Хата ў Цімахвея Шэлеста, мужчыны нестаррга, зграбнага, хоць і худаватага, была на дзве палавіны. У майстэрні падлога земляная, ля акон лава, ля яе ганчарнае кола. На печцы гаршкі падсушаныя, на "палу" — не зусім высахлыя.
Пад столлю яшчэ адны бэлькі, на іх дошкі пакладзены, а на дошкі гаспадар ставіць зусім сырыя гаршкі.
— Ну, давай паспрабуй узяць.
— Самну.
— А ты не душы, не цісны. Ты беры, от просто беры.
Сапраўды, удалося ўзяць і панесці.
— Колькі ж вы, дзядзька, працуеце?
— Як зародыўся. З сямі год. Значэ, год сорак.
Сядае на лаву. Густыя чорныя бровы, гарбаты нос, шырокае ўсмешлівае аблічча чырвонага колеру. Клятчастая сіняя сарочка, заляпаныя глінаю порткі.
I вось пасуровеў. Позірк стаў пільны. Як ужо бачыць у глінянай нашлёпцы будучую рэч.
Міска з каламутна-рыжай вадою побач, шэра-блакітная гліна — на коле. Крутануў нагамі і — пайшоў…
Часам мочыць пальцы ў місе і цягне. Гліна выцягваецца, сціскаецца, шырыцца і пухне. Што будзе? Цукарніца, макотра, гаршчочак? Ён і сам гэтага пакуль не ведае. Гэта ён іграе, прымяраецца, радуецца пакорлівасці матэрыялу.
Гліна, — не, ужо не гліна, — тоўста спаўзае, то ўгору, то ўніз. Вось выцягваецца ўгору Вавілонская вежа. Пальцы лісліва і мякка паўзуць унутр, робяць сяродку, змочваюць, цягнуць яшчэ ўгору. Цяпер ужо можна зразумець, што робіць "баньку". Рука залазіць амаль па локаць, шліфуе знутры. Выпаўзае. Вось адзін палец вызваліўся, нібы паказвае кудысь, астатнія прагладжваюць горла.
Круцяцца, нібы танцуюць, ногі. I танцуюць пальцы. I выцягваецца, выцягваецца рыльца. I вось гатова, і вось ужо, каўбаскай, ручку. I ніткаю адразае баньку ад кола, і ў хаце, пабеленай блакітнай глінай, адразу нібы робіцца святлей, такая банька зграбная.
— Майстра, — кажа дзед Казачок. — Шэлест — самы скоры ганчар.
Памаўчаў:
— Наша прохвесія самая старая. Адам буў злеплены з гліны. Бог буў першы ганчар.
I нельга зразумець, ці то ён жартуе, ці то ён гаворыць з сур'ёзным гонарам.
— Мы колысь рабілы велькія глякі. Звалыся "палякі". Не було кадушак, то рабілы для насыпкі. Вялізныя. То і станок быў іншы. I ганчар стаіць наўколішкі, а руку ўнутр да падпахі цягне. Цяпер забылі.
Ківок на цяперашняе ганчарнае кола:
— Ужо і гэтага дзеці не вучацца.
— А як вучылі?
— З папружкой вучылы.
— Ну а я навучыўся б?
— Хоч два гады вас папружкай бі — не навучыш. Тэпэр не навучыцеся. Гэта дзела з маленькосьці.
Глядзіш, як зачараваны, на працу гэтых рук, адчуваючы сваю нікчэмнасць. А дзед пляце далей няспешныя свае славесы:
— Вся Гарадная на гліні. Яе яшчэ будэ на міл'ён літ. Яе нэ пэрэробыш. Такая гліна была толькі на кашубі, як у нас. Дзве трэці людзей банькі ляпілі, а то і болей. З тых год, як царква ў нас. А ёй з трыста пяцьдзесят год. Можэ, і раней ляпілы, але то ўжо точно, бо папы запісвалы.
Усміхаецца і Шэлест:
— У нас тут еслі не ўміў гаршкі робыць, то дзеўкі не йшлі замуж. Не підзе, бо што ж, як не ганчар…
— А за цябе ішла? — пытае нехта з гледачоў.
Дзед падкусвае:
— Падманіў, сказаў, што ўміе.
— Вывучыўся, шчоб жаніцца, — парыруе Шэлест.
— А чаго ж гэта, дзеду, маладыя не вучацца?
— Работа гразная, дзяшовая, — дзеду відавочна крыўдна за сваё ўмельства і за ўмельства яго спрадвеку ганчарнай вёскі. — Зрабіць зробіш, а выпаліш — трэця часць астаецьця. Стукнеш — выб'ецьця, паліш — выб'ецьця, аблываеш — выб'ецьця. Багатыром ніхто не буў. Калаціліся, а жылі. Не для хліба, а шчоб людзям… Не ў прыгоршчах жа ім варыць… Ну, гразная, кажу, работа, дзяшовая, але і тую некалькі год толькі як папусцілы. Дзяшовая, ды і тую не давалы рабіць. Дзе горан быў — дык пяць-шэсць год назад, за кукурузным часам, трактарам пабілі, бульдозерам панішчылі. Прадаваць не давалы. Заробак з той работы, ды і то ў зімне врэмя, — на тытунь, а на рынку не бяруць, а рынак бярэ… Калісь-то ў нас жанчына-опікун була, выставы рабілі, не чыпалы нікога. Як пабачуць, шчо робіш, не возражалы. А тут. Хіба зараз такі горан зробіш ужо, які буў? - I з нейкім гаротным неўразуменнем: — Ці ты ўкраў, ці каго забіў? З зямлі сам зробіў.
Памаўчаў:
— Цяпер рабі, можно. — I зноў пасля паўзы: — Ды позна. Хто рабіў — кінулі, плюнулі. Іздзяць на заробкі. Што ўжо казаць. Канец ганчарнаму Городному.
…У мяне было дужа смутна на душы. Каму гэта ўсё было трэба? Сотні год існаваў промысел. Мала таго, існавала мастацтва. I вось бульдозерамі. Добра, зараз усё выпраўлена. Зараз імі цікавіцца фабрыка мастацкіх вырабаў, памагаюць мастакі. Іхнія творы зноў адпраўляюць на выстаўкі. Але фінансавая палітыка нядаўніх год пашкодзіла промыслу, загубіла мастацтва. Пойдуць старыя майстры — і што тады застанецца ад яго?
Читать дальше