16. X.
Былі Толя Псікаў і Света Марозава. Дзень спатканняў. Аслабла вераснёўскае сонца — частку яго паглынулі плады і загарэлыя людзі.
3 кніжкі В-га я ўзяў вельмі многа радкоў і вершаў для сябе. Для складанай работы думкі і душы так мала даюць прапагандысцкія стандарты.
«Ночь-то темна, лошадь-то черна: еду, еду да пощупаю, тут ли она».
1967
7. II.
Я — у Маскве. Маскоўскае неба шэрае, —8°. Хачу пад ім прабыць як паболей. Урэшце з мяне хопіць адной толькі высокай столі Ленінскай бібліятэкі. Я ў бібліятэцы без места. Чытай, дзе хочаш. Капаюся ў бібліяграфіі...
Пісаць і друкаваць трэба болей, а страчаны каштоўны-каштоўны час...
20. II.
Сонца ўсё больш асляпляюча вісіць над зямлёй.
Кнігі і часопісы ўзмацняюць прагу работы. Але толькі тады, калі пачынаеш.. пісаць, — пачынаеш па- сапраўднаму думаць.
Мне здаецца, я начынены стылем, а трэба насыціцца глыбінёй.
Усё чытанне, усе роздумы — гэта трэніроўка; сапраўдны спорт вянчаецца спаборніцтвам.
Учора я быў у Васілёнка Сяргея Іванавіча — ёсдь такі цікавы чалавек на зямлі. ён вазіўся са мною многа, ахвотна, настойліва. Можа быць, мая пачцівасць выклікала ў яго жаданне нацэліць мяне на сваю трактоўку тэмы. Толькі тут нічога не выйдзе: наша нязгода ў кожнай думцы, у кожнай фразе...
Але ж — дзякуй чалавеку. Ен надпісаў мне свой «Словарь атеиста», чытаў мне Аношку (цікава, але непераканаўча) і Маркса (усё вядомае, але напамін дарэчы).
У яго — большая культура працы над кніжкай, даволі шырокія інтарэсы, але спрашчэнне. I — як гэта ў людзей заўсёды выразней праступае ў размове з малодшымі — думка, што ісціна належыць толькі яму, ім адкрыта, яму адкрыта.
Калі многа формы і мала зместу, слабее і форма; на яе мускулы мала нагрузкі.
21. II.
Прыгажосць, «черт побери!», не абагуліш.
Жаночае хараство («миловидность», наш густ непатрабавальны) мы ўспрымаем лягчэй, чым хараство ў мастацтве (уласна, і тут павярхоўна), але прагнем яго неймаверна.
Лічыцца непрыстойным заглядвацца на жанчыну, прыгожую дзяўчыну. Дарэмна. Гэта ўзвышана, калі не сумяшчаецца з распуснай похаццю.
Жанчыны, дзяўчаты ўпрыгожваюць наша жыццё. Усе нашы эстэтычныя ўяўленні — ад формы і зместу жыцця, прыроды. Дзяўчына (прыгожая) — вянец мастацкай формы. Гэта — выключны мастацкі твор, бо незвычайны каталізатар нашай энергіі, нашага ўнутранага жыцця, бясспрэчны ўзбагаціцель нашага зместу.
У адносінах да дзяўчыны — найяскравейшы прыклад сілы імкнення да прыгожай формы.
Прыгажуня заўсёды ў цэнтры ўвагі.
Без дзяўчыны, жанчыны, яе ласкі, увагі мы жывём у шчымлівай адзіноце.
(Дарэчы, калі галоўнай — няма, увага ўсіх астатніх яшчэ больш трывожыць, нервуе адзіноту, мучыць нас, непакоіць.)
Тады, можа быць, для нас справа, літаратура — наша ўсеабдымная любоў і дарагая каханка. Мне ў ёй (неабавязкова) і па-за ёй (відаць, заўсёды) адзінота астаецца... Калі доўга баліць душа, пачнеш адчуваць боль сэрца. Нават і правяраць не трэба.
Мяне прарвала, я набухаю думкамі. Ахоплены прагай работы. Дзе знайсці сілы, каб адолець недамаганне...
В. Вярба не паўтараецца. Яе аглядка на мінулае азначана роздумам іншага ўзросту і вопыту, іншай настроенасцю на паэзію. Радкі пражытых дзесяцігоддзяў адгукаюцца ў нас, даюць жывую душу свайму часу.
Шмат разоў, калі хаджу, самі сабою складаліся вершы, нібыта незалежна ад мяне. Сёння ўпершыню ўдалося падчапіць пяром пару радкоў, мо таму, што я ў Маскве, на рускай мове. Не дужа змястоўныя, але няхай будуць.
Мне ни к чему поспешная работа
И суета корыстного расчета,
Но, кажется, и я от них устал.
Ігарок, пра цябе.
Увесь у пошуках, неспакойны, настойлівы і мэтаімкнёны, ён хацеў жыць па вялікаму рахунку і надоўга ўперад загадваў сваё жыццё.
Але здарылася так, што яго сучаснае і стала яго будучыняй...
23.ІІ.
Што лепей — нечым займацца ці нічога не рабіць?
Сёння ў сталовай вайсковыя п’юць віно, стынуць машыны на вуліцах, я — нічога не раблю, бо галава барахліць.
План: пастрыгчыся, памыцца, з’ездзіць на Нова-Дзявочыя могілкі і Барадзінскую панараму, адпрасавацца, адпачыць. Пісьмы...
«Вялікая» праграма сведчыць выразна аб узроўні майго сённяшняга інтэлекту..
Учора я — у складанай сітуацыі ў К-на. Той — у сварцы з жонкай. Я — між імі.
3 неадпраўленага пісьма:
«Гэтае пісямцо — яшчэ адзін усмешлівы і непатрэбны момант у мітуслівым нашым жыцці.
Я аддаў табе ініцыятыву развітання і пачаў яго, так сказаць, забываць.
«Раз уж я капрала палюбила, не размениваться же на вас»... Дай Бог, каб ты была шчаслівай і знайшла свайго капрала.
Читать дальше