Увосень 1926 г. Полацкі акруговы камітэт партыі прызначыў мяне рэдактарам газеты “Чырвоная Полаччына”. Страшнавата было. Пісаць нататкі і артыкулы зусім ня тое, што кіраваць газетай, тым больш ня маючы сьпецыяльнай журналісцкай адукацыі. Прыйшлося і працаваць у газеце, і займацца самаадукацыяй у галіне газетнай справы.
Газета выходзіла 4 разы на тыдзень, але вялікім фарматам, і таму нямала патрэбна было матэрыялу, каб запоўніць 4 паласы. Штат жа рэдакцыі быў невялікі – усяго 4 чалавекі разам з рэдактарам. Аддзелаў у рэдакцыі не было. Праца была разьмеркавана наступным чынам: рэдактар, апрача агульнага кіраўніцтва, пісаў перадавыя, падбіраў і апрацоўваў матэрыялы ў партыйны аддзел газеты; сакратар рэдакцыі Пятрусь Броўка падбіраў і апрацоўваў матэрыялы рабочай і сялянскай моладзі, вёў перапіску з рабселькарамі; астатнія 2 таварышы – Тарас Хадкевіч і Янка Скрыган – лічыліся літработнікамі і выконвалі ўсе даручэньні рэдактара і сакратара, апрацоўвалі матэрыялы, выконвалі абавязкі рэпарцёраў у горадзе. Газета мела ў той час каля 200 актыўных рабкараў і селькораў, з якімі рэдакцыя трымала пастаянную сувязь. З ліку лепшых рабселькараў асобныя таварышы залічваліся на работу ў рэдакцыю. Так было са Сьпірыдонам Міхальцовым і Эдуардам Самуйлёнкам. Вакол газеты групаваліся маладыя сілы Полаччыны”.
У розныя часы сябрамі Полацкай філіі “Маладняку” былі: Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Алесь Звонак, Валеры Маракоў, Эдуард Самуйлёнак, Ян Скрыган, Сьцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Тарас Хадкевіч, Сымон Хурсік, Ганна Брэская, Язэп Козік, М.Грашчанка, П.Крывіцкі, С.Мілевіч, Я.Падабед, К.Пчалкоў, Р.Хвойка (Пугач) і шматлікія іншыя маладыя творцы.
Пасьля ад’езду з Полацку Дудара, кіраўніком мясцовай філіі “Маладняку” стаў Алесь Звонак, які замяніў Александровіча ў полацкай газеце. У 1926 годзе на чале полацкіх маладнякоўцаў стаў Сьцяпан Сямашка, затым – Сымон Хурсік, а з сакавіка 1928 году да ліквідаваньня “Маладняку”, якое адбылося ў лістападзе 1928 году, філію ачольваў Тарас Хадкевіч.
У Полацкую філію “Маладняку” ўваходзілі ня толькі жыхары Полацку, але і моладзь з навакольных мястэчак і вёсак. Так Сымон Хурсік пасьля сканчэньня Менскага педтэхнікуму настаўнічаў у мястэчку Валынцы і зьяўляўся актыўным сябрам Полацкай філіі “Маладняку”, праўда, неўзабаве ён пераехаў у Полацк і пачаў працаваць у “Чырвонай Полаччыне” і нават нейкі час узначальваў полацкі “Маладняк”.
Ян Скрыган і Паўлюк Шукайла працавалі ў Расонах і таксама хінуліся да полацкіх маладнякоўцаў. Ян Скрыган у сваёй аўтабіяграфічнай аповесьці “Кругі” наступным чынам апісвае тыя часы: “Неўзабаве я пераехаў на работу ў “Чырвоную Полаччыну” (маецца на ўвазе, з Расонаў. – А.А.). Горад, газета, зноў друкарскія фарбы – гэта было больш па душы. Дый рэдактарам быў найдабрэйшы чалавек – Сьцяпан Сямашка. А сакратаром рэдакцыі – Пятрусь Броўка. (…).
Найбольш мы любілі Сямашку, мабыць, за тое, што ён нам верыў. Мы рабілі газету з нейкім сьвятым адчуваньнем. Броўка пісаў вершы. Простыя, даступныя, і мне было шкода, што я ад гэтага адступіўся (маецца на ўвазе, кінуў пісаць вершы. – А.А.). Вакол газеты гуртаваўся літаратурны актыў. У Валынцах настаўнічаў Сымон Хурсік, ён ужо быў вядомы пісьменьнік, меў кніжку ў маладнякоўскім выданьні – “Першы паўстанак”, і калі прыязджаў, то мы бачылі ў ім старэйшага. Да нас час ад часу наязджалі з Менску – Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Анатоль Вольны. Наставала патрэба выдаваць свой альманах. Разам з менскімі пісьменьнікамі выдалі два альманахі: “Наддзьвіньне” і “Росквіт”.
Насамрэч полацкія маладнякоўцы выдалі тры літаратурныя альманахі: у 1926-м годзе “Наддзьвіньне”, у 1927-м – “Росквіт”, у 1928-м – “Зарніцы”. Акрамя таго вершы і проза палачанаў шырока друкаваліся ў газеце “Чырвоная Полаччына” і цэнтральных беларускіх выданьнях.
Пасьля ліквідаваньня літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк”, традыцыі, створаныя маладнякоўцамі, жывілі культурнае жыцьцё Полацку, бадай, да самага пачатку другой сусьветнай вайны. Выпускніца Полацкага педтэхнікуму 1935 году літаратурны крытык Марыя Барсток у сваіх успамінах, якія напісала ў 1972 годзе па просьбе дырэктара Полацкага педвучылішча Пятра Пацэя, згадвала: “Быў у нас і літгурток, якім кіраваў У.С. Шчасны (дарэчы, бацька вядомай мастачкі Нінэль Шчаснай. – А.А.). Стараста гуртка – Тэрэнт Лясовіч пісаў добрыя вершы і супрацоўнічаў у газеце “Чырвоная Полаччына”. Хадзіў да нас у гурток і Рыгор Канавалаў (цяпер старшыня камітэта па друку), хаця ён вучыўся ў лясным тэхнікуме. На вялікі жаль, Т.Лясовіч загінуў у час вайны, так і не пасьпеўшы выпусьціць свой першы зборнік. У Полацку ў свой час працавалі П.Броўка, Э.Самуйлёнак, там былі філіі “Маладняку”, і дух літаратуры, паэзіі вітаў над намі”.
Читать дальше