Шмат тут усяго. Фанерна-запалкавы камбінат і кандытарскі камбінат "Спартак", што ў дзень выпускае 100 т шакаладу, тартоў, цукерак.
Навукова-даследчы інстытут, інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, малады універсітэт, тэхнікумы.
Цяпер давайце сядзем на "Ракету" i паiмчым Сажом, Дняпром, трапiм ненадоўга на Украiну, зноў вернемся на плынь беларускай часткi Прыпяцi, звернем ля Пiнска (да гэтага горада мы яшчэ вернемся) у Пiну, пройдзем Днепра-Бугскiм каналам у Мухавец i дабяромся iм да Буга пад самым Брэстам. Абганяючы цеплаходы, рудавозы, маторкi. Па Прыпяцi, усё яшчэ досыць цiхай, усё яшчэ дужа рыбнай. Я аднойчы прайшоў гэты шлях. Амаль увесь на агiтцеплаходзе "Маякоўскi", а пад канец i пешшу.
Ласі пераплываюць раку. Людзі з вёсак, што ляжаць ля ціхіх прыстаняў, вечарамі глядзяць фільмы, што мы ім дэманструем. Плывеш, а зялёныя гарадкі і вёскі ўтульна ляжаць на берагах, глядзяцца ў ваду дужа даўнія, шматвяковыя палацы, храмы і белыя альтанкі. Даяркі на ферме, справіўшыся з работай, спяваюць на беразе цудоўныя палескія песні, і фалькларысты нашай экспедыцыі ўпотай запісваюць іх на магнітафон. "Волга" пераганяе жанчыну ў народным уборы, на якім няма жывога месца ад вышыўкі. І на плячы ў жанчыны з бяросты плеценая "вярэнька", браць ежу ў дарогу. Пінскія велічныя муры. Ганчарныя вёскі, дзе робяць дасканалы посуд і да гэтага напаўжартам гавораць: "Наша прохвесія самая старая. Бо й Адам буў злеплены з гліны, а значыць, не хто-небудзь, а сам бог быў першы ганчар…" І канал. Кобрын з домікам Суворава і помнікам першай перамогі над Напалеонам у 1812 годзе.
І вось Брэст. Брама краіны. Часам, на жаль, рэдка, у яе ўваходзілі нашы сябры, і тады іх сустракалі з беларускай гасціннасцю. Але найбольш ахвотнікаў было ўварвацца ў тую браму сілай. Сведчаннем гэтаму Камянецкая Вежа, царква-крэпасць у Чарнаўчыцах (1583–1585 гг.), у якой жыхарам часта даводзілася трымацца ў аблозе, з якой у 1941 годзе страляў цывільны беларускі чалавек па фашыстах і якая пасля гэтага была падпалена. Ды ці мала чаго яшчэ. Гэтая зямля спрадвеку ўсыпана магіламі, курганамі, згубленай у баі зброяй. Каго тут толькі не было?! Нават готы ў другім стагоддзі ішлі тут са сваёй туманнай поўначы да Чорнага мора, а потым, калі паўдзённыя плямёны турнулі іх, — зноў каціліся на поўнач. Археолагі выкапалі ў скарбе другога стагоддзя наканечнік дзіды з рунічным надпісам: "Наперад!" А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя, тыя ж вуглаватыя суровыя руны: "Назад!"
У тое сваё падарожжа я выйшаў да Мухаўца 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы. І хаця ішоў 1969-ы, я ўспомніў 1941-ы. Гераічную абарону крэпасці.
Дарэчы, крэпасць ляжыць якраз на месцы таго Бярэсця, якое ўжо ў 1019 годзе ўпамінаецца як досыць вялікае пасяленне. Іменна там жылі мастакі-рамеснікі і мужныя воіны, якія ў 1241 годзе паляглі да апошняга, а не здаліся манголам і тым далі магчымасць жыхарам Слуцка, Крычава і іншых гарадоў адбіцца, а пасля перайсці ў наступ і не пусціць орды Батыя на тэрыторыю будучай Беларусі. Іменна там жылі тыя, што выставілі свой полк пад Грунвальд, што біліся з Карлам XII, ішлі з косамі пад сцягі Касцюшкі. Якія многа бачылі. І тое, як везлі ў Варшаву паліць сярэдневяковага атэіста і філосафа Казіміра Лышчынскага (родам з вёскі Лышчыцы, кіламетраў за 20 ад Брэста). І ўжо ў XIX ст. бачылі Грыбаедава, Кюхельбекера, Чаадаева.
Толькі ў 1831 годзе жыхароў перасялілі ад Буга на Мухавец, стары горад знеслі, а на яго месцы пабудавалі крэпасць. Цэнтр яе, Цытадэль — кальцавая казарма на 500 казематаў і 12 тыс. чалавек. Пасля крымскага паражэння пабудавалі на адлегласці 3–4 км, па коле, некалькі фартоў. А пагроза першай сусветнай вайны выклікала неабходнасць пабудовы яшчэ некалькіх, аддаленых на 12 км.
Так што, калі шчырыя брэсцкія патрыёты будуць паказваць вам "дом Грыбаедава" — вы ім не дужа верце. Паэт загінуў за сем год да ўзнікнення новага горада, а жыў у старым — за пятнаццаць год да пагібелі. Толькі вы не крыўдуйце на іх. Гэта яны робяць з добрымі намерамі. Хаця ім і без таго ёсць чым ганарыцца. І старажытнымі кнігамі, некалі напісанымі тут, і чыгуначнай, рабочай славай, і ўпартай барацьбой пасля рыжскага дагавору 1921 года, калі Заходняя Беларусь, а значыць, і Брэст трапілі пад уладу паноў, сталі калоніяй Польшчы на 18 год.
Барацьба за школу, мову, зямлю і волю ніколі не заціхала тут. Дэманстрацыі і арганізацыя гурткоў і бібліятэк, напады на панскія лясы і забастоўкі, урэшце, адкрытая партызанская барацьба, баі пад Нясвіжам і Бельскам, паўстанне ў Навасёлках, пад Кобрынам. Нарэшце — напад на палескага ваяводу Даўнаровіча. Партызаны спынілі цягнік, абяззброілі варту, выцягнулі ваяводу, які хваліўся, што праз пару год у яго мясцовасці не будзе ніводнага беларуса (ды і ці ён адзін казаў гэта) — і адхвасталі. Пасля гэтага беларусы засталіся, а вось ваяводу — ваяводу прымусілі падаць у адстаўку. Які ж з цябе ваявода, калі цябе адлупцавалі?
Читать дальше