А ў Пінску ўсё яшчэ ішлі сеча, разня і забойства, якое не літавала нікога. Згарэла 5000 дамоў, загінула больш за 3000 чалавек.
Панскае войска яшчэ раней разбілі пад Рэчыцай і Рагачовам, Гаркуша штурмаваў Быхаў. Палкі Паца былі разгромлены пад Ігуменам. У студзені жыхары Смалявіч біліся з двума нямецкімі палкамі Данавая і загінулі ў бітве. Але пасля сяляне і казакі знішчылі ля Мінска абодва палкі. Уцякло 20 наймітаў і Данавай з сынам. Не больш.
Усё войска Радзівіла рушыла на Тураў — Мазыр — Рэчыцу. Ім трэба было раздушыць Беларусь і пасля нанесці ўздоўж Дняпра ўдар у фланг і тыл Хмяльніцкага. Першы, пасля лютага супраціўлення, загінуў Тураў (ён і зараз невялічкае мястэчка, амаль вёска). Жыхары Мазыра не збаяліся і вырашылі стаяць насмерць: аблілі вадою валы і ператварылі іх у лёд, пабудавалі за мурамі яшчэ і ледзяныя барыкады. Доўга ішоў абстрэл горада. Ён запалаў. З усіх бакоў пайшлі на прыступ карнікі. Невялікі атрад Міхненкі і гараджане біліся з нязломнай мужнасцю, адбілі некалькі прыступаў. Але сілы былі няроўныя. Найміты і паны ўварваліся ў Мазыр. Зраненага Міхненку скінулі з самай высокай вежы на абледзянелыя камяні вала. Туды ж пайшлі тыя, хто прыдумаў "ледзяную крэпасць", мясцовыя верхаводы. Астатніх пасеклі шаблямі.
Валовіч быў разбіт казацкім і сялянскім атрадам Паддубскага пад Бабруйскам. Радзівіл папрасіў караля аб дапамозе і атрымаў ад яго 10 000 конніцы і пяхоты, а тады прыйшоў на дапамогу Валовічу. Здрада крочыць нават праз самыя высокія муры. Гарадская вярхушка ўпотай адкрыла браму. Абаронцы загінулі ў баі. Паддубскі быў пасаджаны на кол.
А пасля было перамір'е, якое панства выкарыстала для расправы. І, аднак, калі ў 1649 г. прыйшоў з казакамі Ілля Галота (у яго было 10 000 чалавек, а праз пару тыдняў ужо 30 000), разбіў Радзівіла — краіна зноў узнялася. Пасля прыйшоў Сцяпан Падбайла. А пасля на дапамогу яму рушыў з Украіны 15-тысячны атрад казакаў і беглых сялян, на чале якога стаяў асабісты сябар Багдана, адзін з лепшых яго военачальнікаў і блізкіх саратнікаў, беларус Міхал Крычаўскі, у той час пераяслаўскі і кіеўскі палкоўнік. Пачалася шматдзённая сеча. Спачатку ў полі, пасля за ляснымі засекамі. Прыкры выпадак дапамог амаль разбітаму Радзівілу: кавалерыя, пасланая ім адрэзаць Крычаўскаму шлях з Украіны (палкоўнік падмануў іх і абышоў), не знайшла яго, заблукала і… выйшла невядома як у левы фланг ватажка. Падбайлу, які спяшаўся на дапамогу, адкінулі да Дняпра. Уначы паўстанцам удалося таемна вылезці з завалаў і знікнуць праз лясы і балоты. Адзін маленькі атрад панству ўсё ж удалося дагнаць: тыя не маглі бегчы, везлі на возе ўсяго зраненага ва ўчарашняй сечы пераяслаўскага палкоўніка. Супраціўляліся шалёна. Крычаўскі, лежачы, страляў па нападаючых. Пасля выйшлі набоі, а казакі і сяляне, што біліся да апошняга, ляжалі вакол, пасечаныя. Здзіўлены смеласцю Міхала, Радзівіл прапанаваў яму пераход на службу. Крычаўскі плюнуў і раструшчыў сабе галаву ўдарам аб куты жалезам задок воза.
Яшчэ год, патанаючы ў крыві, успыхвалі паўстанні. Жыхары Гомеля, Мсціслаўя, Чачэрска, Прапойска і іншых гарадоў і ў 1651 годзе не далі Радзівілу прарвацца ў тыл Хмяльніцкаму, які наступаў. У ярасці гетман Літвы Януш Кішка сказаў: "Усіх беларусцаў і з існымі людзьмі перабіць". Запусцелі цэлыя вобласці, і толькі тады ўлетку Радзівілу, нарэшце, удалося ўварвацца на Украіну.
А пасля Берасцечка, Белацаркоўская ўмова, а потым вайна войск цара Аляксея з Польшчай. І ўсякае ліха, і шведскі патоп, і мір з Польшчай.
Гераізм гэтай сялянскай вайны і дагэтуль захапляе нас, але быў і адваротны бок медаля: спусташэнне, захірэнне гарадоў, здратаваныя палі. Што зробіш, па нашай прыказцы "бяда толькі рака красіць".
…Калі вы прыйдзеце ў Кіеве на плошчу перад Сафіяй і станеце перад помнікам Хмяльніцкаму — успомніце, дарэчы, не толькі тыя часы, але і тое, што помнік той рабіў беларус, Міхал Мікешын. Аўтарскі праект, які палічылі дарагім (літая мадэль яго ёсць у мінскім мастацкім музеі), прадугледжваў пад капытамі гетманскага каня пана і езуіта, а вакол п'едэстала постаці кабзара, рускага мужыка, казака і беларускага селяніна.
Па-мойму, усе яны заслужылі гэта права сваім гераізмам.
Навала. Абнаўленне. Паўстанні
Сувязі народаў не губляліся і праз мяжу, што падзяліла іх пасля Пераяслаўскай рады. Беларусь была прыдушана, але па-ранейшаму яе майстры высока цаніліся на будоўлях Масквы і Варшавы.
Па-ранейшаму здабывалі ў Кіеве асвету беларускія хлопцы, а напрыклад, такі з іх, як Тарасевіч, чалавек родам з-пад Глуска, пастрыгшыся на Украіне ў манахі, стаў у XVII ст. заснавальнікам украінскай графікі.
Читать дальше