Толькі не дужа шанцавала гэтым князям. Мсціслаў Раманавіч, першы ўдзельны князь Мсціслаўскі, а пасля князь Смаленскі, стаў потым князем Кіеўскім і загінуў пасля першага сутыкнення з манголамі на рацэ Калцы ў 1224 годзе.
Ды й самому гораду часамі шанцавала не дужа. З узнікненнем Вялікага княства Літоўскага ён апынуўся на юры, на памежжы паміж княствам і Смаленскай зямлёй. І тут ужо ён сербануў ліха спаўна, пераходзячы ад адных князёў да другіх, аж пакуль не апынуўся ў 1359 годзе — стала на пэўны, вядома, час — у складзе Вялікага княства. Вялікі князь Альгерд аддаў яго ва ўдзел сыну свайму Лугвену Сямёну. Князі літоўскія вельмі хутка аславяніліся і князь Лугвен Сямён не быў выключэннем. Жывучы ў славянскім асяроддзі, укладаючы свой побыт на славянскі манер, прыняўшы праваслаўе, ажаніўшыся з дачкой Дзмітрыя Данскога (у год Кулікоўскай бітвы, дарэчы), ён і гаварыў і выдаваў свае граматы па-старабеларуску. У тым жа 1380 годзе засноўвае ў наваколлі Мсціслава Пустынскі манастыр. А ў 1407 годзе засноўвае Ануфрыеўскі манастыр, а ў 1410 годзе сын яго Юры змагаецца пад Грунвальдам. А ў XV–XVI стагоддзях зноў точацца войны, палаюць гарады, з-за дынастычнай бязглуздзіцы, з-за ўсобіцы і ўладалюбства князёў, каралёў і цароў многімі тысячамі гінулі аршанскія, полацкія, маскоўскія, мсціслаўскія хлопцы. Аратаі, рамеснікі, кніжнікі, майстры. Залатыя чалавечыя рукі! Замест таго, каб ствараць, — яны бяруць меч і забіваюць.
І гэта ў той час, калі адзіны святы і стакрат блаславёны толькі той меч, што ўзняты на абарону роднай страхі, родных муроў, роднага ачага.
На шчасце, Мсціславу ёсць чым ганарыцца і тут. Яму давялося трымаць у руках меч высакароднай і праведнай вайны за айчыну і за самое існаванне роднага племя.
Здарылася гэта на самым пачатку XV стагоддзя. Тады вялікая бяда звалілася на землі славян. Ішоў Тэўтонскі ордэн, ставячы пад пагрозу не толькі мову, свабоду і гонар, але і самое існаванне славян. З боку рыцараў зачэпкай вайны 1409–1414 гадоў было тое, што Жмудзь упарта трымалася язычаства. Але немцы лічылі не меншымі язычнікамі не толькі праваслаўных, але і католікаў.
Жмудзь паўстала. З яе земляў даляцеў адчайны, перадсмяротны лямант аб дапамозе:
"Выслухайце нас, прыгнечаных, змучаных… Ордэн не шукае душаў нашых для бога, ён шукае земляў нашых для сябе, ён нас давёў да таго, што мы павінны або хадзіць з торбамі, або разбойнічаць, каб было чым жыць. Як яны пасля таго… пасмельваюцца хрысціць? Хто хоча іншых умываць, павінен быць сам чысты. Усё… у нас забралі: штогод звозілі дзяцей нашых да сябе у заложнікі, старэйшынь нашых завезлі ў Прусію, іншых з усім родам агнём спалілі — а яшчэ крыж святы на адзенні носяць. Злітуйцеся з нас!.. успомніце, што мы людзі ж, створаныя па вобразе і падабенству божыю, а не звяры якія"…
Войскі польскага караля Ягайлы (50 харугваў) і літоўскага вялікага князя Вітаўта перайшлі межы ордэна і 15 ліпеня сутыкнуліся пад вёскай Грунвальд.
Грунвальд.
У рыцараў перавага. Бо яны ад патыліцы да пятак захутаны ў сталь. Бо пусціць нават трох ратнікаў на аднаго рыцара азначала прыблізна тое самае, што пусціць трох воінаў з вінтоўкамі на танк.
У склад войска Вялікага княства Літоўскага ўваходзілі харугвы Берасцейская, Ваўкавыская, Лідская, Навагрудская, Гародзенская і іншыя. Князь Мсціслаўскі Сямён Аўгвен кіраваў так званымі рускімі (часам іх з часоў Салаўёва, невядома чаму, называюць яшчэ "смаленскімі") харугвамі. Гэта значыць — Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Мсціслаўскай.
Іхняй стойкасці, таму, што яны стаялі насмерць у той час, калі цяжкая кавалерыя ордэна пацясніла атрады вялікага княства, абавязаныя былі Вітаўт і Ягайла тым, што мелі час ачухацца, акрыяць, сабраць сілы і нанесці рашучы ўдар, абкружыць і знішчыць армію ордэна, нягледзячы на яе сілу, мужнасць, ваенны вопыт і дасканалае валоданне мастацтвам вайны. Каля 40.000 забітымі і 15.000 узятымі ў палон, увесь абоз страцілі рыцары, і сам магістр Ульрых фон Юнгінкен быў забіты ў сечы. Самое існаванне Тэўтонскага ордэна пасля Грунвальда ператварылася ў нявольную агонію.
Мсціслаўцам і іхняму Мсціслаўскаму князю няма чаго саромецца сваіх паводзін на полі гэтай бітвы. Наадварот, гэта іхнія мячы разам з мячамі суседзяў кавалі перамогу і здабылі ёю ўратаванне свету славян.
Мсціслаўскі князь, дарэчы, вызначыўся воінскімі талентамі не толькі тут, а і да Грунвальда (1392 год), разбіўшы шведаў на Няве, і пасля Грунвальда (1411 год), калі ён на чале ноўгарадцаў зноў хадзіў на шведаў, помсцячы ім за набег, сёлы паваяваў і спаліў і ўзяў вонкавыя ўмацаванні горада Выбарга.
Читать дальше