Дый што дзівіцца? Указам ад 18 ліпеня 1840 г. Мікалай І забараніў слова "Беларусь". Пасля 1863 года было забаронена і выданне кніг па-беларуску. Кніганошы, якія кантрабандай, у корабах, праносілі на Беларусь беларускія кнігі, выдадзеныя за мяжой, часта гінулі. У іх загадана было страляць, і ўсё ж яны насілі, хаваючыся, рызыкуючы на кожным кроку. Склалася становішча, аб якім добра сказаў беларускі апокрыф: "Ісцінна кажу вам: шчаслівы, хто мае ў дамах сваю кнігу славясы сваімі. І ісцінна яшчэ тое, што хто мае — не цэніць, а хто не мае — точыць кроў сваю за слова адзінае".
Голас забароненай Бацькаўшчыны
Ян Баршчэўскі (1794–1851 гг.) таксама вельмі цікавая асоба. Чалавек, які пісаў вершы, балады і паэмы па-польску. Шмат. І нічым з гэтага не ўвайшоў у вялікую літаратуру. Горача любіў родны край, але ведаў, што надрукавацца па-беларуску не дадуць, лічыў, што роднай мовай пакуль што нельга выказаць складаныя пачуцці і абстрактныя думкі. І… застаўся ў літаратуры… трыма (было болей, але дайшло тры) вершамі па-беларуску, дзе і пачуццё, і гістарызм, ды яшчэ чатырохтомным зборнікам, дзе пад кожным творам бруіць, звініць, льецца беларускі фальклор, беларуская песня, беларускі спосаб мыслення, фантазія беларуская, гора і шчасце беларуса: "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Гэта напісана таксама па-польску (сям-там з беларускімі дыялогамі), але важна тое, што за кожным радком тут стаіць беларус і яго зямля.
Паходзіў будучы паэт з фальварка Мурагі ля возера Няшчэрда на поўначы Беларусі (Расонскі раён). Любіў гасціць у свайго дзядзькі, шляхціца з тых, чый побыт быў амаль сялянскі, як і ў бацькоў Яна. Узімку возерам ішлі абозы, на вялізнай яго паверхні гуляла завіруха. Дзядзька ставіў на акно доміка свечку, каб падарожныя сяляне, перакупшчыкі і купцы, шляхта і вандроўнікі цягнуліся праз завею на агеньчык, як матылі ўлетку. Прасіліся пераначаваць. Размотвалі башлыкі, скідалі каляныя буркі і кажухі, сядалі на драўляныя шляхецкія "канапы" (Векаўшчына! Год па сто! Такія і зараз сям-там стаяць па хатах нашчадкаў былой "лапцявой" шляхты, і сядзець на іх — пакута), пілі чай, а то і нешта мацнейшае. Адзінаю платай за гэта былі апавяданні і легенды, выпадкі рэальныя і несусветныя, але цікавая брахня, і смешныя выдумкі і выгадкі, ад якіх кроў ледзянее, як ад гогалеўскага "Вія". А хлопец слухаў гэта і пазней, разам з тым, што чуў падчас бясконцых бадзянняў па Беларусі — уставіў у "Завальню". Паколькі расказваў гэта просты народ — ён быў і героем. Адзін супраць паноў, крывасмокаў-арандатараў, чужынцаў-чыноўнікаў, чарнакніжнікаў і самой нячыстай сілы, такі самотны і бедны, але заўсёды пераможца, бо ён — Народ, бо пакуль ён арэ і цяслярыць, пакуль стаіць з чапялою ля печы сялянская баба, датуль не загіне ні мова, ні праўда, ні чалавечнасть, ні сам чалавек.
І вось з гэтага і ўзнікла "Адысея беларуская" з тысячамі прыгод або лепей нешта накшталт беларускай "1001 ночы", дзе адна казка пераходзіць у другую і ўсе звязаны адной і той жа фігурай, прывабнай фігурай Завальні, у доме якога выпадковыя госці расказваюць розныя дзівосныя здарэнні. Што ж, яшчэ ў мінулым стагоддзі Р. Падбярэзскі казаў, што "Ва ўсіх заможнейшых дамах Беларусі і Інфлянтаў не знойдзеш столькі паданняў, столькі народнай стыхіі, што маецца ў адной хатцы такога хутарскога шляхціца".
Па такіх хадзіў і Баршчэўскі, будучы полацкім шкаляром. Бурсака любілі, ірвалі з рук у рукі, бо з ім весялей, пацешней, паэтычней было жыць. Узнагароджвалі па дастатку: меркай пшаніцы, гароху, грэчкі, бобу. Гэта і давала яму магчымасць вучыцца. Ён і не думаў друкавацца. Пісаў, бо гэта цешыла людзей, яны развозілі вершы па кірмашах, хвалілі і смяяліся. Пасля быў Пецярбург, паездкі па чужых справах у Англію і Францыю, урокі латыні і грэчаскага ў знатных сем'ях, але… "Зімой вучыўся сам і вучыў другіх, а вясной, як жаваранка, паэзія гнала яго да роднага краю. Рабіў тыя падарожжы пешшу, з кіем вандроўніка ў руках".
І вось "Завальня". "Тое, што піша Баршчэўскі прозай, — гаворыць Падбярэзскі, — не датычыцца непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але важнейшай рэчы — духу і паэзіі народа, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён… вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця… Ён бачыць перад сабой народ, часта з усёй чароўнасцю паганскай фантазіі, якую ён апраменьвае сваім, так сказаць, беларускім гафманізмам… усё жыццё яго — адно суцэльнае адступніцтва ад самога сябе ў імя паэзіі. Каб зразумець добра, што я гавару, трэба ведаць яго асабіста, трэба яго бачыць з кіем падарожніка ў руцэ, так, як я спатыкаў яго ў маіх падарожжах, пешкі, сярод беларускага люду, на плытах Дзвіны, у прыдарожных корчмах, на сцежках у лесе і на вялікіх гасцінцах!.. Гэты чалавек не мае парожніх слоў… ён — сама сутнасць… як ні кажы, адкрывае ён новую краіну".
Читать дальше