Паўстае перад вачыма "містычная", змрочна-жорсткая ад любві паэзія "Велікого льоха" [4] Вялікага склепа.
— аднаго з найбольшых дзіваў у паэзіі.
Усім ладам сваім яна неабвержна сведчыць, што няма даравання тым, хто апраўдвае прыгон і дзеянні цароў, усіх гэтых Мучыцеляў і Пятрух, якіх нібыта трэба ўсхваляць за іхнія дзеі і якіх сучасныя ім прыгонныя мужыкі лічылі за антыхрыстаў. Нельга апраўдваць тых, што далі магчымасць вароне ўкрасці кавалак жоўці ў засланага дзекабрыста, тых, вялікіх, што тысячамі губілі людзей на будове Пецярбурга, на Ладазе, у Фінляндыі, на Арэлі.
Теперь уже заходились
Древностi шукати
У могилах… бо нiчого
Уже з хати взяти.
Раскопваюць магілы, і ў вочы ім смяюцца касцякі. Каб яшчэ ў форменных кайданах, то прыдаліся б. Але кайданы старыя. I золата няма. I няма нашчадкам карысці ад гордай беднай гісторыі.
I такі чалавек мог існаваць у чорны, у жалезны, у подлы век! Нездарма, відаць, гаварылі аб такіх вароны
2
Я золотом розтопленим
Заллю йому очі!..
1
А вiн, клятий недолюдок,
Золота не схоче.
3
Я царевыми руками
Скручу ему руки!..
2
А я зберу з всього свiта
Всі зла і всі муки!..
Мукі сабралі. Каземат. З забаронаю пісаць і маляваць. Узнагарода за сапраўдную любоў да радзімы. Адзіная ўзнагарода, якой можна ганарыцца.
I адначасова ў гэтым пакаранні — усё бяссілле катаў. Што з ім сапраўды рабіць? Хіба знішчыць? Але мёртвы не пакутуе. Зламаць? Але такія нязломныя.
Знішчыць — застанецца песня. Заточыш — застанецца жывая нянавісць. Кабзар стаўся мацнейшы за фельдфебеля ў парфіры. Але яго казематныя вершы — гэта згусткі пакуты і болю. Менавіта гэтыя гады далі "Садок", які мог бы здацца ідылічным і саладжавым, каб мы не ведалі, калі ён напісаны.
Ідылія знікае. Застаецца плач па волі, смяротная настальгія і пяшчота. Каб ён быў толькі нязломны прарок — мы, магчыма, болей паважалі б яго, але так не любілі б. Каб ён пісаў толькі вершы пра тугу — мы шкадавалі б яго, але не захапляліся. Ён пісаў і тое і другое. Пад пагрозай кары.
У гэтыя гады з'явілася ў свет, бадай, самае чароўнае стварэнне яго — балада, якая сваімі трыццаццю чатырма радкамі адна вартая юнацкай "Кацярыны", балада "Рано-вранці новобранці".
Маці вярнула дачку, якая пайшла была за навабранцамі. Потым пахавала яе і сама пайшла ў старцы. Пахілілася хата. I вось аднойчы прыйшоў на мыліцы салдат, сеў і задумаўся. Хата пустая. А калісь жа тут ткаліся ручнікі, мярэжыліся шоўкам вясельныя хусткі. І ён думаў жыць і кахаць.
Сидить собi коло пустки,
Надворi смеркае.
А в вiкно, неначе баба,
Сова виглядае.
Не ведаю, як у каго, а ў мяне марозам цягне па скуры, так гэта хораша. I ўсё гэта не толькі абвінавачванне супраць дзяржавы, якая ваюе, жандарыць і трушчыць людскія жыцці. Гэта яшчэ і прадбачанне свайго лёсу. Плач аб пакінутай радзіме, хаце, аб дзяўчыне, з якой ён ніколі не сустрэнецца, плач аб сваёй самотнай старасці.
Такога, магчыма, ад яго і чакалі.
I памыліліся. Ён застаецца нязломны. Яму здаецца, што і самога бога даўно праклялі людзі. Значыць, няма чаго маліцца. Толькі што адпушчаны на волю, ён, ні пра што не забыўшы, нічым не навучаны, піша яшчэ больш выбуховую рэч:
Німіі, подліі раби,
Підніжки царськіі, лакеі,
Капрала п'яного! Не вам,
Не вам, в мережаній лівреі
Донощики і фарисеі,
За правду пресвятую стать
I за свободу. Розпинать,
А не любить ви вчились брата!
О роде суетний, проклятий,
Коли ти видохнеш? Коли
Ми діждемося Вашінгтона
3 новим і праведним законом?
А діждемось-таки колись!
Яшчэ больш ярасна накідваецца ён на царкву, якая мірылася з усімі гаспадарамі, абы яны дазвалялі ёй жыць і гандляваць Хрыстом. З цэзарамі, што цкавалі хрысціян ільвамі, з язычнікамі, што забівалі папоў. Царква-блудніца, відаць, толькі з-за сусветнай славы самога пана Езуса не аб'явіла яго "ілжэнастаўнікам" і "ерэсіярхам", бо ўся гісторыя царквы ёсць актыўнае адмаўленне Евангелля, бо людзі, якія ліжуць мірскім уладарам пяткі, відавочна, забылі словы аб "сусветных валадарах цемры гэтага веку". I таму — дзярыце з баграніц анучы, курыце люлькі з кадзіл, паліце "яўленнымі" печку, вымятайце крапілам новую хату.
Нянавісць душыла паэта. Здохла "Сука", жонка Мікалая I, галодных дзяцей з прытулкаў гналі за труною "маці народаў", дзякаваць за шчаслівыя забавы дзяцінства. Паэт задыхаўся:
Читать дальше