Ён чароўны. І ён як сціплы, вонкава непрыкметны чалавек, за плячыма якога багацюшчае жыццё. Сам ён рэдка кіне пра сябе слова. А пачнуць расказваць пра яго іншыя, дык яму пры жыцці помнік ставіць трэба.
:Мсцiслаў, невялiкi раённы гарадок, утульна стаў на высокiм правым беразе ракi Вiхры, непадалёк ад яе ўпадзення ў Сож. Ён ляжыць у васемнаццацi кiламетрах ад станцыi Ходасы i на скрыжаваннi дарог Магiлёў — Смаленск i Орша — Крычаў. Гэта адзiн з самых усходнiх куткоў рэспублiкi, на самай мяжы са Смаленскай вобласцю. Да Магiлёва адсюль 111, да Мiнска — 312 кiламетраў.
Мсціслаў, як і ўсе гарады, перажываў узлёты і заняпады. У якасці кур'ёзу прывяду вам такія лічбы. У першай трэці XVIII стагоддзя насельніцтва Кіева не перавышала 12 тысяч чалавек. Значна, на пару стагоддзяў раней, у Мсціславе жыло 30 тысяч чалавек. Але Кіеў у ходзе свайго гістарычнага развіцця стаў сталіцай намесніцтва, губерні, сталіцай Украіны. Ужо ў 1763 годзе ў ім жыло 42 тысячы чалавек, а ў 1979-м — 2 мільёны 144 тысячы. Мсціслаў жа, воляй лёсу і гісторыі, перастаў быць такім жа — і нават большым — сярэдневяковым цэнтрам ваяводства і, лежачы нібыта ў баку ад пуцявін гандлю, палітыкі, самой гісторыі, руйнаваны дзесяткамі крывавых нашэсцяў, нібы часова заснуў, як заснулі многія і многія славутыя ў мінулым гарады, якія калісь дыктавалі сваю волю, славіліся вялікай славай і стаміліся ад яе. Як стаміліся Тураў і Суздаль, Растоў Вялікі і Друцк і многія — многія іншыя.
Здаўна-давён населена, абжыта i ўходжана чалавекам мсцiслаўская зямля. Едзеш або iдзеш па ёй i паўсюль старыя гарадзiшчы i магiлы, магiлы i курганы. У Доўгавiцкiм сельсавеце i ў Сялецкiм. I перамяшаныя тут магiлы апошняй вайны i курганныя магiльнiкi Кiеўскай Русi, i таго, што было да яе. Вось яны стаяць над Натапай, кiламетры за два ад вадзянога млына, пляскатыя, нiбы разлiзаныя часам (пры вышынi ў 1,3 м, 1,7 м, дыяметры iхнiя да шаснаццацi-васемнаццацi метраў).
Вось могiльнiк у Дубейкаве, у самым цэнтры вёскi. 21 насып. I знаходкi: пазалочаныя пацеркi, бразготка-бомка, жалезны нож.
I вось трынаццаць насыпаў у в. Кандратаўск — i гэта Кiеўская Русь.
Але што там Кіеўская Русь!
Вось гарадзішча ранняга жалезнага веку ля в. Міцькаўшчына і роўнае яму па старажытнасці гарадзішча ў Каробчыне Чырвонагорскага сельсавета. Паўднёва-ўсходні і заходні краі гарадзішча (у густым лістоўным лесе) вельмі стромыя і ў вышыню ледь не на трынаццаць метраў, а насыпаны вал з поўдня метраў каля сямі. Тут у зямлі россыпы керамікі Мілаградскай і Днепрадзвінскай культур, таксама ранні жалезны век. А там гарадзішча ля в. Мазалава. І гэта зноў Мілаградская і Зарубінецкая культуры (пачатак — сёмае стагоддзе да нашай эры, заранка сучаснага "жалезнага " чалавецтва).
Курганы ля в. Новыя Віхраны, ля в. Пячкоўка (на краі кар'ера, які з'еў амаль увесь могільнік), селішча і курганы ля в. Разанцы, гарадзішча і могільнік ля в. Усполле (7 стагоддзе да н. э. — 4 стагоддзе да н. э.).
Густа засялялі гэтую зямлю, густа ў яе і клаліся. Ля той жа самай Пячкоўкі побач са старымі курганамі месца, дзе фашысты расстралялі звыш пяцісот людзей.
Курганы, курганы і курганы. Селішчы, гарадзішчы і зноў курганы. Мноства іх.
І, вядома, самыя галоўныя гарадзішчы гэтай зямлі — гарадзішчы Мсціслаўскія. А сярод іх гарадзішча "Замкавая гара". Высокі мыс на правым беразе Віхры. Абкружаны шырокімі, метраў 60 — 100 і глыбокімі, метраў на 25, ярамі. Плошча 108 на 48 метраў, каля двух гектараў. Па краю Замкавая гара была абкружана яшчэ насыпным валам вышынёю на два з паловаю метры, але ён збярогся не паўсюль.
Першы абследаваў і апісаў гарадзішча славуты беларускі вучоны, этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў, таксама, дарэчы, не дужа і далёкі зямляк з Сожа. Было гэта ў 1893 годзе. У дваццатыя гады абследавалі яго А.М.Ляўданскі і С.А.Дубінскі, у 1978 годзе — М.А.Ткачоў. Раскопкі праводзіў Л.В.Аляксееў. І раскопкі тыя былі на дзіва багатыя. Магутны, да трох метраў, культурны пласт добра захоўваў рэчы арганічнага і неарганічнага паходжання.
Рука археолага ўскрыла жылыя і гаспадарчыя пабудовы, аж цэлых сем ярусаў вулічных маставых (не па гразі хадзілі старажытныя мсціслаўцы — па бярвенным гулкім мосце), вастраколы XIII–XIV стагоддзяў. І мноства розных рэчаў і прыладаў: рамесніцкіх, гандлярскіх, земляробчых, рэчаў культурных і культавых, рэчаў з поўначы, поўдня, усходу (значыць, і туды даходзілі гандлёвыя шляхі старадаўняга Мсціслава). Жылі тут ганчары і гарбары, шаўцы і касцярэзы, майстры ювелірнай справы і майстры апрацоўкі дрэва і выдатныя, на ўвесь славянскі свет славутыя майстры "цаніннай справы " (майстры па паліванай кафлі), залатары і збраяры і іншыя, якіх нават пералічыць цяжка.
Читать дальше