Жыхары Віцебска славіліся ўпартай мужнасцю і ваяўнічасцю. Удзельнічалі яны ў бітве на Няве, на Чудскім возеры, грамілі крыжаносцаў у Юр'еве, шмат разоў паўставалі супраць сваіх феадалаў. Вызначаліся яны і страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў. Яшчэ і зараз па глухіх мясцінах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы і статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай, шматкаляровай кафлі (так званая "цанінная справа"). Беларускія даўнія майстры неслі яе і да суседзяў. Так, майстра Ігнат, сын Максімаў з Копысі разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля прынеслі гэтую тонкую штуку нават у Маскву, дзе яны і пабудавалі, упрыгожыўшы цанінаю, такія шэдэўры, як нябесна-сіні Круціцкі церамок, некаторыя крамлёўскія палацы, будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры і сабор Нова-Ерусалімскага манастыра.
Віцебск і зараз — месца майстроў. У яго майстравітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць станкі (высокадакладныя зубаапрацоўчыя, што экспартуюцца ў 11 краін, бясцэнтрава-шліфавальныя высокай і асабліва высокай дакладнасці; заточныя станкі з паўатаматычным цыклам работы), радыёдэталі, электравымяральныя прылады.
На першым месцы стаіць у Віцебску лёгкая прамысловасць, гэта ясна. Але хіба не абувае людзей Віцебская абутковая фабрыка або панчошна-трыкатажная фабрыка "КІМ", хіба не апранае іх швейная фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі"? Хіба не пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў кватэрах і хатах дываны Віцебскага дывановага камбіната?
І ўжо калі яны адзначаюцца дыпломам у Дамаску, адным з самых старажытных цэнтраў дывановага ткацтва, то гэта штосьці ды значыць.
Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну. Больш чым 90 працэнтаў тэрыторыi былога горада — кучы бiтай цэглы, бетону i скручанай арматуры, попел i хаос. Больш за 100 тысяч жыхароў забiта, астатнiя выселены. I на гэтым страшным выгары сустракаюць наша войска: сто васемнаццаць жыхароў. Здавалася, канец. Нiколi не разабраць гэтага пекла i лепей будавацца на новым месцы.
Але зірніце на яго зараз. Устаў з попелу, як уся Беларусь.
Вiцебск — гэта цяпер цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькi палацаў, ратуша XVII ст. (цяпер у ёй добры гiсторыка-краязнаўчы i мастацкi музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга i мясцовага, вiцебскага жывапiсу). Вiцебск — горад старых мастацкiх традыцый. Працавалi тут, у прыватнасцi, Ю. Пэн, М. Дабужынскi, славуты К. Малевiч, не менш славуты цяпер М. Шагал i некалькi год
І.Я. Рэпін, маёнтак якога, Здраўднева, быў непадалёку ад Віцебска.
Пойдзем па старажытных волаках продкаў і перабяромся з Дзвінскай, Балтыйскай сістэмы ў сістэму рэк Чарнаморскага басейна. Паплывём уніз па Дняпры і прыбудзем у Магілёў. Горад, таксама вельмі сучасны, размешчаны на правым, высокім, ярамі пасечаным беразе ракі пры ўпадзенні ў яе Дубровенкі. Гэтыя мясціны, былыя ўрочышчы, забудаваныя новымі гмахамі, носяць назвы "Машакоўка", "Дзебры". Тут і сапраўды калісь былі нетры, дзебры на мясцовым дыялекце. Легенда (выдатна апрацаваная Янкам Купалам) кажа, што жыў у гэтых нетрах вялікі разбойнік Машэка. Стаў ён гразой наваколля пасля таго, як, жадаючы зарабіць на вяселле, пагнаў на Украіну плыты, а тым часам князь сілай узяў у замак яго нявесту. Уварвацца ў замак нават такі асілак не мог. Машэка зрабіў сабе ў пушчы, пад каранямі, логава, адзеўся ў воўчыя шкуры, якія так і прысохлі на ім, і хутка ўсе перад ім трапяталі. Аднойчы яму ўдалося перастрэць вазок князя, разагнаць варту, у адзінаборстве забіць уладара, а жанчыну, што ехала з ім, прынесці да сябе. Тая, аднак, за гэты час прывыкла да раскошы і золата, збэсцілася і, калі Машэка заснуў, забіла яго нажом. Над ім насыпалі гару.
Яго высокую магiлу —
Дзе лес ды вецер панаваў —
Знаць, што вялікую меў сілу,
"Магілай Льва" народ назваў.
Над ёю з часам дрэвы палі
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магiлевам назвалi,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.
Пры самым месцы, дзе хаваці
Людцы нябожчыкаў нясуць,
Гару з магiлкамi вiдацi —
Яе Машэкавай завуць.
Магілёў узнік на месцы старога замка ў 1267 годзе. Гісторыя яго бурная і крывавая. Напады войск, змова з казацкімі атаманамі (1590 г. — з Мацюшкам Гультаём, у 1595 г. — з Севярынам Налівайкам). Чатыры гады бунтаваў горад на пачатку XVI ст., і пасля чатыром кіраўнікам адсеклі галовы, а набатным званам выдзерлі языкі.
На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у "Цярэшка, каторы проскуры заведал", жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго "ідэя", тут ён пачаў яе выконваць і, магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзмітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзмітрыем II. Былі тут і шведы і іншая навалач — але пра гэта доўга, дый цяжка расказваць. У Вялікую Айчынную вайну горад дужа доўга (25 дзён, з 1-га па 26 ліпеня 1941 г.) трымаўся, быў моцна разбураны, і помнікаў старажытнасці ў ім мала.
Читать дальше