М. Грабоўскі ў польскім часопісе "Пельгжым" піша ў 1843 г.: "Не толькі цяпер, але і з самага дзяцінства, палымяны беларус, ён правёў з народам усё жыццё: яго загарэлы, далёка не кабінетны твар даводзіць, што ён з'яўляецца чалавекам справы… Ён дасканала ведае ўсю Беларусь, бо разоў з трыццаць абышоў пешшу і штогодна наведвае яе з Пецярбурга, а ўсюды там пажаданы і сустракаецца з радасцю, бо, як бард той старонкі, ён сыпле, бы з рукава, апавяданнямі і анекдотамі. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: не дадае амаль нічога свайго, а між тым усё становіцца яго ўласным".
І вось на старонках "Завальні" ідзе Беларусь, якая яна ёсць і якой яна ўяўляе сябе. Чорны певень нясе мужыку Карпу яйка, з якога выводзіцца крылаты змей, — і вось Карп ужо кулак, глытай, які ўсіх ставіць у нішто, якому смешныя вясковыя звычкі. І гіне ахвярай сквапнасці… Уладарка-чараўніца, што перакідваецца ў белую сароку, прылятае да пана Скамарохі, хцівага і пыхатага крыўдзіцеля бедных, удоў і сірот, заводзіць сяброўства з ім і іншымі панамі азёрнага краю, — і пачынаецца няшчасце: сохнуць вымі ў кароў, мядзведзі нападаюць на вуллі, з хаты чараўніцы плыве малочная рака. Мужыкі са стрэльбамі чакаюць на Сароку, тая адлятае, але зло засталося: "Паны, што пілі за яе здароўе, п'юць слёзы няшчаснага народу". Фантазія ўсё нястрымней, аж да таго, што ў Віцебскага мярзотніка Генрыха — аж да вар'яцтва — пачынаюць крычаць валасы на галаве. І ўсе гэтыя незвычайныя рэчы — на фоне простай, мілай прыроды нашай поўначы, на рэальным фоне тагачасных вёсак, гарадоў, маёнткаў, сярод звычайных прыгонных людзей, страшных паноў, прадажных суддзяў.
Баршчэўскi адкрыў славянскаму свету Беларусь.
Што з таго, што ён вымушан быў пісаць па-польску. Неласкавы і страшны наш лёс многім судзіў такое. Дзесяткі людзей нараджаліся і адыходзілі ў суседнія культуры, абагачаючы і часам узвялічваючы іх.
Апошнія гады свайго вандроўнага нялёгкага жыцця Ян Баршчэўскі правёў на Украіне. Пісаў у Адэсе санеты, выдаў у Кіеве кніжку паэзіі і прозы і памёр у чужым доме магната Ржэвускага ў Цуднове на Валыні, дзе і пахаваны.
…Увогуле многія беларусы паходжаннем і продкамі адыходзілі тады ў суседнія культуры.
Я казаў ужо пра Міцкевіча. Але вось мінулым летам лёс закінуў нашу экспедыцыю ў вёску Дастоева, на поўнач ад Янава Палескага, Глыбінка! Жоўтыя, аж залатыя ад лісічак, бронзавыя ад баравікоў лясы. Вільготная пойма багатай Ясельды. Я неяк не думаў пра назву вёскі, аж пакуль нехта з хлопцаў не сказаў: "А мы з нашчадкамі пісьменніка "Дастаеўскага" перапісваемся. Ім цікава ведаць, як тут, на радзіме продкаў". Тады і я ўспомніў, што гэта сапраўды здаўна-давён гняздо гэтага рода. Старога рода, які належаў да беларускага герба "Радван".
…Так многія адыходзілі да суседзяў. Калі беларус слухае оперу "Галька" С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй і ў оперы "Страшны двор" выразную беларускую песенную аснову. І праўда, вялікі кампазітар нарадзіўся ў Убелі пад Мінскам, выхоўваўся на народнай песні, напісаў аперэту "Ідылія" (тэкст да яе склаў адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры В. Дунін-Марцінкевіч), у якой паны гаварылі па-польску, а сяляне па-беларуску. Ён увогуле напісаў на словы Марцінкевіча чатыры творы, і гэта, уласна, пачатак оперы беларускай.
А Уладзіслаў Сыракомля (1823? 1862 гг.), які таксама большую частку сваёй творчасці аддаў Польшчы, а вершы якога па-беларуску, відаць, згарэлі ў апошнюю вайну ў Варшаве. Згарэлі ў рукапісах. Засталося толькі некалькі рэчаў. Страту гэтую нічым не кампенсуеш.
Дзіўныя бываюць пуцявіны ў людзей і твораў. Вось пачатак і канец верша Сыракомлі "Паштальён":
На пошту я трапіў зусім малады,
Фурман з мяне ўдаўся зухвалы,
А волі не меў — дый ганялі тады:
Хоць свята, хоць ноч — усё мала.
.
Конь чмыхнуў пры слупе.
Спыніўся наўзбоч:
У снезе пад плахаю белай,
Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч,
Як дрэва, уся скасцянела.
Я снежную намець атрос з яе шат
І труп падцягнуў да дарогі…
Абцёр ёй аблічча… Была гэта, брат…
Дай чарку… Не маю больш змогі!
Што гэта? Ну ясна ж, што вы адразу пачулі голас спевака Лемешава. У перакладзе гэты верш стаў рускай народнай песняй "Когда я на почте служил ямщиком".
Манюшка калісьці пісаў з прычыны таго, што нехта ў Мінску пажартаваў з беларускага паэта і драматурга В. Дуніна-Марцінкевіча, замовіўшы па ім "пахавальны звон за спакой душы" і, вядома, не паставіўшы на пасылцы свайго імя, даслаў яму ў дом саван і падсвечнікі: "Напэўна, Жулкоўскі [16] Славуты польскі акцёр-комік.
быў родам з гэтага горада. А што датычыцца Вальтэра, то няма чаго і сумнявацца, што ён мінчанін. Не ведаю, чаму Мальер лічыў сябе французам, калі ў Мінску ледзь не паказваюць вуліцу, дзе ён нарадзіўся…"
Читать дальше