу імя Вавілава, персанальны пенсіянер саюзнага значэньня. Другі – Андрэй Мікалаевіч Касьцяневіч. Пра гэтага знаю ўжо значна больш: з 1912 году нараджэньня. Нарадзіўся ў Смалявіцкім раёне. Да вайны быў рэдактарам Бягомльскай раённай газеты. У вайну стварыў тры падпольныя друкарні ў партызанскіх злучэньнях. Гэта яму ўдалося ажыцьцявіць, бо прадбачліва і надзейна, па-гаспадарску закапаў усю друкарню былой сваёй раённай газеты. Пасьля там жа, у брыгадзе “Жалязьняк”, быў камісарам. Пасьля вайны працаваў першым сакратаром Докшыцкага райкаму партыі, таксама недзе старшынёю райвыканкаму, а пасьля атрыманьня ў 1972 годзе рэспубліканскай пенсіі пераехаў у Заслаўль, дзе ён як быццам бы некаторы час некім працаваў і нават пахаваў жонку. У Заслаўі Андрэй Мікалаевіч атрымаў 6 сотак зямлі і пабудаваў уласны дом. Апроч гэтага, тут ён атрымаў яшчэ добрую “няцяжкую” пасаду дырэктара музею. Праўда, музей гэты, што разьмяшчаецца ў славутым старажытным храме, з якога паводле даносу Пепеяляева аўтагенам спілавалі крыжы, не зьяўляецца самастойнай штатнаю адзінкай. Гэта філіял Беларускага рэспубліканскага краязнаўчага музею, што ў Менску на вуліцы Карла Маркса, 12. Значыць, мой знаёмы дырэктар мае над сабою яшчэ дырэктара. А яму што? Нават лепш! Менш адказнасьці ў яго ўзросьце. Сёньня ён мне крыху расказаў пра сваю “партызаншчыну”, пра злучэньне Гіля Радзівонава.
Ёсьць і будуць “медыцынскія” асаблівасьці майго гэтага побыту тут. Па-першае, да 26 чэрвеня ў бальніцы ня будзе гарачае вады, як, зрэшты і ў мяне дома! Не вядома, як можна знаходзіцца ў лячэбнай установе без гарачага водазабясьпячэньня! Па-другое, цяпер яны тут вельмі бедныя на лекі. Адразу ж урач, “аформіўшы” маю “справу”, так і сказала:
– Ня ведаю, чым вас лячыць! У нас жа амаль усё пазабіралі і забіраюць на Чарнобыль.
І сапраўды, ня лечаць – даюць тое самае, што я прымаў дома. У тых самых дозах! З той самай перыядычнасьцю! Ну, акурат, як я расказаў урачу!
Сёньня з пяці да васьмі гадзінаў раніцы вымушаны быў аж шэсьць разоў зьвярнуцца да нітрагліцэрыну!
Пры абыходзе паскардзіўся ўрачу (Нэла Мікалаеўна Б.). Прыпісала яшчэ папаверын – два разы на дзень па два кубікі.
7 чэрвеня 1986 году. Сёньня сястра “абрадавала”.
– Калі хто ня знойдзе якой-небудзь таблеткі ў сваім “рацыёне”, прашу прэтэнзій не заяўляць – багата якіх лекаў не далі зусім.
Я хуценька паглядзеў у сваю крышачку-накрыўку, у якой прынесены мне “паёк”:
– Няма “жоўценькай” таблеткі, – кажу.
– Гэта карынфар, – кажа сястра, – яго якраз і не далі.
8 чэрвеня 1986 году. Андрэй Касьцяневіч сказаў, што самым яскравым уражаньнем дзяцінства была ў яго рэлігійная працэсія, здаецца, 1926 году. Ён, падлетак, з натхненьнем удзельнічаў у ёй. Паважна, набажна, рухаліся з поўным рыштункам ад царквы ў яго роднай вёсцы Прылепы да вёскі Раўбічы (Хвасты? – М. Д.). Да яе суправаджаліся звонам прылепскіх званоў, а на палове дарогі зазванілі раўбіцкія. Тут да нашай працэсіі далучылася іхняя, такая самая багатая. Адсюль рушылі на Менск. Ад Прылепаў да яго 30 кіламетраў. Усюды нас сустракалі і праводзілі радасным звонам. У Менску спыніліся на ноч. Прылепцы начавалі каля Камароўкі ў мужчынскім манастыры, а раўбічцы – непадалёк у жаночым манастыры.
Читать дальше