…І пісьменнік Левановіч Павел Антонавіч. Нарадзіўся ў 1914 годзе ў в. Мазалава Мсціслаўскага раёна. Памёр ад ран у 1943 годзе. Паэт і празаік, які быў закаханы ў свой родны Мсціслаўскі край і памяці якога горад аддзякаваў, назваўшы адну са сваіх вуліц ягоным імем.
На Мсціслаўшчыне (в. Воўкава) нарадзіўся і прасіў, каб там яго аддалі зямлі, і член-карэспандэнт АН БССР, беларускі фалькларыст і літаратуразнаўца Іван Васільевіч Гутараў (1906–1967), які даследаваў беларускую і рускую вусную народную творчасць і эстэтыку.
Гэтага было б, здавалася, і досыць, тым болей што цяжка пералічыць усіх выдатных людзей, якія нарадзіліся тут, вучыліся тут, праходзілі праз мсціслаўскую зямлю, ваявалі на ёй.
Ваявалі на ёй. Ну так, гэтых абмінуць нельга. Хаця б некаторых. Хаця б пару імёнаў.
У Мсціславе нарадзіўся Уладзімір Сяргеевіч Галушкевіч (1898–1964), удзельнік грамадзянскай вайны. У Айчынную вайну на Цэнтральным і Заходнім франтах быў начальнікам аператыўнага аддзела, намеснікам начальніка штаба фронту. Генерал-лейтэнантам.
У вёсцы Доўгавічы нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Яўген Іванавіч Качанаў (1915). Сяржант, камандзір стралковага аддзялення. 25 студзеня 1945 года першы фарсіраваў раку Одэр (і гэта дзякуючы тысячам такіх, як ён, рацэ вярнулі яе праславянскую назву Одра), пашырыў з баямі плацдарм, быў паранены, але ў тыл не пайшоў, а наступнага дня першы ўстаў у атаку, падымаючы за сабою байцоў, і быў забіты.
У 1896 годзе нарадзіўся пад Мсціславам, у в. Старое Сяло, Іван Міхайлавіч Паўловіч. Паспеў яшчэ адхапіць два гады першай сусветнай вайны, пасля, у грамадзянскую, быў у Мсціславе сакратаром крымінальна-следчай камісіі, ваяваў супраць банд Мамантава і Булак-Балаховіча, удзельнічаў у разгроме Антонава. Быў у пагранічных войсках. У лютым 1943 года ён — намеснік камандзіра дывізіі на Цэнтральным і Беларускім франтах, пасля камандзір дывізіі на 1-м Беларускім. У чэрвені 1944 года асабліва вызначыўся, і было гэта зусім непадалёк ад радзімы. Паўночней Рагачова асабіста ўзняў у атаку батальён, прарваў абарону немцаў на Друці, а пасля перайшоў цераз Бярозу-раку і ўварваўся ў Бабруйск. А праз месяц, у ліпені, на чале палка, адбіў на паўночна-захадзе ад Брэста атаку шасцідзесяці нямецкіх танкаў. І ў гэтым баі загінуў. Герой Савецкага Саюза пасмяротна.
І яшчэ Рудкін Піліп Мікітавіч. Нарадзіўся ў вёсцы Чорная Сасна ў 1893 годзе. Працаваў у Данбасе, на рыбалоўных промыслах Далёкага Усходу. Салдат. З лютага 1917 года — чырвонагвардзеец. З 1918 года ў органах ВЧК — камандзір атрада, палка, дывізіі. Удзельнічаў у грамадзянскую ў бітвах пад Дзвінскам і Псковам, у разгроме мяцяжоў левых эсэраў у Маскве, Разані, Кранштаце, у баях з Булак-Балаховічам. З 1943 года генерал-маёр танкавых войск. Зорку Героя атрымаў за 31 сакавіка 1943 года.
Я не кажу тут пра тысячы тых, амаль безыменных у гісторыі, над рэшткамі якіх стаяць капцы па ўсёй зямлі, у гонар якіх насыпаны ў горадзе Курганы славы, якія, уласна кажучы, і ёсць тыя, галоўныя, што адстаялі самое права Мсціслава існаваць. Кожны з гэтых людзей, якія радаваліся, жылі і працавалі, як мы, быў бы варты найлепшай песні.
Ну і яшчэ адно імя. Мастака, які вельмі рана пайшоў ад нас. Міхал Якаўлевіч Лісоўскі (1931–1970). Нарадзіўся ў вёсцы Белы Мох Падсолтаўскага сельсавета. Гэта быў майстар партрэта, станкавага жывапісу. Гумар мсціслаўскай зямлі, назіральнасць яе жыхароў, іх тонкая, някрыўдная з'едлівасць, іхняе ўменне бачыць чалавека наскрозь, іхняе веданне глыбіняў душы чалавечай вадзілі алоўкам і пяром Лісоўскага.
Ну вось. Здаецца, сёе-тое вартае ўвагі мы памянулі. Далёка-далёка не ўсё, бо іначай давялося б пісаць тоўстую кнігу.
А цяпер давайце проста пройдземся па Мсціславу і Мсціслаўшчыне. Дзе ў машыне, а дзе і пехатою. Не па кожнай вуліцы горада і не па кожнай вёсцы, бо на гэта спатрэбілася б зашмат часу.
Адвядзём на гэта дзень ці два, тым болей што пра многія мясціны мы ўжо ведаем. І выберам для нашага паходу летнія дні. Ну хаця б сярэдзіну жніўня з сонцам і бясхмарным небам. Мала ўжо засталося нязжатага, паўсюль торпы саломы. І ва ўсім тое адчуванне радзімы, калі нейкае адценне колеру, нейкі намёк на пах выклікаюць у сэрцы даўно забыты ўспамін: нібы ты малы хлапчук у гародзе, а ў ім між бульбоўніку зелянеюць стрэлы бабоў і чапляюцца за порткі пахучыя двухзубыя ваўчкі. І драма, і лянота, і паснулі на мяжы пузатыя гарбузы.
І Мсціслаў у гэтую пару не дыяментавы, а такі сабе звычайны малы гарадок, які патанае ў садах і магутных дрэвах на адходнах над Віхрой, спакойны і лянотны, з рэдкімі малымі віхурамі на вуліцах.
Читать дальше