Швэйк пашоў выконваць загад, знашоў капрала Блажэка і перадаў яму загад паручніка, каб ён адвязаў Балёўна. Капрал Блажэк забурчаў:
— Абы што трошкі, пачынаюць ужо дрыжаць!
Швэйк быў пры адвязваньні Балёўна і пашоў з ім разам, бо той ішоў па дарозе да кантыны, дзе Швэйк павінен быў шукаць старшага пісара Ванэка.
Балёўн глядзеў на Швэйка, як на свайго збавіцеля, і абяцаў яму, што будзе дзяліцца ўсімі сваймі пасылкамі, якія атрымае з дому.
— У нас хутка будуць калоць сьвіньню, сказаў мэлёнхолічна Балёўн. — Ты любіш кілбасу з крывёй ці бяз крыві? Скажы, не саромейся, я яшчэ сягоньня вечарам буду пісаць дадому. Мая сьвіньня вагою будзе так кілё сто пяцьдзесят. Галава ў яе як у бульдога, а такія сьвіньні — самы лепшы гатунак. З такімі сьвіньнямі страты ня будзеш мець. Такі завод, брат, не падмане. Сала на ёй пальцаў на восем. Калі я быў дома, дык я сам рабіў ліверную кілбасу, і пры гэтым так, бывала, набярэшся фаршу, што сам ледзь ня лопнеш. У мінулым годзе я закалоў сьвіньню, якая важыла сто шэсьцьдзесят кілё. Гэта, брат, была сьвіньня! — сказаў ён патэтычна, моцна паціскаючы руку Швэйку на разьвітаньні. — А выкарміў я яе аднэю бульбаю і сам дзівіўся, як яна ў мяне хутка сыцела. Шынкі я спачатку палажыў у расол. Такі кусок падсмажанай вянгліны, што паляжала ў расоле, ды з бульбянымі кнэдлікамі, пасыпанымі скваркамі, ды з капустай!.. Пальчыкі абліжаш! Колькі пасьля гэтага піўца можна выпіць. Ня жыцьцё, а рай! Што пасьля гэтага чалавеку яшчэ трэба? I ўсё гэта ў нас адабрала вайна.
Барадаты Балёўн цяжка ўздыхнуў і пашоў у палкавую канцылярыю, а Швэйк накіраваўся ўздоўж старых ліповых прысад да кантыны.
Старшы пісар Ванэк з здаволеным выглядам сядзеў у кантыне і тлумачыў знаёмаму пісару з штабу, колькі можна было зарабіць перад вайною на эмалевых і клеевых фарбах. Штабны пісар быў спрэс п‘яны. Днём прыехаў адзін багаты абшарнік з Пардубіц, сын якога быў у лягерах, даў яму добра ў лапу і ўсю раніцу да абеду частаваў яго ў горадзе.
Цяпер пісар з штабу сядзеў у вялікай роспачы, што ў яго прапаў апэтыт, не разумеў, пра што ідзе гутарка, а на трактат пра эмалевыя фарбы зусім не рэагаваў.
Ён быў заняты сваімі думкамі і бурчаў сабе пад нос, што чыгуначная галіна павінна была-б ісьці з Тршэбоні ў Пілігрымаў і потым назад.
Калі ўвайшоў Швэйк, Ванэк яшчэ раз паспрабаваў у лічбах растлумачыць штабному пісару, колькі можна зарабіць на адным кілёграме цэмантовай фарбы на пабудовах, на што штабны пісар адказаў зусім з іншай опэры.
— Варочаючыся назад, ён памёр і пакінуў пасьля сябе толькі лісты.
Убачыўшы Швэйка, ён палічыў яго за некага, на каго меў зуб, і пачаў абзываць яго варажбітом.
Швэйк падышоў да Ванэка, які быў таксама падвыпіўшы, але пры гэтым ён быў ветлівым і добрым.
— Пан старшы пісар, — адрапартаваў яму Швэйк, — зараз-жа ідзеце ў цэйхгаўз, там вас чакае ўжо камандзір разьдзелу — Вольф [95] Швэйк памылкова камандзіра Фукса (у перакладзе на нямецкую мову — ліса) называе Вольф — воўк.
з дзесяцьма радавымі, каб прыняць консэрвы. Ногі ў рукі, бягом — марш! Пан обэр-лейтэнант званіў па тэлефоне ўжо два разы.
Ванэк засьмяяўся.
— Дзіцятка ты маё, што я ідыёт, ці што? За гэта-ж мне прышлося-б самога сябе вылаяць, анёлак ты мой. Часу на ўсё хопіць! За каўнер-жа нам не цячэ, золатка маё! Няхай обэр-лейтэнант Лукаш. спачатку адправіць гэтулькі маршавых рот, колькі я — тады няхай і размаўлае, і тады ён ні да каго ня будзе чапляцца з сваім «бягом марш!»
Я ўжо атрымаў загад у палкавой канцылярыі, і што заўтра едзем, што трэба ўпакоўвацца і атрымоўваць на дарогу харчы. А што ты думаеш я зрабіў? Я самым спакойным чынам зайшоў сюды выпіць чвэртку віна. Сядзіцца мне тут спакойна, і няхай усё ідзе сваім парадкам. Консэрвы застануцца консэрвамі, выдача — выдачай. Я ведаю харчовы магазін ляпей, як пан обэр-лейтэнант, і разьбіраюся ў тым, што гавораць паміж сабою афіцэры на нарадзе ў пана палкоўніка. Гэта-ж толькі пану палкоўніку здаецца, што ў харчовым магазыне ёсьць консэрвы. На складзе нашага палка ніколі ў запасе консэрваў ня было і даставалі мы час-ад-часу ці з брыгады ці пазычалі ў іншых палкоў, які толькі пападзецца пад руку. Аднаму толькі Бэнэшаўскаму палку мы вінаваты больш за трыста бляшанак консэрваў. Хе, хе! Няхай на сваіх нарадах яны гавораць, што ім уздумаецца. Куды сьпяшацца? Усё-ж роўна калі туды нашы прыдуць, каптэнармус скажа ім, што яны з глузду зьехалі. Ніводная маршавая рота не атрымала на дарогу консэрваў. Так, ці што, ты, старая бульбіна? — зьвярнуўся ён да штабнога пісара.
Читать дальше