Кіраўніцтва гэтай барацьбой узялі на сябе брацтвы. У брацтва плацілі ўзносы і шляхціц і селянін (прычым, унутры брацтва першы не быў вышэй за другога). Яны будавалі друкарні, клапаціліся аб асвеце, заводзілі для дзяцей школы на роднай мове, падтрымлівалі прапаведнікаў і пісьменнікаў, якія стаялі за іх. Так спляліся ў адно эканоміка, рэлігія, мовы (шляхціц-эксплуататар, католік, найчасцей "паляк"; селянін і гараджанін — прыгнечаны, праваслаўны, "беларус"). Але былі праваслаўныя шляхціцы і католікі-сяляне.
І вось народ, раздзёрты на дзве паловы, зубамі рваў брата па крыві.
Адны марылі голадам — другія паўставалі. У гэтыя гады асабліва ўзмацнела дружба між Украінай і Беларуссю. Нашы сяляне тысячамі ўцякалі на Сеч. Усім вядома, што нянавісць просталюдзіна да чужынца-пана вылілася на Украіне ў такі заядлы рух, як казацкі, што скончыўся патрасеннем Рэчы Паспалітай і адпадзеннем Украіны. На Беларусі такога не было. Не было такой вайсковай арганізацыі, як Сеч, што "трэніравалася" валодаць шабляй, рушніцай, воінскім строем на крымчаках, што заўсёды была пры зброі, заўсёды магла выбухнуць бунтам — паспрабуй толькі яе зачапі. Беларус быў у той час звычайны "грэчкасей", рамеснік ці купец. Яму не было куды ўцячы і гадамі рыхтавацца да воінскай прафесіі, да сур'ёзнай барацьбы. Але гэтыя тысячы ўцекачоў на Запарожжа ўлівалі ў жылы казацтва нямала свежай крыві, ваявалі смела, часта выслугоўваліся да палкоўнікаў (Міхал Крычаўскі і інш.). Але як толькі на Беларусі пачыналася паўстанне — казацкія загоны прыходзілі на дапамогу. І любы выбух на Украіне аддаваўся пажарам на Беларусі. Кінуць сілы, а ў тыле панскіх войск успыхвае сялянскі рух. Вось некалькі прыкладаў.
1590 г. Атаман Мацюшка Гультай напаў на Магілёў. Ягоны загон аброс сялянамі, як снежны камяк. Маёнткі і палацы былі выпалены. Атрад узяў Быхаў і выбіў там растаўшчыкоў, арандатараў і шляхту.
1595 г., кастрычнік. Тысяча Севярына Налівайкі прыходзіць на Беларусь, знянацку бярэ Слуцк, а ў ім здабычу, зброю і 12 гармат. Праз некалькі дзён у Налівайкі ўжо дзве тысячы коннікаў і пяхоты. Каля Слуцка яны рассейваюць гарматным агнём шляхецкае войска. Прыціхлыя было пасля "Мацюшынай вайны", сялянскія бунты зноў успыхваюць "аж да Мінска". 30 лістапада 1595 г. узяты Магілёў, пабіты "баяры і ўчцівыя людзі", выпалены "крамы з вялікімі скарбамі".
У сярэдзіне снежня падыходзіць гетман літоўскі, у яго 18 000 войска. Паўстанцы адбіваюцца. З лагера, пасля, агрызаючыся, адыходзяць. Ім няма чаго губляць, б'юцца яны шалёна. Ясна, што ісці за паўстанцамі няма карысці. Налівайка бярэ Рэчыцу, ідзе на Пінск і з дзвюма тысячамі войска адыходзіць на Украіну.
1601–1602 гг. Тое самае з атрадам Дубіны. Напад на Віцебск. Шляхце і гарадскім "лепшым людзям" удаецца захапіць у палон Дубіну і яго паплечнікаў — казакаў і сялян, — вывесці на "Заручайскія валатоўкі" і там пасадзіць на кол.
Бунт за бунтам. 1584 год — паўстанне ў Полацку. Не хацелі грэгарыянскага календара, па якім зараз жывём мы, "бо ён каталіцкі". Грамілі панскія дамы.
1606 г. Польская інтэрвенцыя ў Масковіі. Патрэбны грошы. Прэс падаткаў цісне, як ніколі. Гарадская рада Магілёва так злоўжывала сваім становішчам, так крыўдзіла народ, што горад паўстаў, разагнаў раду і заняў ратушу. Кіраваў паўстанцамі рамеснік Стахор Мітковіч. Новыя раднікі — каваль, кравец, збраяр, ганчар, чабатар, калачнік. Чатыры гады цягнулася барацьба. У 1610 годзе Сігізмунд ІІІ задушыў паўстанне. Кіраўнікоў павесілі на Ільінскай гары.
1616 — пад Глускам сяляне разбілі полк пана Сянкевіча.
1623 — паўстаў Віцебск. Біскуп Іясафат Кунцэвіч, сілком насаджаючы "вунію", кідаў людзей у турмы, выкопваў трупы праваслаўных з магіл і кідаў сабакам, рабаваў, ездзіў па ўсім наваколлі, зачыняючы цэрквы. Аршанцы не пусцілі яго, ледзь не ўтапілі ў Дняпры. Магілёў запёр брамы, выцягнуў на вал гарматы і сказаў, каб "душахват" каціўся адсюль, калі не хоча атрымаць пяціфунтовае ядро ніжэй спіны. Асаблівай патрэбы ў такім набытку біскуп, па ўсяму відаць, не адчуваў, бо зматаў вуды.
12 лістапда 1623 года чаша перапоўнілася. Ударыў набат. Жыхары Віцебска і добраахвотнікі з Оршы, Полацка, Вільні і Магілёва, а таксама сяляне навакольных вёсак перабілі біскупскую гвардыю, уварваліся ў дом Кунцэвіча, знявечылі і забілі біскупа, працягнулі труп за ногі па горадзе і кінулі ў Дзвіну. Прыйшло войска. Паляцелі галовы ў дваццаці ўдзельнікаў паўстання.
Як вы заўважылі, паўставалі пераважна гарады. Горад, "паветра якога робіць вольным", асабліва адчуваў на сабе феадальныя ланцугі. Менавіта ў ім нараджалася беларускае Адраджэнне, гуманізм, пісьменнасць, філасофія, літаратура.
Читать дальше