Дык не, не зробіць ён гэтага. Правільна, не зраблю. Мэта не тая. А мэта мая у тым, каб расказаць усім аб малым, непрыкметным, ледзь не самым далёкім ад сталіцы раёне і паспрабаваць пасяліць у вашых душах (і ў душах усіх, хто прачытае гэта) гонар за яго, за продкаў сваіх і за сябе, якія не горшыя.
Вы робіце ўсё, каб зямля працвітала, каб край ваш быў уладкаваны, сыты, прыбраны і багаты. Я не магу непасрэдна памагчы вам у гэтым. Але я магу прымусіць вас азірнуцца.
Я магу зрабіць так, каб вы ясней убачылі прыгажосць вашай прыроды і вашых будынкаў. Я магу расказаць вам пра забытыя і напалову забытыя подзвігі і ўчынкі вашых продкаў. Пра тую прыгажосць, што яны стварылі і кнігі, што яны пісалі.
Я магу напомніць вам, Мсціслаўцы, і іншым людзям, што на многіх шляхах чалавечай дзейнасці вы былі першыя, што ваш малы горад зрабіў для прагрэсу краіны больш, чым некаторыя вялікія і славутыя гарады.
Я магу нагадаць вам, што вы людзі з мінулым, славе і мужнасці, розуму і таленту якога могуць пазайздросціць многія, і што толькі ад вас залежыць, каб гэтая слава тых, хто заўсёды ідзе наперадзе, не прапала ў будучых вяках, каб вы заўсёды былі поўныя незалежнай высокай годнасці ў кожным слове і ў кожным учынку, годнасці тых, хто ніколі не плёўся ў хвасце, хто быў і будзе ў ліку лепшых.
І, магчыма, гэтым я зраблю так, што вам будзе лягчэй жыць, што вы знойдзеце ў сабе сілу выстаяць у хвіліну, якая будзе патрабаваць ад вас мужнасці.
Бо ваш горад з найлепшых гарадоў Беларусі, бо ён малы, але вялікі. Бо вы беларускага старадаўняга кораню, людзі з адвечным глыбінным усведамленнем таго, што ўсю гісторыю вы рабілі справу жыцця (аралі і пісалі кнігі) як мага найлепш, і павінны гэта і надалей. Павінны не нейкаму дзядзю, павінны толькі сабе.
…Узыходзіла ў той дзень усё вышэй чырвонае ад трыццаціградуснага марозу сонца. І па меры таго, як яно ўзыходзіла — вочы вашы ўсё шырэй раскрываліся ад здзіўлення. І вось тут мне і патрэбныя сведкі. Бо дзіву, што ў той дзень убачыў, могуць і не паверыць. Скажуць, што выдумаў небывалае пра звычайны горад.
…Снег пад час гэтага начнога ўраганнага шаленства наліпнуў на дрэвы, муры, вежы і званіцы, на дамы і, аблізаны магутным ветрам, ператварыўся ў крышталічную ледзяную корку. Кожны порцік, кожная калона, кожная вежа, кожная ліштва заззялі зялёным, аранжавым, блакітным, сінім агнём, як вялізная навагодняя ёлка.
І ўсе будынкі — усе — увесь горад гарэў, іскрыўся, пераліваўся ўсімі колерамі, а найболей блакітным, як адзін вялічэзны, чысцейшай вады дыямент.
Не, такога я яшчэ не бачыў. І — у дадатак да ўсяго — у нябеснай сіні ўстала гіганцкая і тоўстая арка зімняй вясёлкі.
Бачыў я бледныя зiмовыя вясёлкi. Але гэтая была ярчэйшая за найярчэйшую летнюю. З усiмi пералiвамi i адценнямi, ад чырвонай, апельсiнавай, жоўтай i блакiтная аж да лiловага адцення. На ўсё неба.
І яна адбівалася тысячамі ў мурах дамоў і ў вежах, узнесеных у блакіт.
Яшчэ раз кажу: такога я, мабыць, не пабачу ніколі. Такое нават у перадсмяротнай цемры ўспомніцца і з'явіцца і, як апошняе суцяшэнне, напоіць твой зрок.
І каб канчаткова прывязаць мяне да сябе, Мсціслаў шчодрай рукой выдаў мне яшчэ адно дзіва.
Быццам усяго перажытага, усёй фантазіі было мала — завяршыў яе яшчэ адзін жарт лёсу, нібы заключны мазок дзівоснай карціны.
Была месячная ноч і горад ззяў дыяментамі, як удзень, толькі крыху больш блакітна і прыглушана. Паветра пахнула не выхлапнымі газамі, а пячным дымам. Снег пад нагамі рыпеў не па-сухотнаму, як у Мінску, а звонка, весела, бадзёра.
І раптам гэтыя дыяменты пачалі згасаць, а горад-палац пачаў растварацца ў серабрыстай імгле.
На дадатак да ўсіх раскошаў і дзівосаў Мсціслаў падарыў мне ў ноч на 10 студзеня месячнае зацьменне і павольнае згасанне сваіх дыяментаў у празрыстым паўзмроку, што насоўваўся на свет. Павольна згасала поўня.
Ціха згасаў светлы, іскрысты і зіхоткі горад пад ёй.
І я не магу зараз гаварыць аб ім без захаплення, як не мог бы гаварыць без захаплення пра жывую легенду, што сустрэлася мне на адной са шматлікіх маіх дарог. І я іду зараз разам з ягонымі людзьмі праз усе павароткі лёсу, праз усе бураны, марозныя вясёлкі і зацьменні. Бо толькі так я і магу з большага аддзячыць ім.
Таму што тая ноч — гэта было як быццам гіне чароўны сусвет, а ты павінен аднавіць яго, каб незгасальна стаяў у вачах людзей.
…Мсціслаў — кропля, асколак люстэрка, у якім адбіваюцца сонца і зоры і ўся няпростая гісторыя Беларусі. Горад, які, здаецца, нічым асаблівым не вызначаецца перад іншымі гарадамі, якіх на Беларусі сотні. Але паглядзіце на яго — і нібы ў фокусе адаб'ецца ў ягонай гісторыі ўвесь наш гонар і наша слава.
Читать дальше