І кожны бог так разгуляўся,
Што аж не можна удзяржаць,
А хто гарэлкі насцябаўся,
Таго пад лаўку клалі спаць.
Перад лаўкамі — стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і — узімку — гаспадыніны кросны.
З упрыгожанняў былі — абразы на покуце. Бывалі сярод іх і лубачныя, але здараліся й дужа цікавыя. Ці старажытныя, ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры, які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што (па беларускай легендзе) аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблукала ў лесе. Не даў раздзерці ваўкам і памог ажарабіцца, а пасля прывёў гаспадару. Згодна павер'ю, калі жарабятка падрасце, то на ім паедзе той, хто дасць волю народу.
І яшчэ адно ўпрыгожанне — тканыя посцілкі (у шашачкі, у шэсць, дванаццаць і дваццаць чатыры "ніты", чынаватыя і інш.).
І, вядома ж, ручнікі. Мноства. Раней вакол абразоў і акон. Цяпер каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца — менш "раслін і кветак". Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае "вясёлка", жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.
Ну вось. А цяпер паколькi я кепскаваты танцор, то пайду танцаваць ад печы. Печ — гэта цеплыня. Печ — гэта здароўе застуджанаму. Печ — гэта i гарачая, смачная ежа. На поўначы печ дужа вялiкая i простая, хiба што з "пячуркамi" для запалак i лучыны на распал. Затое на поўднi яна меншая i часам нагадвае архiтэктурную спаруду. Дзесяткi выступаў i нiш, у якiх глiняныя збанкi, лiверы (пасудзiнка з дзвюма дзiрачкамi, "цякло, бы з лiвера, з вачэй"). Тут ёсць дзе ўстанавiць спарыш (два гаршкi, злучаныя ручкай, каб насiць на поле абед), паставiць i "ўдаву" — гаршчок, падобны на абаранак. Печ уся распiсана кветкамi, дзяўчаткамi з каромысламi i коннiкамi — улюбёны матыў. Зараз у наш час печ выцясняецца плiтамi i плiтамi газавымi, але пакуль ёсць у многiх хатах.
Дзе печ, там i тое, што з печы.
Беларус любіць смачна паесці. Вось апісанне абеду з ананімнай паэмы XIX ст. "Энеіда навыварат" (напісанай як наследаванне Осіпаву і Катлярэўскаму). Пра беларускія ананімы я яшчэ буду гаварыць.
За стол ўсе порадам садзілісь,
Мялянік [1] Гатунак пірага.
на стале ляжаў.
Дыдона варыва ўлівала,
Шматкамі мяса ў місы клала
І забяляла малаком.
Трупацiла яна крупеню,
Яечню, руднiк, жур, смажэню.
Каму пячэню з часнаком;
Былі й салодкія пацешкі:
Вяземскi пернiкi, арэшкi,
Мязгі й мязюму [2] Разынак, ізюму.
рашаты.
З такой фламандскай сакавітасцю мог апісваць ежу толькі чалавек, які ўмее і любіць пад'есці і якому часам, што ўжо казаць, даводзілася і недаесці.
На куццю на стол ставілася 12, 18, а то і 24 стравы. I ўсё гэта трэба пакаштаваць. Некаторыя са страў я апішу. Не сказаць каб усё гэта заўсёды стаяла на стале, але гэта стравы нацыянальнай кухні.
Перш за ўсё страва інтэрнацыянальная. Аснова ўсяго. Хлеб. Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пякуць яго на паду, на капусных або кляновых лісцях, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з'есці.
Дарэчы, ад хлеба і вылячэнне. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам, — у гарачую пару, калі хлеб не пякуць, — загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пеніцылін!
Улетку, калі дарагая хвіліна, елі праснакі (прэсны хлеб) і цацні. Да белага ставіліся ў даўніну крыху недаверліва, "нэндза прымусіць калачы есці" (г. зн. не здолеў пракарміцца з зямлі, пайшоў у горад на заробкі — апошняя справа! — а там, ясна ж, калачы). Але пірагі заўсёды любілі. З яблыкамі і ўвогуле з садавінай, з чарніцамі, кручаны з макам (струцаль). Калі пяклі іх, то рэшткі цеста раздавалі дзецям, каб кожны спёк сабе хаця б па маленькай булачцы, сваёй. I, як паўсюль у славян, існаваў "зайцаў хлеб", што бацька прыносіць з лесу ці з дарогі.
Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Абраніўшы, трэ было падняць кавалак, пацалаваць і сказаць: "Даруй, божухна". Хлеб абагаўлялі.
Читать дальше