І ўсё ж паўсюль пачалі трапляцца карчагі з надпісамі на баках, вераценныя прасліцы, — надпісы тут часам не дужа пісьменныя, напрыклад: "бабино прясльнец" замест "прясльице", — каменныя надпісныя крыжы і іконы, а то і камяні — помнікі эпіграфікі. Проста ў вадзе Дзвіны ля Полацка ляжыць камень з надпісам: "Господі помозі рабу своему Борісу". Або на камені, што ляжыць на полі ля Коханава: "В лето 6679 (1171 г.) месяца мая в 7 день доспен (высечаны) крест сий; господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду, сыну Борису". Бачыў я такія камяні. Дзіўны настрой ахоплівае ля іх чалавека, пачуццё прыналежнасці да гісторыі.
І ўсё ж дарэмна некаторыя лічаць, што пісьменнасць распаўсюджана была шырока. Спасылаюцца на бяросту "От Степана къ Нежилови. Оже еси продал порты (адзенне), а купи ми жита за 6 гривенъ. А ли цего еси не продалъ, а посли мне лицемъ (гатоўкаю). А ли еси продалъ, а добро сътворя у купи ми жита". Кажуць, вось мужык, вось недарод, бедны, а пісьменны. Нішто сабе бедны, калі мае адзення на продаж больш як на 6 грыўняў. На 6 грыўняў тады можна было наняць чатырох наймічак тэрмінам на 6 год. Усё ж, мабыць, пісьменныя былі найбольш людзі грашавітыя.
Бяднейшыя жылі ў маладых яшчэ гарадах ці па вёсках, займаліся рамяством або аралі зямлю. Сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку (глупства гэта, што завезлі яе ў Еўропу арабы ў XV ст.; знаходзяць на Беларусі, скажам, у Гродні, зерні грэчкі значна ранейшага часу, дый сама назва звязана з "грэцкім жытам", з Візантыяй), боб, лён, гарох, каноплі. Палявалі, лавілі рыбу, выдзіралі пчаліныя борці. А вярхушка, вядома, ваявала, правіла, чыніла суд, жыла на дзядзінцы ў дамах, дзе муры распісаны былі шматкаляровым і фрэскамі, піла з прывазнога іранскага фаянсавага посуду ці са свайго, шклянога, гуляла ў шахматы (знойдзены фігуры), мела нават забаўкі, якія проста прыкрашалі дом.
У гэты час з'явіліся першыя пісьменнікі. Літаратура, створаная імі, гэта яшчэ рэлігійная, царкоўная літаратура: жыція святых, паломніцкія падарожжы, царкоўныя казані. Але паглядзіце, як жыва гучыць, напрыклад, апісанне вясны ў Кірылы Тураўскага (ХІІ ст.): "Сёння сонца красуяся да вышыні ўсходзіць і красуяся зямлю агравае… Сёння… скончылася зіма і лёд… растаяў… Цяпер вясна красуецца, ажыўляючы прыроду зямную; бурныя ветры, ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, гадуючы насенне, нараджае зялёную траву… Сёння навароджаныя ягняты… скачуць і, хутка да матак сваіх вяртаючыся, весяляцца. Сёння дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі водарныя працвітаюць, і вось ужо сады струменяць салодкі пах… Сёння ўсе добрагалосныя птушкі… весяляцца… і, сваю кожная спяваючы песню, славяць бога нямоўчнымі галасамі". Праўда, зусім як майскі вечар, калі адпачываюць людзі на прызбе ля хаты. Сады цвітуць. Дзеці бегаюць і кідаюць шапкамі ў хрушчоў або калоцяць іх з дрэў. Гэта і тады было так.
I паўстане род на род i племя на племя
Жукі і кветкі і дзеці былі такія самыя. Не такі быў толькі час. Час, калі дзяліліся людзі на смердаў і лепшых людзей, калі асветніца і, магчыма, самая разумная жанчына эпохі, Ефрасіння Полацкая, радасна, не бачачы ў гэтым ахвяры, ішла ў манастыр, калі, урэшце, пачаўся феадальны разброд, войны, у якіх адзін славянін павінен быў забіваць другога славяніна…
Страшна чытаць тагачасныя летапісы. Няма сваяка, бацькі, друга, брата — ёсць прэтэндэнты на ўладу. Князі грызуцца, як псы. Гэтым карыстаюцца ворагі. Міцкевіч піша пра гэты час:
Тым часам Мешка ў княскім замку седзеў:
Рвуць край правадыры,
а з-за мяжы — суседзі.
.
I адбiваўся стогн, што енчыў люд падданы,
Ад гарадскіх муроў, ад вежаў, ад паркана,
Калі ж і далятаў да княжаскага вуха,
То князь ім пагарджаў ці краем вуха слухаў.
("Мешка, князь Наваградскi". — пераклад мой. — Ул. К.)
Былі ў гэтай барацьбе, што праўда, і свае героі, свае рыцары. Пра двух, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, гаворыць аўтар "Слова". Адзін — Ізяслаў сын Васількоў, які, пазваніўшы мячамі аб літоўскія шаломы, нерухома ўлёгся на крывавай траве, і па якім так сумна плакалі гародзенскія трубы.
Другі і ўвогуле асоба фантастычная, асоба-міф. Па дзёрзкасці, па здатнасці ўладна ўзяць рукамі ўдачу і не адпускаць яе. І вось што дзіўна. Усяслаў Полацкі шмат разоў ваяваў і з Ноўгарадам і з Кіевам, а аўтар "Слова" чамусьці не асуджае яго і толькі моліць яго нашчадкаў кінуць сваркі і ўсобіцы, каб вярнулася магутная слава Усяслава. Чаму? Можа, таму, што людзям заўсёды быў па сэрцы смелы, удатны, вясёлы, сказаў бы я, авантурызм добрага толку. Той, калі ў прыгодах не шукаюць для сябе асабістай выгады, калі чалавек таленавіты нават у недахопах. Па-здрадніцку ўзялі ў палон, кінулі ў цямніцу, а кіяўляне падчас паўстання вызвалілі яго, пасадзілі на "стол". Здавалася б, веліч, слава, сіла, ды яшчэ ў спалучэнні з мужнасцю, з талентам не абы-якога дзяржаўнага дзеяча. А ён у гэтай славе, у бязмерна багатым Кіеве… чуе, як ударылі званы Сафіі Полацкай. Мабыць, бачыць лясы, занесены снегам пасад, чуе ваўчынае выццё за весніцамі вёсак, лёд у вёдрах і калматы цень, што калыхаецца на сцяне.
Читать дальше