А славутая Ушацкая блакада ці спробы немцаў блакіраваць партызан у Налібоцкай пушчы? Нічога з гэтага не атрымалася. Хай цаною страт і нечуванага гераізму, але партызанскія брыгады выйшлі з кальца (а ў Налібокі фашысты кінулі дзесяткі тысяч салдат рэгулярнага войска з самалётамі, браневікамі, артылерыяй, эсэсаўскімі часцямі, аўчаркамі) і зноў пачалі наносіць удары ворагу. За іх былі беларускі народ і беларускі лес.
Я ўжо казаў вам, якія ахвяры панёс наш народ. Кожны чацвёрты загінуў. Французы шануюць памяць спаленага Арадур сюр Глана, чэхі — памяць Лідзіцэ. У нас былі тысячы Арадураў. Жмені зямлі з іх звезены ў вёску Хатынь, што так і не адрадзілася. На месцы гумна, куды загналі людзей і спалілі іх, — помнік. На месцы кожный хаты — комін са звонам. У летні дзень і ў асеннюю туманную ноч б'юць, б'юць, б'юць над Беларуссю хатынскія званы.
Помсцілі ворагу разам з усімі народамі беларусы-франтавікі. Такія, як Ф. Смалячкоў, што знішчыў 125 гітлераўцаў, такія, як генерал Л. Даватар, кіраўнік коннага рэйда па тылах фашыстаў, як лётчык А. Гаравец, які ў адным толькі баі 6 ліпеня 1943 г. збіў 9 самалётаў ворага і загінуў у гэтым баі. Пералічыць усіх зноў-такі немагчыма.
Здавалася б, у такія страшныя часы не да літаратуры, не да паэзіі. І, аднак, літаратура, наадварот, узнялася да незвычайных вышынь. Нават хадзіла ў лістоўках, як верш Купалы "Беларускім партызанам". У партызанскай друкарні выйшаў зборнік паэта-партызана А. Астрэйкі "Слуцкі пояс". Будучы адначасова разведчыкам, рэдагаваў партызанскую газету беларускі пісьменнік Янка Брыль. Створана была А. Куляшовым таленавітая паэма "Сцяг брыгады". Нельга без хвалявання чытаць ваенныя вершы П. Броўкі. Новымі гранямі творчасці бліснуў Максім Танк. Асабліва разгарнуўся адменны, дужа самабытны і высокі талент Пімена Панчанкі. Тужачы па роднай зямлі, успамінаючы бор з залатымі суніцамі, сінія касачы ля хаты маці, бачачы гераізм салдат, якія кладуцца на калючы дрот, каб сотні салдацкіх ботаў прайшлі па іх спіне, і журбу пакінутых хат, што закрылі драўлянымі пальцамі вочы, каб не бачыць гора гаспадароў, паэт знаходзіць радкі нясцерпнай пакуты…
Краіна мая! Радасць мая!
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае.
…але і радкі высокай веры:
Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг
і штандар перамогі
над краем запаліць зару.
Пакуль сонца не згасне,
пакуль свецяцца зоры,
Беларусь не загіне! Будзе жыць Беларусь!
Нават смех беларускі тады не загінуў. Гаворыш са старымі партызанамі, і яны чамусці ахвотней за ўсё ўспамінаюць смешныя выпадкі тых часоў. Як млынар, аддаўшы партызанам муку, просіць, каб яго набілі і звязалі. Як падпольшчык, увесь абкручаны бікфордавым шнурам (нясе яго ў лес), вымушаны па загаду немцаў пераносіць цераз рэчку па сплаўных бярвеннях нямецкіх паненак, і тыя вішчаць і хапаюцца за яго, а немец пасля дае гэтаму падпольшчыку тры маркі, і той, успацелы ад работы і хвалявання, думае: "Пачакайце, залью я вам яшчэ сала за шкуру". Ясна, ад такога смеху мароз па скуры, гэта смех пад шыбеніцай, але, з другога боку, каб не гумар — чалавеку трэба было б самому павесіцца ад пакут і гора, не чакаючы, пакуль гэта зробяць эсэсаўцы.
Вось яшчэ некалькі слоў пра чалавека, з якім быў я асабіста знаёмы. Вясною 1971 года мы спецыяльна прыехалі ў Карэлічы, каб пагаварыць з былым сакратаром Карэліцкага райкома партыі Паўлам Арсеньевічам Жалезняковічам.
Сядзім у цяністым садку. Спеюць парэчкі, адцвітаюць белыя півоні. Кошка гуляе ў траве з двума кацянятамі. Гаспадар мажны, сівы і бледны. Мыліцы, якімі ён цяпер карыстаецца, адстаўлены да сценкі доміка. Вакол мірны спакой, і гаспадар гаворыць спакойна. А між тым гэта адзін з самых неспакойных і цікавых людзей у рэспубліцы.
Сорак з лішнім год назад быў ён тут, у Заходняй Беларусі, падручным у печніка, будаваў панскі млын, працаваў на пільні. Але і чытаў, і ўдзельнічаў у вясковай самадзейнасці, і працаваў у падполлі, распаўсюджваў камуністычную літаратуру. Арыштоўваўся дэфензівай, а ў 1926 годзе быў узяты па справе забойства правакатара. Пайшлі катаванні, пасля турма ў Наваградку. Праз год адбыўся суд. Жалезняковіча і яго сяброў, Валодзю і Міколу Царукоў, Сеню Носа прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Пасля Наваградка была гродзенская турма, турма ў Плоцку, вязніца ў Равічы, карцэры, голад, адзіночкі, галадоўкі. Ногі і рукі ад раматусу адмаўляюцца служыць, але чалавек і сябры яго не здаюцца. Настаў 1939 год — і вязні выйшлі на волю. Добраахвотны ўдзел былых вязняў у абароне Варшавы, адступленне на ўсход. Праца, спачатку ў мястэчку Турэц, пасля — сакратаром райвыканкома ў Міры. 1941 г. Фронт. Па загаду ЦК КПБ Жалезняковіч праходзіць "Віцебскім калідорам" у тыл ворага, у Налібоцкую пушчу. Атрад "Камсамольскі". Працуе падрыўніком, а пасля (халодная зіма, сырасць, снег зноў абвастрылі турэмны раматус) — інструктарам падрыўной справы.
Читать дальше