Калі весці размову аб прамысловасці, то яна таксама нарадзілася ў той час. І гэта не перабольшанне. Ля Ваўкавыска, пад мястэчкам Рось, ёсць пасёлак Краснасельскі. Год пяцьдзесят назад у мясцовых крэйдавых горах архітэктар і археолаг З. Шміт выявіў і налічыў каля тысячы шахт. Канец неаліта. Значыць, шахтам па здабычы крэменю пяць тысяч год! Касцянымі матыкамі, рагавымі капалкамі капалі ствалы шахт. Знаходзілі жылу — пачыналі дзяўбці штрэк. Вузкі — 0,5–1 м. І паўзлі, працуючы. Часам на 20 м у даўжыню. Задыхаючыся ад дыму, бо святло было ад вогнішчаў. З дня ў дзень, бо гэта быў іх хлеб і той хлеб, які ўсё Панямонне здабывала прыладамі, зробленымі з Краснасельскага крэменю.
Прыйшла бронза, але крэменю не выціснула з ужытку і яна. Ён быў заўжды пад нагамі, а волава і медзі на Беларусі няма. Каменная сякера ў гэты час робіцца больш дасканалая, паліраваная. Вось такая, як зараз перада мной — шэра-белая, гладкая, насаджаная на, вядома, сучасную рукаяць. Як цацка.
Не буду чытаць вам лекцый аб сярэднедняпроўскай, сасніцкай, тшынецкай палескай культуры, культуры шнуравой керамікі. Як і аб культуры наступнага, жалезнага веку, які паставіў плямёны беларускай тэрыторыі ў роўныя правы з іншымі, бо ўжо чаго-чаго, а балотнай руды тут хапала. Значную частку ядраў для Крымскай кампаніі нават у сярэдзіне ХІХ ст. паставіў завод Храптовіча ў Вішневе.
Жалезны век — гэта рала, запрэжаная двума быкамі саха, серп, сякера, а значыць, і лясное, падсечнае земляробства. Гэта жыта, проса, пшаніца, гарох, авёс, віка, а калі так, то і развіццё жывёлагадоўлі.
І, адначасова, гэта накапленне багацця, гэта сутычкі між групамі, радамі, плямёнамі. Бедная роўнасць памірала. Нараджалася царства несправядлівасці. На тысячы і тысячы год. Гэтая чума ўкрыла зямлю восыпкай гарадзішч. Набегі, пажары, войны, свары з-за пашаў.
І потым брат на брата, сват на свата, сын на бацьку… "І род на род і племя паўста". Жалеза перш за ўсё ўжылі як меч, а не як серп. Што ж дзіўнага? Хірасіма таксама была раней за першую атамную электрастанцыю.
Плямёны, культуры, роды зноў аб'ядноўваліся, асімілявалі суседнія, узбуйняліся. Яны цяснілі, змянялі адны адных на будучай беларускай зямлі. Культуры: лужыцкая, паморская, мілаградская. Штрыхаванай керамікі, зарубінецкая, днепрадзвінская. Хто яны былі, гэтыя людзі, — цяжка сказаць. Тут прыходіць на дапамогу такі аддзел навукі аб мове, як гідраніміка, навука аб назвах рэк і азёр. Ясна, што прышэльцы не будуць прыдумваць для ракі сваёй назвы (часцей за ўсё). Яны спытаюць аб ёй у мясцовых плямён і пакінуць іхнюю назву, нават калі яна незразумелая. Таму мы часта і не можам растлумачыць назвы нашых рэк. Што такое, сапраўды, "Волга", "Дняпро", "Нёман"? Толькі ў сярэдзіне 1 тыс. н. э. пачынаюць з'яўляцца гідранімы славянскія. Значыць, славяне прыйшлі. А хто быў да іх? Аналіз назваў і археалогія паказалі, напрыклад, што на значнай частцы тых земляў, дзе пасля стварылася руская галіна славян, сядзелі, асіміляваныя славянамі, угра-фіны. Астраўкі іх засталіся і зараз сярод рускага насельніцтва. На самай справе, нават рака Масква, на якой узнік вялікі горад, па адным з тлумачэнняў азначае "цёмная вада" (ад ляснога ценю і ад таго, што цячэ з лясных азёр і балот). Адзін комі, дачуўшыся пра гэту тэорыю, прывёў мне і свой прыклад — пельмені. І праўда, улюбёнае блюда рускіх людзей перакладаецца з пярмяцкага: пель — вуха і нянь — хлеб, "вушны хлеб". Толькі прыклад быў няўдалы. У часы прыходу славян аб пельменях, мабыць, і чуткі не было. Гэта куды больш позняе запазычанне, хаця таксама з угра-фінскай мовы.
А тэрыторыя Беларусі да сярэдзіны 1 тыс. н. э. была этнічна дужа аднародная. Тут сядзелі балты, плямёны, блізкія сучасным літоўцам. Яны і пакінулі ў спадчыну нам свае гідранімы, а самі не пайшлі і не былі выбіты, а проста змяшаліся з прышэльцамі. І формы чарапоў ужо ў курганах ХІ — ХІІІ стст. — славянскіх, даўніх — пацвердзілі гэта.
"Не ідзі да паноў на гулянку — косткамі закідаюць". Таму я і не стану гаварыць пра ўсе культуры, што мяняліся тут, пра іхнюю кераміку (хаця, на мой погляд, самая прыгожая — чорная, нібы закураная і адлакіраваная, — кераміка паморская), пра тое, ці продкі славян людзі зарубінецкай культуры і, адсюль, ці не з'яўляецца прарадзімай славян мясцовасці па Верхняму і Сярэдняму Прыдняпроўю (дзе зараз поўдень Віцебскай, Магілёўская, Гомельская і Кіеўская вобласці, Парэчча Прыпяці з яе прытокамі і мясцовасці па Дзясне). "Паны" — археолагі і самі спрачаюцца аж да чубоў, а ўжо чужога закідаюць косткамі, хай сабе і курганнымі. Ад іх таксама баліць.
Читать дальше