…Царкве ў Гарадным, вядома ж, не З50 год, хаця кнігі, цалкам магчыма, вядуцца з таго часу. Але што сярэдняя яе частка з XVIII стагоддзя — гэта, мусіць, так.
Стаяла, мабыць, маленькая адназрубная цэркаўка (дзед сказаў: "ад патопа, як кажуць"), пасля да яе прыбудавалі яшчэ адзін зруб. I атрымалася тры зрубы і два шатры.
У інтэр'еры ёсць дзве досыць каштоўныя і, галоўнае, арыгінальныя рэчы. Адна — наіўны, амаль лубачны, абраз маці божай уніяцкіх яшчэ часоў, з букетам лілей, сэрцам і какетліваю ўсмешкай. Не хачу абражаць майстроў і сам культ мацярынства, але з лілеямі, з усмешкай і, галоўнае, з сэрцам яна атрымалася крыху падобнай на чырвоную даму.
Ёсць і яшчэ адна работа. Сапраўдны народны прымітыў XVIII стагоддзя. Уезд Хрыста ў Іерусалім. Прапорцыі вельмі парушаны. Сам Езус вышынёю з вежы горада. Галава ягоная — трэцяя частка ад усёй постаці. Круп каня і заднія ногі — вялізныя. Галава і пярэднія ногі маленечкія. Як ні дзіўна, гэта стварае страшэнна дынамічнае ўражанне. Здаецца, конь (конь, а не асёл, бо адкуль было жывапісцу таго асла бачыць), здаецца, гэты конь скача. А вежы Іерусаліма, вежы нейкай невядомай архітэктуры, пафарбаваныя палосамі: ніжні ярус шэры, дах яго аранжавы, верхні ярус белы з зялёным дахам.
Шкада, што ў мінскім музеі так цесна і так мала адведзена месца неацэннай нашай старой скульптуры і жывапісу. Нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца і ў гэтым сэнсе. Не менш, чым іншым.
Зноў былі тлустыя чорныя дарогі з глыбачэзнымі каляінамі, налітымі вадой. I ніводнай машыны, акрамя "казла" ды тых, што ходзяць хлебнай парай.
Пад сонцам, пад спеючымі хмарамі цвіла ўсцяж дарог шыпшына.
Так, Адам быў злеплены з гэтай гліны. З гліны, абпаленай ачышчальным і святым агнём.
XVIII. Кароль уюноў, або некалькі марных думак аб Пінску
Брыдкі інцыдэнт адбыўся з намі ля царквы Варвары. Ішла "рэстаўрацыя", то-бок на дах ставілі нешта дужа падобнае на хвігу. Пры выключным барокавым франтоне праз дах лезла цыбуліна на драўляным барабане. Не паспелі мы нават папрасіць дазволу паздымаць, як да нас падляцеў "рэстаўратар", царкоўны стараста з кучай цэменту ў галаве і ашалелымі вачыма:
— Не пазволю! Вон атсюда! — і выбухнуў непрыстойнай лаянкай.
Свяшчэннік, калі звярнуліся да яго, толькі рукамі развёў, не памаглі і дакументы.
— Я служачы. Уся ўлада — царкоўны савет.
Мы паспрабавалі пераконваць, але стараста налятаў з выглядам байцовага пеўня, і нам стала ясна, што пры такім клопаце старажытная царква застанецца стаяць. Нават калі прышыбеевы ад царквы не дазволяць ніводнаму мастаку, ніводнаму знаўцу і аматару народнага мастацтва ўвайсці ўнутр, сфатаграфаваць ўсё сапраўды каштоўнае і апісаць яго нехлуслівым словам павагі.
Мы махнулі рукой і, збянтэжаныя, не ведаючы, смяяцца нам ці абурацца, пайшлі прэч.
Такі ва ўсім гэтым быў прымітывізм мыслення, нібыта мы перанесліся на стагоддзе назад.
Я сядзеў на адхоне за калегіумам і ўяўляў сабе Пінск, якім ён быў год 120 назад. Мне лёгка было ўявіць гэта, бо варта было толькі ўзняць галаву — і ўбачыш чароўныя краі барокавага франтона, закручаныя, як струцаль з макам. Акрамя таго, у Крашэўскага, у ягоных "Успамінах Палесся, Валыні і Літвы", ды ў Аскара Кольберга, у ягонай кнізе "Беларусь — Палессе", ёсць досыць добрыя апісанні горада. Як зараз рака, як зараз лясы, — і таму яшчэ лягчэй уяўляць. Таполі над ставамі, яўрэйскія корчмы, ветракі, як на пакуце. За ракою хаты, напалову ў зямлі, а ля іх — худыя сабакі.
Грэблі, на якіх яздок клацае зубамі. Чумацкія фурманкі, што вязуць на ІІоўдзень хлеб, а адтуль соль і сушаную рыбу.
Ля рагатак на вазах шукаюць гарэлку.
"Зорка наваколля" амаль уся драўляная, зрэдку мураваная. Але яна на шляху між Балтыйскім і Чорным морамі. Яна багата гандлюе, хоць і жыве ў гразі. У яе хапае грошай, каб узводзіць магутныя муры і вежы. Над горадам, над замчышчам высяцца сем ці восем званіц. Асабліва ўражвае велічынёй, масай камення паезуіцкі касцёл. Ёсць у ім і яшчэ адна славутасць — напалову замураванае акно, на якім намаляваны дзве постаці ў турэцкім адзенні. Яны гавораць між сабой. Жыхары кажуць, што гэта дзве ахвяры, забітыя пад час будавання, але ўборы супярэчаць гэтаму, ды і надпіс таксама: "Мы абрашчаем няверных".
У гэтым касцёле ў 1657 годзе, калі напалі казакі, быў забіты пад час імшы Андрэй Баболя, пасля кананізаваны.
Крашэўскі і Кольберг прарочылі, што горад стане паходняй гандлю. Але яны не ўлічылі чыгунак і аўтамашын. Усё ж горад паспеў набудаваць мураванак.
Читать дальше