За апошнія гады вялікі рывок наперад зрабіла наша літаратура, многа па-ранейшаму твораць Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка.
Многія з вас чыталі раманы Івана Мележа. "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы". Глыбокая хроніка народнага жыцця, дзе не ведаеш, чаму болей здзіўляцца: высокаму майстэрству аўтара, глыбіні яго думкі ці цудоўнай народнай мове.
Або цудоўныя апавяданні выдатнага майстра Янкі Брыля ці яго раман "Птушкі і гнёзды". Пра цяжкі лёс заходнебеларускага хлопца, якога ўзялі ў польскую армію, а потым у бітве з немцамі пры абароне ўзбярэжжа ён трапіў у палон. А пасля ўцякаў з палону: адзін раз няўдала (быў выдадзены жандарам і трапіў у турэмную камеру), а пасля ўдала. І прыйшоў на радзіму, таксама ўжо захопленую ворагам, каб узяць зброю ў рукі.
Ці аповесці і раманы Івана Шамякіна, пісьменніка, які жыве з народам, аддаючы яму ўсе свае здольнасці, аўтара "Крыніц", "Трывожнага шчасця", "Сэрца на далоні" і іншых вядомых твораў.
Ну і Васіль Быкаў, творы якога перакладзены на многія мовы свету, пісьменнік суровы і бязмежна праўдзівы, які піша пераважна пра вайну і сам прайшоў усю вайну артылерыстам. Вы, мабыць, чыталі такія яго кнігі, як "Жураўліны крык", "Абеліск", "Сотнікаў", "Воўчая зграя" і многія іншыя. А можа, бачылі фільмы, знятыя па яго аповесцях, — "Трэцяя ракета" або "Альпійская балада". І вам, натуральна ж, спадабаліся поўныя трывог і, урэшце, шчасця, уцёкі з лагера ваеннапалонных беларускага хлопца Івана і італьянкі Джуліі. І тое, як, урэшце, яны пакахалі адно аднаго. А потым быў подзвіг і смерць Івана, які, ратуючы дзяўчыну, загінуў сам. І прыйшла вечная памяць аб ім.
Або такія раманы, як "Векапомныя дні" Лынькова, вялікая эпапея партызанскай барацьбы.
Ці камедыі і трагікамедыі А. Макаёнка "Выбачайце, калі ласка", "Трыбунал", "Зацюканы апостал", "Таблетка пад язык", "Святая прастата". Гэта вельмі цікавы майстар са сваім камедыйным почыркам.
А за імі ішлі ўсё новыя і новыя прылівы ў літаратуру вельмі таленавітых паэтаў і празаікаў. Хваля за хваляй, няспынна, яны рабілі нашу літаратуру больш багатай, яскравай, шматграннай. Як назваць іх усіх? Гэта вытанчаны майстра верша Р. Барадулін, глыбінны знаўца чалавечай псіхалогіі В. Адамчык, Я.Сіпакоў з яго гістарычным мысленнем, мініяцюрыст нават у аповесцях Б. Сачанка, М. Стральцоў з яго ўвагай да дэталі, суровы і пяшчотны А. Пысін, жарсткавата-гуманны І.Чыгрынаў, назіральнік душы чалавека І. Пташнікаў, Г. Бураўкін з яго грамадзянскасцю, просты і шчыры ў кожным слове У. Дамашэвіч, тонкі лірык В. Зуёнак.
Усіх не пералічыш, на жаль, хоць кожны варты ўпамінання. Бо пісьменнікаў у нас больш як 300. Акрамя таго, баюся даць волю сваім сімпатыям ды каго-небудзь з гэтых людзей пакрыўдзіць. А вы вось дастаньце ды чытайце. Вершамі, апавяданнямі, раманамі многіх і многіх будзеце задаволены.
Людзі, што прыязджаюць да нас, часта могуць трапіць на мастацкія выстаўкі. Цяпер пабудаваны Палац мастацтваў, і выстаўкі тыя будуць пастаянныя. У нас шмат мастакоў, якія адлюстроўваюць чароўную прыроду Беларусі, гераічнае яе мінулае і не менш гераічнае сучаснае. Імёны Я. Зайцава, В. Цвіркі, В. Волкава, К. Красоўскага, А.Кішчанкі, М. Савіцкага, М. Данцыга, Г. Вашчанкі і многіх-многіх іншых вядомы далёка за межамі рэспублікі. У нас цудоўныя афарміцелі кніг, яны ж і першакласныя графікі. Назаву толькі А. Кашкурэвіча, В. Шаранговіча, Н. Паплаўскую, А. Паслядовіч, А. Лось, Э. Агуновіча, Б. Заборава, У. і М. Басалыгаў, І.Капеляна.
Імя ім — легіён. Як і архітэктарам, музыкантам, паэтам, мастакам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такая ўжо наша зямля. Шмат беларускіх кніг, што выдадзены цяпер, можна лічыць творамі мастацтва. Іх хочацца не толькі чытаць, але і глядзець.
Поспехі скульптуры таксама значныя. Не кажучы пра старэйшых — А. Бембеля (аднаго з аўтараў Брэсцкага мемарыяла), З. Азгура (помнік Я. Коласу яго работы пастаўлены ў Мінску), працуюць маладзейшыя, такія, як І. Міско (помнік І.Буйніцкаму ў Празароках) і С. Вакар. Хутка перад тэатрам оперы і балета стане яго выразны, дужа паэтычны помнік Максіму Багдановічу.
А глыбока рамантычны помнік Янку Купалу А. Анікейчыка?
Пра Купалаўскі тэатр я вам ужо расказваў. Яму нядаўна споўнілася 50 год. Таленавіты калектыў працуе і ў Віцебску ў тэатры Якуба Коласа. Калі першыя пачастуюць агнявой і вясёлай "Паўлінкай", то другія хітраватым і гарэзлівым "Несцеркам". Ёсць у нас тэатр юнага гледача і свой, беларускі цырк. Узнікаюць новыя тэатры — і прафесійныя і народныя.
Читать дальше