У ежу ідуць амаль усе гатункі рыб і іхняя ікра (яе некаторыя соляць). Не ядуць толькі ікры мірона, якая часам бывае атрутная. На поўдні ядуць яшчэ і ўюноў, якіх ловяць узімку так: устаўляюць у палонку кошыкі без дна, напханыя сенам. Але паўночней замест уюна часцей ідзе ў ход вугор. Яго вараць у юшцы, часцей вэндзяць. Добрая таксама і сялява, якую смажаць ва ўласным тлушчы.
Ракаў ядуць далёка не ўсюды. Нядаўна, ловячы рыбу з жыхарамі вёскі Церабяжоў на Століншчыне, убачыў на беразе поўна ракаў, дзе жывых, а дзе і высахлых. Выявілася, што, калі выцягваюць нерат, ракаў выкідваюць, "каб не паскудзілі раку".
— Што ж вы робіце? Смакоцце такое!
— Гідка.
Але як наварыў, сабраўшы (цяпер ужо аддавалі мне), і паказаў, што і як, то ўмялі за добрую душу… I так ва многіх мясцінах.
Не гідуйце, але ёсць пара мясцін, дзе арцелі ловяць жаб (не рапух, а зялёных жабак) і маюць з таго добры прыбытак. Яны ідуць за мяжу.
Пра што яшчэ… Ага, малако. I сырое, і кіслае, і смятана, і тварог. Як пісаў у паэме "Новая зямля" Якуб Колас:
Тварог, запраўлены смятанай,
Нясла з вялікаю пашанай.
Ну і ясна, кісялі, узвары, яблыкі, свежыя і мочаныя і проста залітыя вадою з прыправамі, так што зімою, як свежыя, але нібыта апушчаныя ў яблычны сок, памідоры і гуркі (узімку салёныя). На поўдні і ў Прыдняпроўі нават вінаград беларускіх гатункаў. Хто мае 20–30 лозаў, той часам зберагае яго да вясны, уторкваючы чаранкі кожнай гронкі ў дужа познія грушы, што аж да каляд цвёрдыя, як кій. Або ўстаўляе чаранок кожнага грона ў бутэльку з разбоўтаным попелам… I п'юць мёд, вядома, калі ён ёсць.
І, ясна ж, суніцы і чарніцы. Чарніцы часта ядуць, заліўшы ў місе малаком. Рот робіцца чорны, як у злоснага сабакі, затое смачна.
Нацыянальныя беларускія напоі — гэта квас і, перш за ўсё, бярозавік. Сок бярозавы п'юць і свежы і даўшы яму перабрадзіць і крыху закіснуць. Так ён зберагаецца ў бочцы да жніва, і яго бяруць у поле. Кіславата-салодкі (часам у яго дабаўляюць хатні парэчкавы ці яблычны сок), рэзкі, дужа добры ў спёку. Робяць таксама віно з яблыкаў. Выціскаюць сок і даюць брадзіць. Любяць моцнае хатняе піва, а на паўночным усходзе — брагу. Заліваюць наліўкі. Папулярнасцю карыстаецца крупнік, звараны з мёдам, вострымі прыправамі, травамі і карэннямі, а таксама "тройчы дзевяць", лячэбная настойка на дваццаці сямі травах. Рабінаўка, кмяноўка. Я ўжо не кажу аб настоях для лекаў, якіх сотні.
Ну і "жыватоўка" — тое, што ўкраінская "горілка з перцем". I зуброўка — на сапраўднай, пахучай і ільснянай зубровай траве.
I вось вам апісанне гулянкі багоў з "Тараса на Парнасе":
Наперш дала яна капусту,
Тады са скваркамi кулеш,
На малацэ крупеню густу
Дае уволю, толькi еж.
I з пастаялкай жур сцюдзёны,
I з кашы сала аж цякло,
Ды i гусяцiны пражонай
Уволю ўсiм багам было.
Як унясла ж на стол каўбасы,
Блiны аўсяны ў рашаце,
Аж слiнкi пацяклi ў Тараса
I забурчала ў жываце.
Багi гарэлку пiць пачалi,
3 насадкi [3] Посуд з рыльцам.
ў чаркi так i льюць,
Падпіўшы, песні заспявалі.
Чаму я апісваю вам гэта? А таму, што ежа розных народаў, як і вопратка і жыллё, усё больш і больш падпадае стандарту.
I ў Маскве, і у Кіеве, і ў Мінску, у хаце і ў сталоўцы — амаль паўсюль вы ясце тыя ж самыя катлеты ды 6іфштэксы, носіце тыповыя вопраткі з падобных матэрыялаў, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А да канца забываць пра гэта нельга.
… Пяройдзем цяпер да куфра. Ён зараз амаль выцiснуты шафаю, але я кажу аб параўнаўча нядаўнiм мiнулым, i да таго ж ёсць мясцiны, дзе куфар, або скрыня, яшчэ й зараз пануе ў хаце, iх нават яшчэ робяць сям-там. Лепшымi куфрамi лiчацца тыя, што робяць у Iванаўскiм раёне на Палессi.
Куфар у нас прыблізна такі, як і ў Расіі, і на Украіне, хіба што большы памерам. Часам нават на колцах, як палтаўская скрыня. Адрозненне — у колерах, якімі ён распісаны. Колеры беларускага куфра больш глухія: фіялетавы з чырвоным, карычневы з сінім і чырвоным і г.д. Ды акрамя кветак і "букетаў" на нашых куфрах ёсць яшчэ стылізаваныя фігуркі людзей, коней і г.д.
Адкрыем куфар. І прабачце мне, што я скарыстаюся тым жа ходам думкі, які так удала ўжыла ў сваёй паэме "Куфар" беларуская паэтэса старэйшага пакалення Ларыса Геніюш. Толькі ходам думкі, толькі прынцыпам. Праз куфар — жыццё чалавечае.
Шырокі, высокі, акованы куфар,
Малёваны вокал, з клямкаю са сталі,
Не ўстыдно б такому і на панскі хутар.
Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралі.
Читать дальше