Гэта з лекцый, чытаных Міцкевічам у Калеж дэ Франс, у Парыжы.
Першыя ластаўкi, або падарожжа Энея
…А між тым прыляцелі ўжо і першыя ластаўкі новай літаратуры. У першай палове XIX ст. з'явілася ананімная паэма "Энеіда навыварат". У сярэдзіне стагоддзя — паэма "Тарас на Парнасе". Таксама ананімная. Яны сведчылі аб тым, што літаратура ажывае ад летаргіі. Праз некалькі год пасля ўкраінскай "Энеіды" Катлярэўскага з'явілася "Энеіда" беларуская, твор навеяны "Энеідай" Вергілія і травестыйнымі паэмамі Катлярэўскага і Осіпава. Але гэта самастойны, глыбока беларускі твор. Аўтарам яго цяпер многія даследчыкі лічаць В. П. Равінскага (каля 1765–1831 гг.). Ураджэнец Духаўшчынскай акругі Смаленскай губерні, удзельнік войнаў 1805 і 1812 гг. За Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай "За храбрость". Адстаўны палкоўнік. Напісаў камедыю "Шлюб між волі", шмат вершаў "на выпадак".
А некаторыя схіляюцца да думкі аб віцебскім паходжанні паэмы і аўтарам называюць мясцовага чыноўніка І.А. Манькоўскага.
Паэма жывая, гарэзлівая, дзёрзкая, вельмі народная і па-сапраўдаму смешная.
А другая паэма "Тарас на Парнасе" — новая, вышэйшая ступень беларускай паэзіі.
Герой, палясоўшчык Тарас, служака, якога і пан шануе і пані любіць, ідзе з першымі пеўнямі біць цецерукоў і, уцякаючы ад мядзведзя — дубальтоўка дала асечку, — падае ў яму і трапляе ці то ў рай, ці то ў шчаслівую Аркадыю. "Хлапчына нейкі круглалікі, увесь кучаравы, як баран", з лукам і калчанам (Амур) кажа яму, што гэтая дарога з таго свету і вядзе на Парнас. Тарас ідзе. Бачыць гару, а пад ёй — цэлы кірмаш народу.
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха,
Народ не просты, ўсе паны.
Хто дужа шпарка, хто паціху
Ўсе лезуць на гару яны.
Аж кішкі выціскаюць адзін аднаму. І вось з натоўпу піск:
"Памалу, братцы, не душыце
Мой фельетон вы і "Пчалу",
Мяне ж самога прапусціце
І не дзяржыце за палу!
А не, дык дадушы, у газеце
Я вас аблаю на ўвесь свет,
Як Гогаля у прошлым леце, —
Я ж сам рэдактар ўсіх газет!"
Гэта Булгарын, літаратар-даносчык, асабісты вораг Пушкіна, правакатар, агент ІІІ аддзялення імперскай яго вялікасці канцылярыі.
Гляджу сабе — аж гэта сівы,
Кароткі, тоўсты, як чурбан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы пан.
.
Во нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы,
І, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў ўжо не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі
І Гогаль шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас.
Тарас праштурхаўся праз натоўп і ўбачыў заможны двор, абнесены плотам.
А на дварэ там свінні ходзяць,
Каровы, козы, бараны…
Знаць, і багі хазяйства водзяць,
Калі свіней дзяржаць яны.
Двор, пабудовы, хаты — багацюшчыя. Ну, мара селяніна! І багі, як адна непадзеленая патрыярхальная сям'я. "Як у казарме там салдатаў — багоў — не можна пашчытаць!" Хто з багоў хадакі багіням шые, а багіні мыюць багам кашулі і парткі.
Вось б'юцца Марс ды з Геркулесам,
А Геркулес, як той мядзведзь,
Каб цешыць старага Зевеса,
Хахол ён Марсу добра мнець.
.
Амур жа з дзеўкамі жартуе,
Ну, проста смех ажно бярэ!
То ён знянацку пацалуе,
То хустку з галавы здзярэ.
Ядуць. Таксама ідылія. Таксама мара — аб сытасці.
Бах сп'яну пеў такі прыпеўкі,
Што аж няможна гаварыць,
Аж засароміліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.
А Зеўс тым часам насцябаўся,
Што носам чуць зямлю не рыў, —
Ён вочы плюшчыў і ківаўся
Ды быццам нешта гаварыў.
Хоць не маё, то, праўда, дзела,
Не след мне, можа, і казаць,
Любіў ён цешыць грэшна цела
Ды часам лоўка падгуляць.
Пачынаецца гулянка, скокі. Увесь задор агнявога беларускага танца. Пад відам багоў і багінь маладыя хлопцы і дзяўчаты, здаровыя, прыгожыя, сытыя, працавітыя… вольныя.
Узяўшы хустачку, Венера
Пайшла "мяцеліцу" скакаць.
Прыгожа, стройна цераз меру,
Пяром не можна апісаць.
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калясе,
Як жар, гарыць яе спадніца,
Істужкі ўплецены ў касе.
Мара аб ідэале жыцця, аб ідэале прыгажосці, аб селяніне, які скакаў нават лепей за багоў і прымусіў іх здзіўляцца. "Тарас на Парнасе" і дасюль улюбёны твор беларусаў. Дзесяткі тысяч людзей ведаюць яго на памяць.
Побач з ананімнай з'яўляецца і літаратура аўтарская. У 1828 годзе паўстала супраць пана мястэчка Крошын ля Баранавіч. Прыйшло войска. У ліку іншых быў пакараны каваль. Сын яго, парабак, што скончыў пачатковую школу, быў здадзены ў салдаты. За некалькі сшыткаў патрыятычных антыпрыгонных вершаў, якія і дагэтуль не знойдзены. Звалі прыгоннага паэта Паўлюк Багрым (1813 — каля 1891 гг.). Лёс быў да яго бязлітасны. Не дзесяць, як Шаўчэнка, а поўныя дваццаць пяць год адмучыўся ён у казармах. Без усякіх паблажак і заступніцтва, бо Шаўчэнку ведалі многія ўплывовыя людзі і рабілі спробы заступацца, а хто ведаў Багрыма, звычайнага мужыка. Вярнуўшыся на вёску, працаваў у Крошыне кавалём. Меў залатыя рукі. У Крошынскім касцёле ёсць каваная люстра яго работы: перапляценне кветкавых бутонаў і жаўрукоў у палёце. Ад Багрыма дайшоў да нас адзіны верш "Заграй, заграй, хлопча малы" — верш гнеўнага бунту супраць прыгону, шчымлівай журбы і глыбокай чалавечнасці. І вось загінуў паэт, як тысячы такіх звялося і да яго і пасля. Згінулі і ляжаць, нікім не аплаканыя, акрамя, можа, палявых вятроў.
Читать дальше