— Любы сябар, — зьвярнуўся ён у паўголоса пасьля невялікага перапынку да старшага пісара, зрабіўшы пры гэтым шырокі гэст і абярнуўшы ўсе шклянкі, якія стаялі перад ім на стале. — Існуе бясьцельнасьць усіх зьяў, матэрый і рэчаў — панура сказаў пасьля гэтага руху кухар-окультыст. — Форма ёсьць бясьцельнасьць, і бясьцельнасьць ёсьць форма. Бясьцельнасьць не адлучаецца ад формы, форма, не адлучаецца ад бясьцельнасьці. Тое, што зьяўляецца бясьцельнасьцю, зьяўляецца і форма, тое, што ёсьць форма есьць бясьцельнасьць.
Кухар-окультыст схаваўся за заслонай маўчаньня, падпёр рукою галаву і пачаў суглядаць мокры заліты стол.
Пісар з штабу мармытаў нешта далей, што ня мела ні пачатку, ні канца:
— Хлеб зьнік з палёў, зьнік з палёў, зьнік… І ў такім настроі ён атрымаў запрашэньне і пашоў да яе. Сьвята Сёмуха бывае вясною.
Старшы пісар Ванэк барабаніў па стале, піў і час-ад-часу ўспамінаў, што ля харчовага магазыну яго чакаюць дзесяць салдат на чале з камандзірам разьдзелу. Уздумаўшы пра гэта, ён усьміхнуўся і безнадзейна махаў рукою.
Потым, вярнуўшыся ў канцылярыю маршавай роты, ён знашоў Швэйка пры тэлефоне.
Швэйк увесь час сядзеў пры тэлефоне, бо дзьве гадзіны таму назад яму па тэлефоне сказаў паручнік Лукаш, што ён усё яшчэ на нарадзе ў пана палкоўніка, але забыўся дазволіць яму адыйсьціся ад тэлефона.
Потым з ім гаварыў па тэлефоне камандзір разьдзелу Фукс, які ўвесь гэты час з дзесяцьма радавымі ня толькі дарэмна прачакаў старшага пісара, але нават дзьверы харчовага магазыну знашоў замкнёнымі. Нарэшце ён некуды адышоўся, і дзесяць радавых адзін за адным вярнуліся назад у казармы.
Час-ад-часу Швэйк забаўляўся тым, што здымаў тэлефонную трубку і слухаў. Тэлефон быў найноўшай сыстэмы, нядаўна ўведзенай ў арміі, і меў тую перавагу, што ў яго можна было зусім выразна чуць усе тэлефонныя размовы па цэлай лініі.
Абоз лаяўся з артылерыйскімі казармамі, сапёры пагражалі вайсковай пошце, полігон крыў кулямётную каманду.
А Швэйк, не ўстаючы, сядзеў ды сядзеў пры тэлефоне…
Нарада ў палкоўніка працягвалася.
Палкоўні Шрэдэр разьвіваў найноўшую тэорыю пра палявую службу і асабліва падкрэсьліваў значэньне мінамётаў.
Ён пераскокваў з пятага на дзесятае, гаварыў пра тое, дзе быў фронт два месяцы таму назад, на поўдні і на ўсходзе, пра важнасьць цеснай сувязі паміж паасобнымі часьцямі, пра атрутныя газы, пра абстрэльваньне няпрыяцельскіх аэроплянаў, пра забесьпячэньне салдат на фронце, і потым перайшоў да ўнутраных ўзаемаадносін у арміі.
Разгаварыліся пра адносіны афіцэраў да ніжніх чыноў, ніжніх чыноў да ўнтэр-афіцэраў, пра перабежчыкаў, пра тое, што пяцьдзесят процэнтаў чэскіх салдат політычна няпэўныя.
— Так, панове, што ні кажэце, але Крамарж, Шрэйнэр і Клофач… [96] Чэскія політычныя дзеячы: Крамарж і Шрэйнэр — лідэры-нацыянал-дэмократаў; Клофач — лідэр соцыял-нацыяналістаў.
Большасьць афіцэраў пры гэтым думалі, калі ж нарэшце стары балбатун перастане плявузгаць, але палкоўнік Шрэдэр гарадзіў далей усялякае глупства пра новыя задачы новых маршавых батальёнаў, пра афіцэраў палка, што ляглі ў баі, пра цэпэліны, пра драцяныя загароды, пра прысягу.
Тут успомніў паручнік Лукаш, што ў той час, калі ўвесь маршавы батальён прысягаў, удалы ваяка Швэйк да прысягі прыведзены ня быў, бо ў той час сядзеў у дывізійным судзе.
І, успомніўшы гэта, ён раптам засьмяяўся.
Гэта было нешта накшталт істэрычнага сьмеху, якім ён заразіў некалькіх афіцэраў, сярод якіх ён сядзеў:
Сьмех гэты зьвярнуў на сябе ўвагу палкоўніка, які толькі што перайшоў да практыкі, набытай пры адступленьні германскіх армій у Ардэнах. Зблытаў усё гэта і скончыў!
— Панове, тут няма нічога сьмешнага.
Потым усе пашлі ў афіцэрскае сабраньне, бо палкоўніка Шрэдэра выклікаў да тэлефону штаб брыгады.
Швэйк драмаў пры тэлефоне, калі яго раптам пабудзіў званок.
— Алё! — пачуўся ў тэлефоне. — Тут палкавая канцылярыя?
— Алё! — адказаў Швэйк, — тут канцылярыя 11-й маршавай роты.
— He затрымлівай, — пачуўся голас, — вазьмі аловак і пішы. Прымі тэлефонограму…
— 11-й маршвай роце…
Потым пашлі адна за аднэй у дзіўным хаосе якіясьці фразы, бо ў телефон адначасна гаварыла 12-я і 13-я маршавыя роты, і тэлефонограма зусім разбавілася ў гэтым хаосе гукаў. Швэйк ня мог разабраць ні слова. Нарэшце ўсё сьціхла, і Швэйк разабраў:
— Алё! Алё! Дык прачытай яе і не затрымлівай!
— Што прачытаць?
— Што прачытаць, дубіна! Тэлефонаграму!
Читать дальше