На жаль, ня ўсе маладыя творцы, якія пачыналі літаратурную дзейнасьць у полацкіх літаратурных суполках, адбыліся як літаратары. Частка з іх спыніла сваю літаратурную дзейнасьць па волі жыцьцёвых абставінаў, частка полацкіх маладых літаратараў загінула ў віхуры другой сусьветнай вайны, частка патрапіла пад рэпрэсіі, або спыніла літаратурную дзейнасьць з-за страху перад рэпрэсіямі. Шмат хто з гэтых юнакоў і дзяўчат, актывістаў полацкіх літаратурных суполак, былі насамрэч здольнымі творцамі. Вось як Марыя Барсток у 1972 годзе пісала пра Тэрэнта Лясовіча ў прыватным лісьце да дырэктара Полацкага педвучылішча Пятра Пацэя: “У нас быў літгурток. Ім кіраваў І.С. Шчасны. Старастам гуртка быў Тэрэнт Лясовіч. Т. Лясовіч загінуў у час вайны. Паколькі ён ня быў членам Саюза пісьменьнікаў, то ў даведніках няма нічога аб ім. А між тым, гэта быў добры паэт. Можа Вы знойдзеце яго родных, членаў сям’і, фота і зьвесткі аб ім, тады можна будзе ставіць пытаньне аб занясеньні яго імя на Дошку (маецца на ўвазе мемарыяльная дошка з імёнамі беларускіх пісьменьнікаў, якія загінулі падчас другой сусьветнай вайны, гэтая дошка знаходзіцца ў Доме літаратараў. – А.А.) і ўключэньні ў даведнік”. На жаль, гэтая задума не была рэалізаваная.
Сёньня прысьпеў час вярнуць асобныя імёны полацкіх літаратараў 1920-30 гадоў у беларускую літаратуру. Першай ластаўкай у гэтым кірунку стаў выхад паэтычнага зборніка Ганны Брэскай “Настурцыі”, які пабачыў сьвет у серыі “Бібліятэка часопіса “Калосьсе” у 2000 годзе.
Сакавік, 2003 г.
Рызыкоўная барацьба намэнклятуры
Ці можна было ўратаваць Беларусь ад сталінскага генацыду? Так, калі б яе да 1930 году ўдалося адарваць ад СССР. Беларускім нацыянал-камуністам проста не хапіла на гэта часу.
Разгром нацыянальна эліты пачаўся 17 лютага 1930 году з арышту Пятра Ільлючонка. Па справе «Саюзу вызваленьне Беларусі»* воля да супраціву была зломленая. Пасьля 17 лютага будуць толькі арыштоўваць і арыштоўваць. Межы закрыліся, абцугі сьціснуліся, машына дэзінфармацыі будзе працаваць гэтаксама эфэктыўна, як машына масавага забойства. У Курапаты паедуць камуністычныя душагубкі, у Варкуту — цягнікі. А ахвяры, нібы калярадзкія жукі ў вядры, падзеляцца на тых, хто пакорліва чакае выраку на дне, і тых, хто вылазіць па галовах братоў, як многія будучыя народныя паэты і акадэмікі. Сталіністы сьвядома і мэтанакіравана выбівалі самых энэргічных, самых адукаваных, самых-самых... Беларусь страціла 200 тысячаў жыцьцяў.
У позьнесавецкі пэрыяд дасьледчыкі выстаўлялі «СВБ» зь яго 108-мю сябрамі прыдумкай чэкістаў.
Першай ахвярай ГПУ стаў лідэр беларускіх нацыяналістаў, акадэмік Усевалад Ігнатоўскі. Яго выклікалі ў ГПУ на допыт, пасьля якога ён застрэліўся на сваёй кватэры. ГПУ разьлічвала, што праф. Ігнатоўскі назаве асобаў нацыянальнага руху, якія ставілі задачу скіданьня ў Беларусі савецкага рэжыму, абвяшчэньня незалежнасьці і ўсталяваньня дэмакратычнага ладу. Прафэсар выбраў сьмерць. Сьмяротным ударам былі арышты наркама земляробства Зьмітра Прышчэпава, ягонага намесьніка Алеся Адамовіча і наркама асьветы Антона Баліцкага.
Асоба Алеся Адамовіча вартая асобнай кнігі. Ён пасьпеў пабыць сакратаром Калінінскага і Полацкага акруговых камітэтаў КП(б)Б, загадчыкам аддзелу друку ЦК КП(б)Б, намесьнікам наркама (намесьнікам міністра, калі браць па цяперашняй шкале) земляробства. Менавіта яму, нефармальнаму куратару «Маладняку», прысьвяціў сваю паэму «Калініншчына» Дубоўка. Адамовіч стаў прататыпам Дубоўкавага «кандуктара» з паэмы «Штурмуйце будучыні аванпосты!», Сьляпня ў рамане М.Зарэцкага «Крывічы», Абрама Ватасона ў рамане Кузьмы Чорнага «Сястра».
Гэта быў умелы арганізатар і пасьлядоўны праваднік нацыянальных інтарэсаў. Ён беларусізаваў усходнія ўскрайкі БССР (цэнтар Калінінскай акругі — Клімавічы) непрацяглы час, але вынік працы быў надзвычайна плённым — з краю над Бесядзьдзю і Сожам выйшла плойма маладых талентаў. Куляшоў, Астапенка і Таўбін — пачынальнікі тае славы — свае першыя публікацыі зрабілі ў альманаху «Маладняк Калініншчыны» (1926).
Большасьць скандальных фэльетонаў Вольнага, артыкулаў Дудара, Александровіча, Зарэцкага (у тым ліку пратэст супраць «небеларускага» ўнівэрсытэту) былі напісаныя на замову Адамовіча. «Куратар», раскалоўся Дудар, замаўляў яму артыкул «на ўзор валабуеўскага ў «Більшовику Украіни», з эканамічным абаснаваньнем на¬цы¬я¬на¬лістычных тэорый Шумскага і Хвы¬лёвага. Замаўляючы, Адамовіч «мнагазначна дадаў, што аўтар артыкулу «сасланы ў Салаўкі».
Читать дальше