Сват, бацька жаніха і жаніх паехалі за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску, у хату нявесты. Сват — сваяк жаніха, мажны дзядзька, паважаны на сяле чалавек, вынаходлівы і востры на язык. Пад'ехалі, вылезлі, топчучы сіні ад месяца снег, сталі пад акном.
— Пусціце, добрыя людзі, на начлег.
— Здаровыя былі, ідзіце ў хату.
У хаце прыезджыя паклалi на стол дары, у тым лiку хлеб i вiно, i пачалася размова, уся на выкрутасах, уся на жартах, на двухсэнсоўнасцях. То купецкая пра тое, а цi ёсць цялушка для прадажы — "ды прадалi б, каб купец знайшоўся". То паляўнiчая, наконт пошукаў кунiцы. То рыбацкая, пра залатую рыбку. Урэшце прама гавораць, чаго прыйшлi. Гаспадар улешчаны, але куражыцца. Гаворыць нешта накшталт:
— Ды што вы, людзі. Яна ж у нас яшчэ малая. Яна ж у нас яшчэ ў рэшаце спіць [5] Прыклад прыведзены Янкам Брылём у кнiзе "Жменя сонечных промняў". Прыклад з "таго" вяселля, што бачыў сам, я, на жаль, забыў.
.
Урэшце дамовіліся. Маладая дорыць усіх багатымі ручнікамі.
Далей многае ідзе падобна як на вяселлях розных славянскіх народаў. Падрыхтоўка, шэсце нявесты ў народным строі па вёсцы, з запрашэннем на вяселле. Адметным было хіба тое, што былі яшчэ "запоіны", на якіх абмяркоўваўся парадак вяселля, ды некалькі дзён перад вяселлем хата нявесты была аддадзена ў поўнае карыстанне ёй і сяброўкам. Частаваліся, спявалі песні, гаварылі пра былое і будучае. Ніхто з мужчын не меў права носа паткнуць бліжэй, чым да суседняга двара.
"Пасад" нявесты на дзяжу, укрытую кажухом поўсцю наверх, ёсць, здаецца, не толькі ў нас. Каравай з "шышкамі" таксама. А вось адметнае.
Раніцай жаніх з дружынай у два дзесяткі хлопцаў і з "баярамі" закусілі дома і паехалі на конях да нявесты.
Іваньку матка радзіла,
У дарогу выпраўляла;
Месяцам абгарадзіла,
Зарою падперазала:
Едзь, дзіця раджонае,
Па сваё суджонае.
Усю дарогу спявалі песні. Пра тое, як травы расцвітаюць пад капытамі жаніховага каня, што "бог таму дае, хто дачку аддае за яго". У нявесты ўжо быў накрыты стол, але прыезджых не пускалі, рабілі выгляд, што будуць страляць, біцца насмерць. Урэшце, за выкуп, пусцілі.
Ішоў пачастунак. Пасля будучыя свацці на парозе зляпілі ў адну дзве свае палаючыя свечкі.
І ў цябе свяча, і ў мяне свяча,
І ў цябе дзіця, і ў мяне дзіця.
Злепема свечкі да купкі,
Зведзема дзеткі да хаткі
Да адзiнай маткi.
Толькі тады ўсе зайшлі, размясціліся за сталом. Маладыя на покуце. З'яўляецца каравай, абвіты кветкамі. Ідзе пагулянка, а пасля абрад завівання касы. Малы брат нявесты яшчэ да абраду хоча вялізнымі авечымі нажніцамі гэтую касу абрэзаць. Ужо нават заціснуў: "Тут яна вырасла, тут і застанецца." Жаніх, ясна, выкупляе.
Валасы жаніха і нявесты (расплеценыя) прадзяваюць па адной пасме ў пярсцёнак і разам падпальваюць, а пасля надзяваюць жаночы галаўны ўбор. Пачынаюцца плач, рыданні нявесты, лямант, усхліпы. Ясна, што тая самая нявеста будзе насіць, што хоча, заплятаць валасы, як хоча, што "галаву", "намётку", "чапец", "крэндаль" (так называюцца жаночыя галаўныя ўборы) адразу схаваюць у скрыню. Але ў глыбінных вёсках абраду, яго дробязных, вонкавых рысаў, трымаюцца зацята.
Пры завіванні спяваюць:
А я цябе, сестранька, завіваю,
Шчасцем, доляю абсыпаю;
Ой, будзь прыгожа, як ружа,
Ой, будзь здарова, як вада,
Будзь багатая, як зямля.
Тут неадменна знойдзецца нейкі парсюк, які прыбавіць якую-небудзь гадасць, накшталт: "Будзь пладлівая, як свіння".
Жанчыны яго за гэта "б'юць", ва ўсякім разе, валяюць і шчыкаюць. Той раве.
З таго часу і ляжыць у скрыні, побач з хусткамі, дзявочы галаўны ўбор, вянок, абшыты парчой і сусальным золатам (часта стогадовы), і "намётка", палаценкавы галаўны ўбор, які абвіваўся вакол галавы, пад падбароддзем і пасля спускаўся на спіну (дзявочая намётка патыліцы не прыкрывала, а спускалася па плячах на грудзі багата і гожа затканымі і вышытымі канцамі).
…Зноў ядуць, дзеляць каравай. Усе дораць нявесту, а маці яе — сваякоў жаніха.
На падарунках стаіць гэты абрад, як і многія-многія іншыя народныя абрады.
Ці то маладога ў войска прызываюць,
ці далёка сына з хаты выпраўляюць.
Дораць на радзіны і на наваселле,
дораць на хрысціны, дораць на вяселле,
бацькоў маладога, і сястру, і брата,
дораць музыкантаў, шчодра дораць свата.
Гуляюць вяселле. П'юць сябры не дарам!
Дораць ўсе ад сэрца маладую пару.
Дружна пры гасціне п'юць, пяюць, гавораць,
выйдуць, патанцуюць і ўсё дораць, дораць.
Читать дальше