Пра кафлі я ўпамянуў не так сабе. Іх вывезлі. А паколькі Мсціслаў славіўся на ўвесь свет перш за ўсё майстрамі "цаніннай справы", тымі, што ведалі сакрэты вырабаў кафеляў, і дойлідамі, то перш за ўсё вывезлі менавіта іх. Я раскажу пра гэта больш падрабязна, гаворачы пра Сцяпана Палубеса, пра іншых майстроў і справы іхняга жыцця.
Зусім непадалёк ад Мсціслава, у цяперашняй Смаленскай вобласці, у вёсцы Андрусава, быў урэшце ў 1667 годзе ўкладзены мір. Мсціслаў застаўся за Рэччу Паспалітай.
Горад так i не аправiўся да канца ад разгрому. Рос, праўда, ён, расло i яго насельнiцтва, але замак i многiя храмы ляжалi ў руiнах i ранейшага багацця i бляску ён так нiколi i не дасягнуў. Тым больш, што вайна не абмiнала яго i пасля.
Паўночная вайна са шведамі прагрукатала навалай таксама праз Мсціслаўскае ваяводства. І Левенгауп ішоў праз Мсціслаўшчыну, і Пётр I. Напярэдадні бітвы са шведамі 30 жніўня 1708 года ля сяла Добрае (16 кіламетраў ад Мсціслава) горад наведаў Пётр I.
Тут нарадзіліся Мсціславец, Гарэцкі, Прахаў, Насовіч, людзі, якія сапраўды праславілі горад і зямлю мсціслаўскую.
Вынікам работы гэтых людзей былі разумныя і добрыя кнігі, вынікам "наведвання" другога была бітва пад Добрым (заспелі ворага ноччу, нечакана), у якой шведы, пасупраціўляўшыся дзве гадзіны, пакінулі на полі бою тры тысячы забітых, сцягі, мноства параненых.
Пасля скончылася і Паўночная вайна. Горад жыў сабе і жыў, але пакуль што яшчэ не стаў глухой правінцыяй.
Будавалі і гандлявалі, хаця і зменшылася колькасць рамеснікаў і майстроў.
Васемнаццатае стагоддзе ў гісторыі Мсціслава ўжо амаль не мае гераічных, гучных старонак. Горад ужо не вяршыць лёсаў гісторыі, горад нібы на мяжы летаргічнага сну, ён жыве, як многія і многія гарады правінцыяльнай Рэчы Паспалітай. Памалу будуе, памалу гандлюе. Людзі нібыта прывыклі да ўсяго на шляхах страшнай, крывавай і нясправядлівай сваёй гісторыі і, перш за ўсё, звыкнуліся амаль абыякава пераносіць свае пакуты і прымушаць іншых.
Мсціслаў не быў выключэннем з правіл. Тое самае рабілася і ў іншых мясцінах.
У 1772 годзе, па першым падзеле Рэчы Паспалітай, Мсціслаў адыходзіць да Расійскай імперыі.
У 1777 годзе горад прызначаецца цэнтрам Мсціслаўскага павету Магілёўскай, потым Бранскай, потым зноў Магілёўскай губерні, а ў 1781 годзе атрымоўвае новы герб (уласна кажучы, герб-здзек): шчыт, а ў ніжняй частцы бяжыць па зялёнай траўцы лісіца.
Калi гэтым намякалi на жывёльны свет Мсцiслаўшчыны, то лiсаў там па-мойму, столькi ж, колькi i паўсюль на Беларусi, а калi гэтым намякалi на пэўную хiтрасць, спрыт i абаротнасць мсцiслаўцаў (кажуць-жа, што "мсцiслаўцы не памiраюць на сваёй лаўцы"), то не адны яны такiя былi i нашто было знеслаўляць iх такiм гербам на ўсю Расiйскую iмперыю, калi быў у iхнiм гербе меч i шчыт, калi славiлiся яны не толькi гандлёвым спрытам i ўменнем сяк-так выкруцiцца з цяжкiх абставiн, але i мужнасцю, стойкасцю ў войнах.
І так зажыў Мсціслаў горадам павятовым. Жыццё ягонае ў XIX стагоддзі можна было б назваць нават дрымотным, каб не дзве акалічнасці. Першая: як і раней, не абыходзілі яго бокам розныя навалы і войны. Другая: рэдка які павятовы горад даў Беларусі і ўсёй Расіі так зайздросна многа славутых і высокародных людзей: вучоных (гісторыкаў, археолагаў, этнографаў, лінгвістаў), мастакоў, пісьменнікаў. Аб іх я скажу ў сваім месцы. Цяпер жа — аб грамадскіх патрасеннях.
Не абмінула горад і вайна з Напалеонам 1812 года.
Баграціён ішоў праз Мсціслаў пад Смаленск. Яму ўдалося дзе прарвацца, а дзе і праслізнуць праз французскае войска і злучыцца са сваімі асноўнымі сіламі. Горад занялі французы. Але ён ляжаў на ўзбочыне ад мясцін галоўных бітваў. Калі французская армія адступала, гараджане напалі на французаў у Зарэччы, пабілі частку, а частку прымусілі бегчы.
Увогуле горад на працягу XIX стагоддзя не тое каб перажываў заняпад, а проста жыў так сабе, сяк-так. Паменела каменных будынкаў, стала менш жыхароў (першы прызнак гэтага на тыя часы — змяншэнне колькасці цэркваў: зніклі сярэдневяковыя цэрквы Іллінская, Багаслоўская, Апанасаўская, Прэабражэнская, Мікольская, зніклі кармеліцкі і бернардынскі кляштары), і вельмі паменела сярод гараджан, як і паўсюль на Беларусі, пісьменных людзей.
Ведаю, што мае дадзеныя крыху не супадуць з дадзенымі сучаснай кароткай энцыклапедыі, але я бяру энцыклапедыі тых часоў. А згодна іх у Мсціславе па перапісу 1896 года лічылася 8467 чалавек, (з іх 38 працэнтаў пісьменных, 62 працэнты непісьменных). Шлюбаў сорак, нованароджаных 272 (146 хлопцаў і 126 дзяўчынак), памерла 126, прырост 146. Так званых "фабрык і заводаў" 13 з 35 рабочымі і вытворчасцю на сумму 20687 рублёў. Бальніц 3, багадзельняў 4, гарадское трохкласнае вучылішча, парафіяльнае і духоўнае вучылішчы, 3 бібліятэкі, 2 кніжныя крамы.
Читать дальше