Мы пакуль што не можам з упэўненасцю меркаваць, карысны ці шкодны той ці іншы від жывёл ці раслін для жыцця ўвогуле, для вялізнай гармоніі біясферы на зямлі. І мы робім гэта. Мы ведаем ганебна мала — і мы робім выгляд, што ведаем усё. Таму, што мы жывём у доўг, пазычаючы й пазычаючы ў банку, запасы якога нявечныя, як і ўсё на зямлі.
У Палескі скарб валяецца ў нас пад нагамі, а нам неахвота нагнуцца і падняць яго. Дзесяткі тысяч людзей, замест Балатона ці Залатых пяскоў, праехаліся б на параходзе на ціхай яшчэ Прыпяці, пазагаралі б, палавілі рыбу, пакачаліся б на цвітучых яе паплавах. I пакінулі б тут грошы, якіх хапіла б на тое, каб аднавідь старыя будынкі, узбагаціць музеі і ператварыць усё гэта зноў у грошы, коштам якіх можна было зрабіць Палессе, — дый не толькі яго, — Эдэмам.
Дзесяткі турысцкіх паходаў ажывілі б Дняпро, і Прыпяць, і Сож. А між тым рачны флот беларускі памірае. Знізу яго падціскае кіеўская флатылія, і мы задавальняемся — і то не наша тут паслуга — толькі перагрузкай руды з іхніх вялікіх рудавозаў на свае, меншыя.
Жоўць руплівага гаспадара разліваецца ўва мне, калі бачу безгаспадарчасць. Я сню Прыпяць з белымі параходамі Брэст — Гомель, з матэлямі і кэмпінгамі ў гушчары лесу, Прыпяць цвітучую, Прыпяць высакародную і чыстую, па берагах якой паўсюль можна прабегчы босым, не парэзаўшы пятаў. Прыпяць, на якой працуюць заводы рыбагадоўлі і адноўлены чароды дняпроўскай сцерлядзі і асятра. Прыпяць, на якой нешта прыдумалі, каб "Ракеты" не забівалі рыбу (я сам бачыў пудовых шчупакоў, прыбітых да берага). Я сню Прыпяць багацейшай ракою. I я сню яе — у галоўным — такой, як зараз, з пышнымі дубовымі гаямі над вусцем Случы, са смолкамі-смалянкамі на сытых паплавах, з дробнымі ліловымі званочкамі-"цыганамі", — нібы мільёны табараў сышліся на адным лузе.
…Я сню яе прыўкраснай.
Перад упадзеннем у Прыпяць Гарыні пацягнуўся дагістарычны лес. Каравыя вербы з дзвюма-трыма буслянкамі, перакручаныя, як душы змарлых у пекле вялікага тасканца. I маленькія маладыя вербы, што толькі падкрэслівалі трагічнасць пейзажу. А над усім гэтым, над буслінымі крыламі, першабытнае неба, нібы ў час стварэння сусвету.
Бусел за буслам зрываўся з дрэў па меры набліжэння парахода. Было гэта буслінае каралеўства.
Я ведаў, што недзе жыве і пануе над ім кароль-бусел з крыламі, размахам на палову неба. Ногі да каленяў улезлі ў твань, бо праваліўся за стагоддзі. Стаіць у зарасцях тысячагадовых беларускіх дубоў. Іхнія вяршыні ледзь прыкрываюць яму загорбак, бо галава ў яго прыціснутая, а дзюба лягла на грудзі.
Думае. Птушкі баяцца парушаць ягоны пакой. Калі ж набярэцца бясчынстваў, браканьерства, выгаляння над жывым — уздыме галаву, пракінецца і махам крылаў уздыме ўраган і змяце тых, што рабілі такое з яго братамі і гвалцілі натуру ды крыўдзілі меншых братоў.
А пакіне толькі гэтых, хто працаваў заўзята і ўпарта, думаў глыбока і добра, чыніў справядлівасць і ніколі не крыўдзіў ні жывёл, ні дрэваў, ні раслін, ні іншых людзей. I яшчэ не крыўдзіў яго рахманы, спакойны і мудры бусліны народ.
Гадзін у шэсць вечара — сонца было яшчэ куды як высока — увайшлі ў Гарынь. Пасля цёмнай, празрыстай прыпяцкай вады тут вада была каламутная, непразрыстая, імклівая. Рэчка вілася так, нібы за ёю гнаўся казачны цмок, і шырока ляжалі вакол голыя паплавы з чародамі рабых і вогненных кароў.
Праплылі паўз нейкую каробку з пустымі праваламі вокнаў.
— Завод кансерваў, - сказаў капітан.
— А чаго то ён пусты такі?
— Закансервавалі, - змрочна сказаў капітан.
Весці яму параходзік тут было цяжкавата. Не разгорнешся. Толькі выйшаў на прамую — мяняй курс. Але ўсякай непрыемнасці бывае канец. З-за купаў дрэў выплылі першыя, старанна прыхаваныя хаткі, вербы над вадою, сотні чаўноў, прывязаныя да іх. I платы, што стаялі ўпрытык да вады, аксамітна-зялёныя знізу ад вільгаці.
Венецыя на зары свайго існавання, калі першыя беглыя рыбакі высадзіліся на востраў Маламока, была, відаць, менавіта гэткай: дымка над вадой, зелень платоў і дрэў, чаўны з задзёртымі насамі. I ціша.
Вечарам мы крыху пасядзелі з нашымі хлопцамі. Шкада было развітвацца з імі: народам вясёлым, грубаватым і дасціпным. Харошыя хлопцы! Пра кожнага можна было б напісаць апавяданне. Калісьці я так і зраблю, паплаваўшы з імі не тыдзень а, скажам, месяц.
А цяпер проста дзякуй ім ад усіх нас.
Спакавалі рукзакі. Зянон узлез на сваю паліцу, звесіўшы з яе ногі: ні даць ні ўзяць — макароны на лыжцы. Хутка засоп і Валянцін. А я ляжаў і ўспамінаў, што я ведаю пра гарадок і яго наваколле. Ведаў я ганебна мала. Мы ўвогуле ганебна мала ведаем сваю радзіму, і нам даўно патрэбен свой краязнаўчы часопіс. "Наш край".
Читать дальше