— Што гэта ў вас, дзядзька, на могілках ледзь не адно прозвішча?
— А так, адно. Гасціла. Шмат у нас Гасцілаў. Гэта ж і Мікола Гасціла адсюль. Гэто ўжо там недзе, у Расіі, яму ці ягонаму бацьку прозвішча на Гастэла перарабілі. Ужо не ведаю, ці пісар ваенны, ці хто.
26 чэрвеня ля Радашковіч Мікалай Гастэла кінуў свой, ахоплены агнём самалёт на калону нямецкіх танкаў і бензацыстэрнаў. Такіх людзей было нямала. І ўсё ж 28 чэрвеня быў захоплены Мінск. Да 11 ліпеня ішлі баі за Віцебск, з 1 да 26 ліпеня змагаліся абаронцы Магілёва. Да пачатку верасня 1941 года гітлераўскія захопнікі акупіравалі ўсю Беларусь.
Частка прамысловага абсталявання, маёмасці саўгасаў і калгасаў была эвакуіравана. Астатняе схавалі на месцы або знішчылі.
Прычыны нашых няўдач на пачатку вайны вядомыя ўсім. Але ўжо ў гэтых няшчасцях кавалася тое, што прывяло да ганебнага краху "тысячагадовы райх".
Хутар над Сервеччу. Побач з вадзяным млынам. Пажылы падпалкоўнік Яўген Крамко расказвае мне:
— З Гродна не паспеў пайсці. Я тады быў цывільны хлопец, у школе працаваў. Ішоў з групай такіх самых — адна вінтоўка ў нас была — дадому, пад Карэлічы. Раз банда нейкая нас абстраляла. Ну, стрэліў у адказ разы тры, змоўклі… Неба ад самалётаў было аж чорнае: гэта яны кідалі дэсант пад Мінск… За тры дні (і яшчэ дзень быў днёўкі) прайшлі каля ста пяцідзесяці кіламетраў. На вёсцы пасля суткі спаў. І тут пацягнуліся акружэнцы. Усё ім аддавалі. І вось заходзіць чалавек у форме. Убачыў часопіс "Полымя рэвалюцыі", прысвечаны Купалу. "Камсамолец?" — пытае. "Так". — "Тады збяры што-небудзь. І прыгані ніжэй вёскі чайку" (човен). Сабралі, што засталося: сала кавалак, бульбы халоднай, пяток яек. Аж там у ляску група ваенных. У аднаго аблічча значнае такое, валявое. І чатыры шпалы ў пятліцах. Камандзір палка. Перавёз я іх цераз Нёман. А на дарогах машыны грукочуць. Павёў поплавам. Адну вінтоўку падабраў, з поўнай абоймай. Той, што прыходзіў, кажа: "Кінь". Тады камандзір кажа: "Гэта ты кінь. Нясі, хлопец". Я іх прашу: "Вазьміце і мяне з сабой". Палкоўнік кажа: "Вось што, хлопец. Гледзячы па ўсім, табе і тут справы хопіць. Збірай вось так зброю і хавай. Прыдасца. А мы… невядома яшчэ ці выйдзем". Пайшоў я назад бродам. Гляджу, на дне пішучая машынка. Узяў яе і ледзь на смерць не наляцеў. Бандыт на беразе. Але ўгаварылі яго "дружкі", каб не страляў. Загадалі толькі кінуць… Ну, пасля я яе ўсё адно з дна выбраў. На ёй партызанскія загады і лістоўкі друкаваліся. Прыдаліся, вядома, і вінтоўкі.
Яўген Крамко стаў адным з першых партызан у наваколлі.
Не ўзяцца за зброю было нельга. Савецкі патрыятызм і чалавечая годнасць загадвалі ісці ў бой супраць тых, хто зацягнуў край калючым дротам. Катарга, рабунак, знішчэнне мірных людзей, турмы і канцлагеры. У лагеры Трасцянец, пад Мінскам, тры гады знішчалі па 137 чалавек у дзень. Значыць, 6 чалавек у гадзіну. Значыць, кожныя дзесяць хвілін тут навекі паміралі зямля і неба, увесь сусвет. За гады акупацыі фашысты знішчылі ў Трасцянцы 206 тысяч 500 чалавек.
У некаторых мясцінах не ступала нага немца. Не пусцілі. Там працавалі нашы ўстановы, саўгасы, ішлі заняткі ў школах. Пра ўсіх расказаць немагчыма. Вось толькі некаторыя. Канстанцін Заслонаў, які арганізаваў дыверсіі на Аршанскім вузле: выбухі цягнікоў з дапамогай вугальных мін, замарожванне вадакачак, сігналы нашым лётчыкам падчас бамбёжак. Пасля — партызанскі атрад і гераічная гібель 14 лістапада 1942 года ў баі пад Купаваццю.
А. М. Шмыроў, Ф. Паўлоўскі, стогадовы партызан дзед Талаш. А 14-гадовы Марат Казей, сувязны, разведчык, баец, што загінуў у маі 1944 г. Яму зараз стаіць у Мінску помнік. А обальскія юнакі-падпольшчыкі! Яны ўзарвалі на станцыі Обаль некалькі эшалонаў з танкамі і авіябомбамі, узарвалі льнозавод, электрастанцыю, некалькі складаў і мастоў, цагельню, тры матавозы, экскаватар, дзесяць аўтамашын з салдатамі, зрабілі дыверсію ў нямецкай афіцэрскай сталовай (загінула звыш ста чалавек). Правакатар выдаў іх, але схоплены былі не ўсе, частка пайшла ў партызаны.
…А Мінскае падполле, што няспынна вяло барацьбу, кульмінацыяй якой было забойства гаўляйтара Беларусі сатрапа Кубэ. Міна, прынесеная патрыёткамі А. Мазанік, М. Осіпавай, Н. Траян, разнесла Вільгельма Кубэ ў шматкі. Калі вы глядзелі фільм "Гадзіннік спыніўся апоўначы", вы прыблізна ведаеце, як гэта адбылося.
А ў ноч з 2 на 3 жніўня 1943 г. пачалася на Беларусі першая "рэйкавая вайна". За 12 дзён аперацыі партызаны ўзарвалі 95 тысяч рэек. Чыгункі сталі прапускаць на 40 % меней ваенных грузаў. І гэта было ў час бітвы пад Курскам.
Читать дальше