За клубам парк з танцпляцоўкай і спортпляцоўкай (стадыён крыху наводдаль). Ля парку дзіцячы сад-яслі. Ёсць дамы для маласямейных і адна-, двухкватэрныя дамы з балконамі і лоджыямі. Перад адміністрацыйным будынкам — вадаём з фантанамі.
Прыемна і прыгожа жыць у такім пасёлку. Нездарма тым, хто яго праектаваў, архітэктарам В. Емяльянаву і Г. Заборскаму і старшыні калгаса Ф. Сянько ў 1971 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
Такіх эксперыментальных пасёлкаў пакуль што не вельмі многа. Справа ж толькі нядаўна пачалася. Нічога, з часам так будуць жыць усе на вёсцы.
Але і "неэксперыментальную" вёску сёння не пазнаць.
Возьмем хаця б адзін досыць тыповы калгас. "Зара" Карэліцкага раёна. Бяру яго не таму, што ён адзін такі. У тым жа наваколлі і калгас імя Шчорса і "Рассвет", у іх гаспарка і клубы і ўсё іншае няшмат адрозніваецца. Ёсць у нас і лепшыя і горшыя. Проста з былым старшынёй гэтага калгаса, а цяпер старшынёй сельсавета Пятром Майсеевічам Шчарбаковым я асабіста знаёмы, хаця ў першы раз пішу аб ім.
Ёсць, першы пакуль, маршрут, які злучае Мінск непасрэдна з вёскай. Гэта аўтобус "Мінск — Кайшоўка". Шчарбакоў дабіўся гэтага, абабіўшы парогі невядома колькіх кабінетаў. У калгасе свае дарогі, добры выхад на шашу, спрэс асфальтаваныя вуліцы. Яна своеасабліва прыгожая, Кайшоўка, са сваёй зелянінай, з палямі белай і чырвонай канюшыны. У вайну яна, праўда, не была разбурана — бамбілі толькі — бо тут былі партызаны, але ўсё адно: колькі ж у гэтай вёсцы было мёртвых! У памяць іх устаноўлена ў скверы ля праўлення гранітная стэла. Яна ўся спісана зверху данізу.
Мала людзей, здавалася, не ўзняць нічога, не справіцца, захірэе Кайшоўка. А зараз тут клуб, якому стаяць бы ў горадзе, з дужа багатай і па колькасці і па густу бібліятэкай (старшыня раней быў настаўнікам, а пасля дырэктарам школы), з пакоямі гурткоў, з глядзельнай залай, якой бы й тэатр пазайздросціў. У размове са мной П. М. Шчарбакоў скардзіўся толькі на тое, што ніяк не можа выцягнуць з горада — нават за харошую зарплату — добрага кіраўніка аркестра і драматычнага калектыву.
У кайшоўцаў наладжаны таксама побыт: лазня, газавыя пліты, тэлевізары, пральныя машыны.
Людзі тут дзівосныя. Гэта галоўнае.
Перспектывы, якія стаяць перад рэспублікай, вельмі шырокія. Будуць развівацца малыя гарады, будзе 36 тыс. грузавых аўтамабіляў у год, будуць мільёны тон нафты, будзе 143 тыс. тон ільновалакна. Будуць прыбраны камяні з палёў, і з часам зямля наша стане зямлёй, дзе паўсюль можна прайсці босым, не параніўшы ног. Да гэтага ідзе.
За апошнія гады Беларусь па колькасці навучэнцаў на 10 тыс. насельніцтва апярэдзіла Англію, Францыю, Японію, Італію і ФРГ. Тут у 1975 годзе працавала 9442 агульнаадукацыйныя школы, 131 сярэдняя навучальная ўстанова, 31 вышэйшая навучальная ўстанова.
Магчыма, нехта з вас, скончыўшы школу, паступіць ва універсітэт ці ў політэхнічны інстытут, такі вялікі, што ўсе карпусы і лабараторыі яго не абыдзеш і за тыдзень, або ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію з яе надзіва дагледжанымі палямі, старажытным паркам, батанічным садам і аранжарэямі, у якіх вечныя тропікі.
На Беларусі зараз працуе больш за 490 тысяч спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй.
А ўвогуле ва ўсім СССР працуе 16 358 вучоных беларускай нацыянальнасці.
У нас цяпер два універсітэты. Другі — у Гомелі. Там зараз будуюць для яго новы комплекс, дзе чаго толькі не будзе, аж да палаца спорту і вялізных будынкаў, якія некалькімі паверхамі ўходзяць пад зямлю. А ўвогуле ў рэспубліцы шмат навукова-даследчых устаноў.
Ёсць даследчыя інстытуты ў тых мясцінах, дзе раней іх не было. Беларусія атамшчыкі, кібернетыкі, працаўнікі вылічальнага цэнтра высока цэняцца людзьмі навукі ўсяго СССР.
Акадэмія навук аб'ядноўвае звыш трыццаці навукова-даследчых інстытутаў. Упершыню выдадзена "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя". Кіраваў гэтым выданнем лаўрэат Ленінскай прэміі, народны паэт БССР Пятрусь Броўка. Рыхтуецца да выхаду сямітомная праца "Помнікі Савецкай Беларусі", у якой будуць апісаны і пададзены ў фатаграфіях і планах усе каштоўныя помнікі: ад старых курганаў і гарадзішч, ад самых даўніх вежаў да новых гмахаў са шкла і бетону, да помнікаў на магілах салдат і знішчаных фашыстамі людзей. Бо народ павінен помніць усё ў сваёй гісторыі, а хто згубіў памяць — згубіў усё. І ўсе тыя помнікі, што ўвойдуць у "Помнікі", будуць аўтаматычна знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Мне пашчасціла ездзіць не з адной экспедыцыяй "Помнікаў", удзельнічаць у абмерах і фатаграфаванні старых палацаў, веж і званіц, і гэта было так цікава, што я, пэўна, яшчэ не раз паеду з гэтымі людзьмі.
Читать дальше