Ведаў тое, што размешчаны Давыд-Гарадок на астравах Гарыні, праўдзівей, між яе рэчышчам і старыкамі, што да рэвалюцыі жыхары разводзілі садавіну, а цяпер — кветкі, і мястэчка славіцца імі ледзь не па самы Урал, што народ тут увогуле прадпрымальны і тутэйшыя паляндвіцы ды шынкі куплялі нават у Варшаве. Ведаў, што тут шмат ганчароў, а калісьці былі майстры па вырабе рачных суднаў і што мясцовая царква адна з самых старых драўляных цэркваў на Палессі.
А што са старадаўняга? Ну, тое, што калісь на Гарыні было шмат гарадоў (цяпер хіба толькі Давыд-Гарадок ды Столін), былі яны багатыя і гандлёвыя, але выпальваліся, пачынаючы з XI стагоддзя, ледзь не па тры разы на кожныя сто год. Ушчэнт.
Пабудаваны Давідам, князем Тураўскім, на зары хрысціянства, у паходах на крыжакаў гарадок славіўся невымернай смеласцю і ўмельствам воінаў. Бараніўся і ад татар, і ад кепскай памяці князя Валконскага ў 1665 годзе, прычым быў знішчаны да попелу і тлену.
…На досвітку мы ўзвалілі рэчы на плечы, узялі лахі пад пахі і спусціліся па трапе на глеісты бераг. Горад ледзь прачынаўся ў тумане. "Маякоўскі" даў гудка ў наш гонар і адваліў. Мы стаялі і рабілі рукамі "аці" яму наўздагон. З палубы нам адказвалі тым самым.
Пасля параход знік. Мы засталіся адны пад схіламі вялізных валоў замчышча. Не меншых, чым у Оршы, Рагачове, Быхаве. Крэпасць была на свой час вялізнай.
Варушылася на адхонах трава, а над ёй панаваў вэлюм туману. I ціша. Глыбокая ціша стагоддзяў. Не было ёй канца.
Хаты маўчалі пад вязамі, клёнамі і ліпамі. I старыя, тыпова палескія, і новыя, звычайныя. Але ва ўсіх на франтонах было сонца з раскінутымі прамянямі, падобнае на рамонак.
Хаты стаялі пад знакам сонца. А вакол іх хісталіся густазялёныя каноплі. I цвіло ці збіралася зацвітаць (вясна была позняя) такое мора кветак, якога я не бачыў у жыцці. Півоні ўсіх колераў, ружы, аксамітна-стракатыя браткі, мацыёла, флоксы, зарасці вяргінь, канаў, пахучага гарошку, пантофелькаў маці божай і залатога бэрла. Віліся кручаныя панічы, грамафончыкі, дзікі вінаград, плюшч. Гарадок патанаў у моры кветак. Хаты задыхаліся ад водару, як рымляне на оргіі ў Нерона. Ільсняна чарнела спрыснутая дажджом зямля. Паўсюль, на кожным вольным лапіку, былі кветкі, кветкі, кветкі. Кветкі над платамі, кветкі над суцэльнымі радамі чаўноў у рэчцы і вясенніх каналах. Пагарынская Венецыя шалела, буйствавала ў іх разліве, таму й не хацелася нам адсюль ісці ні ў якія Альшаны і Аздамічы, дзе і дагэтуль трывала жывуць старыя звычаі і вопратка.
X. Вярхоўны цыганскі суддзя
У чайной сядзелі звычайныя палешукі. Бабулі з "крэндзелем" на галаве і ў белых фартухах паўзверх вышываных сукняў, вусатыя меднатварыя дзядзькі. Але ўся гэтая публіка, што ела смажаную гаўяду, сёрбала капусту, піла з асалодаю піва, а сям-там і прапускала па чарчыне, была яшчэ больш стракатая, бо сям-там сядзелі за сталамі цыганы ў сваіх вясёлкавых хвандаватых сукенках, шнуроўках, намістах, у сваіх камізэльках, ботах і шырокіх портках. I ля кожнай такой пары па некалькі дзяцей. За суседнім сталом аж чатыры снапкі лапаюць рукамі смажаніну з бульбан. I адразу чамусьці ўспомнілася, як змей пасябраваў з цыганом і цыган запрасіў яго вячэраць і вось з шатра выбегла штук дзесяць такіх мурзаў і радасна закрычала:
— Тата прыехаў! Змея на вячэру прывёз!
Калі верыць гэтай беларускай казцы, змей так кінуўся лататы, — аж дарога да самой Курылаўшчыны закурэла.
На вуліцы дзеці абляпілі нас, як камары-таўкуны.
— Дзядзька, паздымай! Дзядзька, паздымай!
Мы паздымалі. Відовішча было каларытнае. I адразу:
— А кеды картачкі?! А кеды картачкі?!
I дзіўна было чуць у вуснах цыганскіх людзей (адзін тыповы, а другі — беленькі гарбузік, зусім як беларус) знаёмы палескі дыялект.
Мілыя палескія цёткі заглядзеліся на Валянціна:
— I вы таксама цыган?
— Што вы, — сказаў я і паказаў на другога чарнявага, на Зянона, — гэта ён цыган.
— I гэты падобны, — сказалі цёткі.
"Цыганы" з апаратамі пашыбавалі здымаць старажытную царкву.
Толькі тут ад цікаўных спадарожніц-цётак. мы даведаліся, чаму на вулках такое цыганскае разнатраўе. Спраўлялі гадавую па вярхоўным цыганскім суддзі, пахаваным на давід-гарадоцкіх могілках. Адзін цыган пазычыў у другога грошы. Суддзя прыехаў разбіраць справу і ўтапіўся ў рачулцы ля вёскі Рамель. Утапіўся, ратуючы беларускую дзяўчыну-падлетка.
— Аркестра будзе. Сабралыся з усёй чыста зямлі.
Гэта мы пасля ўбачылі і самі. Вучоныя, рабочыя з МАЗа, аседлыя на зямлі і проста пералётныя птушкі. Вопраткі ад самых сучасных да ледзь не сярэдневяковых.
Читать дальше