Швэйк змоўк, прайшоў да дзьвярэй і зноў да ложка старшага пісара, перад якім спыніўся і пачаў:
— Што асабіста да мяне, пан старшы пісар, то калі я пачуў, што вы гаворыце пра гэтыя формы, я ўспомніў пра ліхтарніка Затка. Ён служыў на газавай станцыі на Летне, і яго абавязкам было запальваць і тушыць ліхтары. Быў гэта асьвечаны чалавек і хадзіў па розных начных шынкох на Летне: паміж запальваньнем і тушэньнем ліхтароў шмат-жа часу. Потым, пад раніцу, на газавай станцыі ён вёў вось якраз такія размовы, як учора вы, напрыклад: «Гэтыя косьці для гуляньня, бо на іх бачу рэбры і грані я». Я гэта сваімі вушамі чуў, калі мяне раз адзін п‘яны паліцэйскі прывёў за незахаваньне чыстаты на вуліцы памылкова замест паліцэйскага камісарыяту на газавую станцыю. З часам, — сказаў Швэйк ціха, — гэты Затка скончыў вельмі дрэнна. Уступіў ён у конгрэгацыю сьв. Марыі, хадзіў з нябеснымі козамі [98] Гіронічная мянушка жанчын, членаў каталіцкіх конгрэгацый і наогул багамолак.
на казані патэра Амелькі да сьвятога Ігната на Карлаў пляц і забыўся, калі прыехалі місыонэры да сьв. Ігната, патушыць усе газавыя ліхтары, і там бесьперапынна тры дні і тры ночы гарэў газ на вуліцах. Бяда, — гаварыў далей Швэйк, — калі чалавек раптам пачне філёзофстваваць, — гэта заўсёды пахне белай гарачкай. Некалькі гадоў таму пазад да нас перавялі з 75-га палка майора Брюгера. Той заўсёды, бывала, раз у месяц зьбярэ нас, выстраіць у карэ і пачне разам з намі філёзофстваваць: «Што такое афіцэрская годнасьць»? Ён нічога апрача сьлівянкі ня піў. «Кожны афіцэр, хлопцы, — растлумачваў ён нам на дварэ казармаў, — зьяўляецца сам па сабе найдасканалейшаю істотаю, якая надзелена розумам у сто разоў большым, як вы ўсе разам узятыя. Вы ня можаце ўявіць сабе нічога больш дасканалага. як афіцэр, нават калі-б усё жыцьцё стараліся сабе гэта ўявіць. Кожны афіцэр ёсьць істота, неабходная ў той час як вы, радавыя, зьўяляецеся выпадковым элемэнтам, вы можаце існаваць, але не абавязаны. Калі-б справа дайшла да вайны і вы-б памерлі за гасудара імпэратара — вельмі добра! Ад гэтага шмат што не зьмянілася-б, але калі-б першым паў ваш афіцэр, тагды-б вы адчулі, у якой ступені вы ад яго залежыце і якая вялікая гэта страта. Афіцэр павінен існаваць, а вы існуеце толькі дзякуючы паном афіцэрам; вы ад іх паходзіце, вы бяз іх ня абойдзецеся, вы без начальства і п… ня можаце. Афіцэр для вас закон моральны — усёроўна, разумееце вы гэта ці не, з прычыны таго, што кожны закон павінен мець свайго законадаўцу, дык такім для вас зьяўляецца афіцэр, якому вы адчуваеце сябе ўдзячнымі і павінны быць удзячнымі за ўсё, і кожны бяз выключэньня яго загад павінен вамі выконвацца, незалежна ад таго, падабаецца вам ці не». А раэ, пасьля таго, як скончыў сваю прамову, ён стаў хадзіць уздоўж фронту і пытаць аднаго за другім, што ён адчувае, калі спозьніцца ў казарму. Ну, яму адказалі неяк няскладна, накшталт таго, што ці яшчэ не пазьніліся ці што ў выпадку спазьненьня яго пачынае нудзіць, а адзін адказаў, што ён, пасьля таго як спазьніўся, адрааў адчуў, што зусім застанецца бяз водпуску. Усіх гэтых тут-жа загадаў майор Блюгер адвесьці ў бок, каб потым яны за кару пасьля абеду на дварэ папрактыкаваліся ў вольнай гімнастыцы, за тое, што ня ўмеюць выказаць, што яны адчуваюць. Раней, чым чарга дайшла да мяне, я ўспомніў, пра што ён апошні раз гаварыў, і, калі ён падышоў да мяне, я зусім спакойна яму адказаў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, калі я спазьнюся, я адчуваю ў сябе ў сярэдзіне якісьці непакой, страх і мукі сумленьня. А калі вярнуся сваячасова з гораду, — мяне ахапляе надзвычайны спакой, мяне апамоўвае ўнутраное задаваленьне». Усе наўкол разрагаталіся, а майор Блюгер на мяне закрычаў: «Цябе хіба, ёлап, клапы апаноўваюць, калі ты пухнеш ў сябе на ложку! Ён, сукін сын, яшчэ дурыцца!» — І закаціў мне такія шпанглі, што толькі трымайся.
— На вайсковай службе іначай нельга, — сказаў старшы пісар, гультайскі пацягваючыся на сваім ложку, — гэта ўжо так спрадвеку вядзецца: як ні адкажы, як ні зрабі, — заўсёды над табою вісяць хмары і пляжыць цябе гром і маланка. Бяз гэтага няма дысцыпліны.
— Правільна сказана, — сказаў Швэйк. — Ніколі не забудуся, як пасадзілі рэкрута Пэха. Ротным камадзірам быў у нас лейтэнант Моц. Вось сабраў ён рэкрутаў і пытаецца: хто адкуль. «Перш-наперш, жаўтаротыя, — зьвярнуўся ён да іх, вы павінны навучыцца адказваць коратка і ясна, як бізуном ляснуць. Дык вось пачнем. Адкуль вы, Пэх?» Пэх быў інтэлігентны хлопец і адказаў так: «Ніжні Боўсаў — Unter Bautzen, дзьвесьце шэсьцьдзесят сем дамоў, тысяча дзевяцьсот трыццаць шэсьць чэскіх абываталяў, гэтманства і чын, воласьць Соботка, былая вотчына Косьці, прыхадзкая царква сьвятой Кацярыны з чатырнаццатага стагодзьдзя, рэстаўравана графам фон-Вацлавам Вратыславам Нэтоліцкім, школа, пошта, тэлеграф, станцыя чэскай таварнай лініі, цукровы завод, млын з пільняй, хутар Вальха, шэсьць кірмашоў на год…» Лейтэнант Моц кінуўся на яго і пачаў біць яго па мордзе, прыказваючы: «Вось табе першы кірмаш, вось табе другі, трэці, чацьверты, пяты, шосты…» А Пэх, хоць і быў рэкрут, падаў рапарт камандзіру батальёна, у канцылярыі была тагды вясёлая шантрапа. Ну, і напісалі яны там, што ён накіроўваецца з рапартам да батальённага камандзіра з прычыны кірмашоў у Ніжнім Боўсаве. Камандзірам быў тагды майор Рогель. «У чым справа?» — запытаўся ён у Пэха, а той і ляпнуў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, у Ніжнім Боўсаве шэсьць кірмашоў». Ну, тут майор Рогель на яго закрычаў, затупаў нагамі і зараз-жа загадаў завесьці яго ў вайсковы шпіталь у аддзяленьне для вар‘ятаў. З таго часу Пэх стаў самым апошнім салдатам — не салдат, а няшчасьце.
Читать дальше