Мабыць, з гэтай прычыны Істрабіцель дзеіў вельмі асьцярожна і рафінавана. Стараўся па мажлівасьці мець не абы-якое алібі, быць непрыкметным (перапранаўся), забіваць ціха, бяззбройна. «Штаб» сам вызначаў квоту сьмяротнікаў. Ніякіх сувязных не прадугледжвалася. Аляксючыц мусіў уважліва сачыць за тутэйшай газэтай «Нюськавіцкі ходаньнік» і шукаць матар’ялы за подпісам Зося Шчодрая. Зазвычай то былі вершы. Менавіта ў іх і зашыфроўваліся чарговыя імёны й прозьвішчы, асуджаных на сьмерць фашыстоўскіх халуёў. Ключом жа для дэшыфраваньня заўсёды быў адзін і той жа верш Максіма Багдановіча на старонцы 62 ў першым выданьні зборніка «Вянок». За паўгадзінкі Істрабіцель дабіраўся да праўды. А цягам бліжэйшага тыдня хоцькі-няхоцькі выконваў пастаўленую задачу. Прамаруда ўважалася «Штабам» за здраду і падлягала найсуворшаму пакараньню.
У чародным нумары «Нюськавіцкага ходаньніка», акром ілжывых паведамленьняў аб «станаўкіх пасьпехах» нямецкіх войскаў на Волзе, артыкулаў пра беларускае школьніцтва, неабходнасьць адпраўкі моладзі «на стажыраваньне ў самое сэрца Нямеччыны» ды іншага ідэалягічнага хлуду, Барыс Макаравіч так і ня здолеў агледзець умоўленага подпісу. Новая апэрацыя адтэрміноўвалася. Істрабіцель адклаў газэту й задуменна асеў на канапу. Сэрца няўцямна шчымела. Узьніклае пры тым пачуцьцё вельмі нагадвала зьлючную няпэўнасьць, з каторай у сярэдзіне 30-х даводзілася штовечар паспрабаваць заснуць.
У акно ціхутка пастукалі. Аляксючыц наструніўся — пісталет быў прыхаваны ў трысьцене пад масьнічынай. Але на палёгку за акном мільгатнула постаць Надзейкі Шуло. Настаўнік упусьціў яе ў хату і ветліва папытаўся на прычыну раптоўных адгостак. Тая загадкава маўчала, з-пад лоба пазіраючы на Барыса Макаравіча. Плечы яе дрыжэлі, рукі ўлегцы калаціліся.
— Дык што такое? — паспрабаваў яшчэ разок высьветліць ён.
— Мяне ніхто ня бачыў, — неўпрыцям прамовіла вучаніца й надзіва хуткім, бліскавічным рухам скінула зь сябе спадніцу. — Я ваша. Цалуйце. Усю без астачы...
На раніцу спадара настаўніка адолелі згрызоты. Ноч увачавідкі выдалася незвычайнай. Але ці варта было патураць хоцькам сьпеленькай юначкі? Ці ня лепш было й самому паўстрымацца ад быдлячых поцягаў? Барыс Макаравіч задуменна трымаў у руцэ конаўку з гарачым мятавым узварам. Надзейка пахла мятай. I рамонкамі. I зьверабоем. З кожным глытком у нутрыне ўзрастала трывога. Трывога незьясьніма колкая і пранізьлівая. А раптам дзяўчыну заўважылі па дарозе да ці ад яго? Любое гучнае разьбіральніцтва, кожны няціхі скандал для Аляксючыца рабіліся роўнымі правалу. Нясьведама ён пацёр правую скронь. У галаве жудасна зазьвінела. Успомнілася першая гадавіна сталінскае канстытуцыі.
У засьнежаным Менску аб тую пару было холадна. Людзі маўчалі, міжволі мераючы тэмпэратуру не па Цэльсію, а паводле НКВД. Барыса Макаравіча арыштавалі тады а дзясятай вечара. Надзвычайная тройка адразу ж навешала гурму абвінавачаньняў, пачынаючы нацдэмаўшчынай і сканчаючы шпіянажам на карысьць Антарктыды. Хлапца нават і слухаць ня сталі. «Прыгавор прывясьці в іспалненіе безатлагацельна,» — мовіў хтосьці бяз твару. Засуджаны спрабаваў апраўдвацца: крычаў, спасылаўся на саюзную і беларускую канстытуцыі. У адказ даставаў мацюкоў і высьпяткаў, ад якіх сінела ўваччу. Ён амаль разьвітаўся із спадзевамі выжыць. Але нечакана на выхадзе з турмы ягоных канваіраў зарыштавалі таямнічыя людзі ў цывільным. Канкурэнтны аддзел НКВД вырашыў падняць паказьнікі за кошт арышту сваіх калег. Барыс адно лыпаў вачыма, назіраючы адбываны перад ім спэктакль і нічога ў ім не разумеў. «Давай валі на ху. адсюда,» — ласкава параіў яму адзін з прыбышоў. Г этая гісторыя з Антарктыдай неаднакроць сьнілася Аляксючыцу пасьля за чаканьнем працягу.
Працяг няцейкам праявіўся на дзявятым месяцы нямецка-савецкай вайны: той самы ласкавы вызвольнік аб’явіўся перад Барысам Макаравічам із словамі: «Ты мусіш нам памагаць. Як камуніст, як верны сталінец, ты вінен бароцца супраць той сволачы, што шалудзіла нашай дзяржаве да вайны і што зараз прадаўжае свой паскудны чын. Г эта яны прычынныя ў сьмерцях бязьвінных—сваімі подлымі паклёпамі яны накінулі кляйно ворагаў народу на чэсных савецкіх грамадзян, такіх вось, як ты. Цяпер у іх сатрудніцтва з фашыстамі. Не дамо ім пачувацца вальготна». Гаварыў прысланец складна і амаль па-беларуску, а як толькі Аляксючыц заікнуўся пра «трэба падумаць», адцяў: «Можаш не пасьпець». Намінку было дужа проста зразумець. Пагатоў па Менску распаўзлося тады цімала чутак пра загадкавыя забойствы гараджан. Ад тых забойстваў нават немцы іншым разам жахаліся. Давялося пагадзіцца і пасьля трохгадзіннага інструктажу выправіцца ў Нюськавічы, дзе пільна патрабаваўся настаўнік...
Читать дальше