I аркестр убачылі. У шалёным намёце сцяліўся насустрач нам конь, а на возе ззялі проста нам у вочы наяранымі меднымі глоткамі трубы. Тут мы, у прыватнасці Валянцін, зрабілі першую накладку: не паспелі сфатаграфаваць, такой каметай яны імчалі.
На месцы Валянціна я дзёр бы на сабе валасы.
А цёткі ўсё яшчэ прасвячалі нас:
— Бацюшко-о дазволіў ім на могілках трызну правіць. Воны світло хацелі туды правесці. Адных курэй дзвесце штук насмажылі, трох кабаноў купілі, бараноў. Па гарэлку паехалі ды піва.
Думаючы, якім чынам нам паздымаць гэта, каб хаця, крый бог, не натаўклі карак, мы прыйшлі да царквы на старых могілках. Яшчэ дагэтуль дзядзька з пявучым палескім акцэнтам растлумачыў мне, што гэта Юроўская царква, царква нябожчыкаў. А сам я ўбачыў, што ёй не менш як дзвесце год. Трохзрубная, з трыма шатрамі даху, уся ў зарасцях бэзу і вішняку, была яна — дзіва. Пчолы ў калодах бралі мёд з могільных дзічак і ліпаў, а наводдаль сціпла стаяла старажытная квадратная беларуская званіца.
Каравыя векавыя сосны, каменныя крыжы з паўмесяцам і шасцікутнай зоркай ураслі ў зямлю. У некаторых адваліліся верхнія лопасці. Нібы нехта замшэлы распасцёр рукі. А на распяццях асірыйскія, вавілонскія, бог ведае якія абліччы.
Музыка прымусіла нас кінуць агляд. Звычайныя пахавальныя маршы. Паўздоўж агароджы ішло на новыя могілкі шэсце цыганоў. Дарэмна мы саромеліся. Да нас проста падышлі і папрасілі зняць. I вось мы рассыпаліся, хто па дрэвах, хто на платы.
Наперадзе картэжу — цыган з барадой патрыярха нёс абраз у белым ручніку. За ім ішлі мужчыны, і натоўп іхні быў густа перасыпаны то старымі і змаршчакаватымі, то маладымі, неапісальна прыгожымі цыганкамі. Намісты, хвалі хвалістых сукенак. Завушніцы дрыжаць пад смалянымі хвалямі валасоў. Усё хвалістае, усё яркае, як крыху прыглушаны попелам жар. Кульгавая цыганка цягне нагу ў баку ад картэжу. Нясуць дзяцей. На руках і загорнутых у хусты.
Мора медзі, мора чырвані і сіні. А над усім гэтым — мора сонца. I не верыцца ў смерць, у тое, што ўсё мае пачатак і канец.
Такое крыклівае буянства ашалелых фарбаў мне даводзілася бачыць толькі ў першых каляровых фільмах. У "Салаўі-салоўцы", у "Сарочынскім кірмашы". Нібы ашалелы ландрын.
Ззаду ступае гладкі, як змей, гнеды конь. Вядзе яго здаравенны цыган. Збруя зіхаціць бляскам. На возе тыя, хто не можа хадзіць: паралізаваны стары і сівая цыганка з двума дзеткамі.
— З канём сфатаграфуй. Яго конь. Калі ласка, з канём…
Але вось мора ўлілося ў гусцюшчую зялёную засень могілак і паблякла.
У баку ад магілы на ўзнесеных латах два даўжэзныя вялізныя шатры з грубай мешкавіны. У адным посуд, мыцельнік, кухня, дзесяткі два баб гатуюць талеркі. У другім — доўгі рад сталоў з закуссю і выпіўкай.
Ля магілы галосяць. Спявае хор. Рухаецца чорна-зялёны епітрахіль папа. Сіні, матавы, як ягады ядлоўцу, цягнецца ў праменнях сонца дым ад кадзільніц. І надпіс:
"Базылевіч
Гарасім Ігнатавіч
1928–1968"
Ратаваў беларускую дзяўчынку. Ёй было пятнаццаць. Яму пад сорак.
Якія гордыя, медныя, часам ледзь не індзейскія твары! Вунь хаця б у той, з прамымі вугальна-чорнымі валасамі, што падаюць на плечы, з гарбаносым, крыху шыракаватым абліччам. Або тая маладая зусім і ўжо цывілізаваная крыху. Рухомы твар, пластычныя рухі, белая кісейная кофта і стракатая сукенка. Павярнулася — ну, хоць адразу на сцэну, такая бездань гонару і плаўнасці. Аседлая. Жыве ў вёсцы Хорск. I прозвішча, як ва ўсіх тутэйшых цыганоў, беларускае: Вішнеўская.
Эх, так і пацягнула мяне да іх! Магчыма, мая цыганская кроў.
— А ото цыганскія фатографы.
Гэта на Валянціна і Зянона.
— Бач, і фатографаў сваіх з сабой прывезлы.
"Цыганскія фатографы" збянтэжаны ўкрай, але лазяць паўсюль, ловяць ракурсы, здымаюць. I ёсць што здымаць. I ўсё гэта прыгожа, тэатральна, пластычна ў кожнай "мізансцэне", як балет. I так этнаграфічна, так нязвыкла, і столькі ва ўсіх гэтых звычаях гонару і павагі да традыцый. Трымаюцца іх. I добра, што трымаюцца.
Як бы ні жыў цыган, у якой бы хаце або нават кватэры ні жыў, а праводзяць яго ў краіну Цыганію пад шатром. Пад шатром і пад зорамі або пад дажджом. У далёкі шлях, па якім вечна рыпець колам і вечна ступаць капытам цыганскага каня.
I гэта ў крыві. Вось малая цыганачка штурхае каляску з ледзь меншым за сябе дзіцем. Цяжка на байраках, людзі стаяць на дарозе. I вось раптам яна гартанна, са страсцю тысяч пакаленняў крычыць:
— Чавэло!!!
Читать дальше