Падобна на тое, што Дудар разглядаў сваю паездку ў Віцебск як адмысловую камандзіроўку ад “Маладняка”. Уласна нацыянальных пісьменьніцкіх кадраў Дудар у Віцебску не знайшоў. Сянкевіч быў грамадска-палітычным дзеячам, Мазуркевіч – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, Касьпяровіч – супрацоўнікам Віцебскага акруговага аддзелу народнай асьветы. Гэта былі тыя людзі, якія непасрэдна займаліся ў Віцебску праблемай беларусізацыі. Ніхто з іх стала літаратурнай дзейнасьцю не займаўся. Пазьней, калі ў Беларусі пачаўся жахлівы генацыд у дачыненьні да беларускай інтэлігенцыі, усе гэтыя першыя віцебскія маладнякоўцы былі рэпрэсаваныя.
Дудар працаваў у Віцебску непрацяглы час. Праз месяц ён пераехаў у Полацк. Ці тое адбылося з яго ўласнай ініцыятывы, ці яго накіравалі на дапамогу ў справе беларусізацыі старажытнага гораду – нам гэта невядома. У сваіх успамінах-пакаяньні Дудар піша: “Пасьля месячнай працы ў Віцебску я пераехаў у Полацак, дзе быў прыняты ў камсамол. ЦБ “Маладняку” наказала мне заснаваць і там філію, але тут я спаткаўся з фактам поўнай адсутнасьці літэратурных сілаў на Полаччыне. Дзеля гэтага я, нягледзячы на напамінаньні ЦБ, доўгі час нічога не рабіў, аж пакуль не прыехалі Вольны і Пушча і не патлумачылі мне, што пры адсутнасьці літаратурных сілаў можна абмежавацца падборам людзей, якія разьбіраліся б добра ў літаратуры, былі б добрымі яе папулярызатарамі і магчыма ў будучыні вылучылі б з сябе літаратурных крытыкаў і наогул літаратуразнаўцаў. Выходзячы з гэтага прынцыпу, я заснаваў Полацкую філію “Маладняку”, у якую ўваходзіла чалавек 7, з якіх я адзін меў дачыненьне да літаратуры; рэшта былі маладыя настаўнікі, скончыўшыя Менскі педтэхнікум, пара вучняў і ўсё”.
У газеце “Полоцкий пахарь” Дудар працаваў да жніўня 1925 году, пасьля чаго вярнуўся ў Менск. На той час літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк” ужо самае галоўнае, – маладнякоўцы дамагліся дзяржаўнага фінансаваньня. З траўня 1925 году літаратурная арганізацыя “Маладняк” пачала выдаваць кнігі. У гэтым спрыяльным для “Маладняка” годзе ў Дудара выходзіць адразу два зборнікі вершаў “Беларусь бунтарская” і “Сонечнымі сьцежкамі”. Значную частку гэтых кніг склалі вершы, якія паэт напісаў або ў самім Полацку, або паводле ўспамінаў жыцьця ў старажытным горадзе. Сярод іх верш “Скарына”, у якім камсамольскі паэт Дудар услаўляў славутага палачаніна за тое, што ён “аправіў мужычую мову ў неўміручы гнуткі пергамент”.
Зерне, кінутае Дударом у полацкую глебу, шчодра ўскаласілася. Полацкая філія “Маладняку” пачала хутка расьці. Шмат якія маладыя паэты з усёй Беларусі імкнуліся прыехаць і пажыць у старажытнай сталіцы крывічоў. Дудар у сваіх прымусовых мемуарах піша: “У лютым 1926 году, калі Адамовіч (маецца на ўвазе Алесь Адамовіч – партыйны дзеяч 20-х гадоў і актыўны прыхільнік працэсу беларусізацыі. – А.А.) быў назначаны сэкратаром Полацкага акругкаму КП(б)Б, ён пачаў падбіраць туды “сваіх людзей”, г.зн. работнікаў даволі надзейных з пункту погляду “беларускасьці”. Выехаў туды Александровіч, зьбіраўся ехаць і я, але не паехаў, бо ЦБ “Маладняку” пастанавіла пакінуць мяне на працы ў апараце ЦБ літаратурным сакратаром (адказным сакратаром ЦБ застаўся тады Вольны). Замест мяне паехалі Звонак і Дубовік, якія прайшлі там моцную нацыяналістычную школу пад уплывам Александровіча. (…) Там жа ў Полаччыне працаваў Хурсік, які яшчэ ў Менскім тэхнікуме праяўляў нацыяналістычныя настроі. Тую ж школу прайшлі Броўка, Шалаяў, Відук, Шукайла – усе яны працавалі ў Полаччыне (…)”.
Што ж гэта за нацыяналістычныя настроі, якімі набрыньвалі на Полаччыне маладыя літаратары? Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ва ўспамінах Алеся Звонака пра Валерыя Маракова. Абодва гэтыя паэты мелі гонар пажыць і папрацаваць у Полацку. Вось як апісвае гэты час Звонак: “Была яшчэ адна характэрная асаблівасьць “Маладняку” – гэта яго масавасьць, адсутнасьць замкнутасьці, чым пазьней характарызаваліся такія літаратурныя аб’яднаньні, як “Полымя” і “Узвышша”, яго ня толькі літаратурная, але і шырокая асьветніцкая, папулярызатарская дзейнасьць. Маладнякоўцы ўсталёўваліся ў тагачасных акруговых цэнтрах на сталую працу, узначальвалі так званыя акруговыя філіі “Маладняку”, арганізоўвалі друкаваныя выданьні (часопісы, альманахі, зборнікі). Так апынуўся ў 1925 годзе і я ў старажытным Полацку, дзе зьмяніў Александровіча, які быў прызначаны рэдактарам Клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік”. Прыехаўшы па нейкіх рэдакцыйных справах у Менск, я сустрэў Валерыя Маракова. Быў ён бяз пэўных заняткаў, пакрысе друкаваўся, рыхтаваў да друку другую сваю кніжку паэзіі “На залатым пакосе”, матэрыяльна быў не забясьпечаны, вяртацца на бацькаўскую мулярку не хацелася, прывязваў тэхнікум… Ня трэба забывацца на тое, што ў тыя гады існавала беспрацоўе. Я запрасіў Маракова прыехаць часова ў Полацк, папрацаваць, падправіць сваё матэрыяльнае становішча.
Читать дальше