Гэты горад быў калісьці сталіцай княства Літоўскага.
Яшчэ здалёк відаць Навагрудскае гарадзішча, а на ім два "зубы", абгрызеныя часам вежы. Чорныя, злёгку ў чырвонае, як прыпалены чыгун. Ад княскага замка засталося мала. Вежы моцна пашкоджаны стагоддзямі. А іх мінула ажно сем. І ўсё адно здзіўляюць фрагменты жылой вежы (12 м па фасадзе, нізкая брама, і, на вока, метраў 20 вышыні). Калі залезці наверх, вядома, з вяроўкамі і рызыкай — відаць на многія і многія кіламетры вакол. Але і знізу, у ясную пагоду відаць званіцу ў вёсцы Турэц (30 км). А унь азярцо Літоўка. Згодна паданню, тут разбілі крыжакаў, і гэта гісторыя легла ў аснову паэмы Міцкевіча "Гражына". А унь злева "Курган Міцкевіча". Сем год прысылалі на яго зямлю з усіх куткоў Заходняй Беларусі, Польшчы і Заходняй Украіны (1924–1931 гг.). І насыпалі. Па жменьцы, без усякай механізацыі.
Паглядзіш уніз — галава закружыцца, — а там дужа стары касцёл, у якім вянчаўся князь Літоўскі, а потым польскі кароль Ягайла і ў якім хрысцілі Міцкевіча. Назад глянеш — а там домік — музей Міцкевіча, адноўлены з руін. Увогуле, тут усё-ўсё звязана з імем вялікага паэта gente albarutenus natione polonus [13] Паходжання беларускага, нацыі польскай (лац.).
. Непадалёк адсюль, у фальварку Завоссе, стаіць яму абеліск, тут ён правёў дзяцінства і юнацтва, тут стрэў першае каханне. І дагэтуль шуміць у Туганавічах альтанка з ліп над няшчасным гэтым каханнем. Тут ляжыць у лесе велічэзны валун. "Камень філарэтаў", ля якога паэт сядзеў сярод членаў вальналюбнай грамады. І гэта мясцовыя песні, казанні, паданні нарадзілі на свет яго паэзію, сюжэты, рытм, песеннасць. Сюды ён увесь час цягнуўся з чужыны: "Нёман, рэчка мая радзінная, празрыстаю плынню ты абмываў мне, малому далоні". "Айчына мілая, Літва, ты як здароўе. Той табою даражыць, як сваёй крывёю, хто страціў цябе". Тут жылі яго героі: князь Мешка і Гражына і пан Тадэвуш.
І тут ляжыць возера Свіцязь, апетае ім. Векавыя дубы вакол, рэдкія сітнягі, вада невераемнай чысціні, пясчанае дно з рэдкімі рознакаляровымі каменьчыкамі. У возера дзве галоўныя загадкі.
Першая — гістарычна-казачная. У горадзе, што стаяў тут, засталіся адны жанчыны. Скарыстаўшыся адсутнасцю мужчын, на горад напалі шматлікія ворагі. Жанчыны секліся смела, але сталі знемагаць. І тады яны пачалі маліцца, і горад праваліўся, і зрабілася возера. Другая загадка — рэальная. Ёсць водарасць тэтрадыніюм яванікум. То вось, расце яна, акрамя трапічных азёр Явы і Суматры, толькі… у Свіцязі, на другім канцы зямлі. Чаму? А хто ведае? Акадэміі свету, мабыць, далі б вялікую ўзнагароду таму, хто вырашыў бы гэтае складанае пытанне. Немцы ў час вайны выдзіралі яе кошкамі для сваіх шпіталяў. Раны, кажуць, зажывалі намнога хутчэй. Трэба было б зрабіць аналізы… Цяпер Свіцязь — ландшафтны запаведнік. Рыбу, калі ласка, лаві, але толькі вудай. І добра!
Чаму ў нас так многа "гарадоў на дне азёр"? Ну што ж, на Беларусі, як і ўсюды, ёсць вапнякі, а значыць, яны вымываюцца вадой, а значыць, магчымы і карставыя з'явы, правалы. Можа, некаторыя з азёр і атрымаліся так, можа, на месцы некаторых і стаялі будовы. Астатняе зрабіла неўтаймаваная народная фантазія. Ва ўсякім разе, гэта вельмі прыгожа.
…Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лагі, узгоркі, лясы. І на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці плыні, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя вулачкі, бялеюць вежы. Галоўным чынам беларускае барока XVI–XVII стст., але не вычварнае і раскошнае, а простае і строгае. Мясцовы густ.
Тут найлепшы мясцовы музей ва ўсёй Беларусі, музей, які не саступіць і абласному. Прынамсі, ён быў такі, пакуль жыў яго заснавальнік і дырэктар на працягу дзесяткаў год М. Стаброўскі. Пры апошнім наведванні музей мне спадабаўся менш. Экспазіцыя горшая, некаторыя вельмі цікавыя рэчы ў запасніку, а менш цікавыя занялі іх месца.
Прамысловасць тут, галоўным чынам, харчовая, лёгкая (ільнозавод, фабрыкі тэкстыльная і мастацкіх вырабаў) і металаапрацоўчая.
А вакол колькі ўсяго! Канал, пабудаваны дзядзькам кампазітара Агінскага, цікавы папярова-кардонны камбінат у Альберціне, унікальная ў сваёй прыгажосці і суровасці не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе царква-крэпасць у Сынкавічах, такая сумна-адлучаная ад усяго сярод масіваў яблыневых садоў. І комплекс былога уніяцкага манастыра ў Жыровічах (XVII ст.) з неацэнным сваім жывапісам.
…Або Нясвіж. Славуты тым, што гэта горад-помнік. Уявіце сабе цяністыя вуліцы, на якіх не рэдкасць барочныя дамы XVII–XVIII стст., будынак друкарні, у якой славуты беларускі асветнік Сымон Будны выдаў у 1562 годзе свой "Катэхізіс", плошчу, на якой стаіць велічная ратуша, абкружаная гандлёвымі радамі, іншыя комплексы старажытных будынкаў. Горад быў рэзідэнцыяй акаталічанага (а затым, значыць, і апалячанага [14] Беларускіх сялян-католікаў такое не датычылася. Яны зберагалі і мову, і звычкі, хаця, вядома, касцёл накладаў свой адбітак на ўсё гэта.
) старажытнага беларуска-літоўскага роду князёў Радзівілаў. Шмат тут было (калі забыць аб горшым) набудавана, выдадзена кніг, напісана карцін, сабрана археалагічных і гістарычных матэрыялаў! Розныя яны былі людзі — князі: і тыраны-самадуры, якія маглі дараваць свайму гайдуку словы накшталт: "Князь сёння п'яны, як свіння, з'явіўся, а каб напіўся ягоны чалавек, то яго б павесіў" — дараваць таму, што "праўда", і прызначыць яго сяржантам — і, адначасова, павесіць слугу, бо той хацеў быць заўсёды на віду ў князя. Былі й дзівакі. Адзін захацеў пракаціцца ўлетку на санках, і вось з солі была насыпана дарога, па якой імчалі сані, запрэжаныя мядзведзямі. Гэта прыводзяць як прыклад жудаснага марнатраўства сродкаў сялянскіх. Але, праўда, пасля панскае пацехі ўсё наваколле запаслося дарагой соллю на шмат год. Сваіх саляных капальняў на Беларусі тады не было, соль прывозілі з Польшчы, з Вялічкі, і выдавалі нават здабытчыкам па два з паловай фунты на месяц.
Читать дальше