— Цяпер пацалуйце крыж, — загадаў вахмістр пасьля таго“ як бабулька, моцна ўсхліпваючы і хрысьцячыся, паўтарыла словы прысягі. — Так, а цяпер занясеце Езуса, адкуль яго ўзялі, і скажэце там, што ён мне патрэбен быў для допыта.
Ашаломленая старая на пальчыках вышла з пакою і пашла па дарозе, штохвіліны азіраючыся, як-бы жадаючы пераканацца, што гэта ня быў сон і што яна сапраўды толькі што перажыла адну з самых страшных хвілін у сваім жыцьці.
Вахмістр перапісваў тым часам свой рапарт, які за ноч аздобіўся залізанымі кляксамі.
Ён усё перарабіў нанова і перапісаў. Але потым успомніў, што забыўся дапытаць Швэйка яшчэ пра адну рэч. Ён загадаў прыцесьці Швэйка і запытаўся ў яго:
— Ці ўмееце вы фотографаваць?
— Умею.
— А чаму вы ня носіце з сабою апарата?
— Таму, што яго ў мяне няма, — чыстасардэчна прызнаўся Швэйк.
— А калі-б у вас быў апарат, вы-б рабілі здымкі?
— Калі-б ды калі, ды ў роце грыбы расьлі, — прастадушна адказаў Швэйк, сустракаючы спакойным поглядам дапытлівы погляд вахмістра.
У вахмістра зноў забалела галава, і ён ня мог знайсьці іншага запытаньня, як:
— Ці цяжка фотографаваць вагзалы?
— Вельмі лёгка, — адказаў Швэйк. — Па-першае, вагзал ня кратаецца, а стаіць увесь час на адным месцы, а, па-другое, яму ня трэба гаварыць: „Зрабеце прыемную ўсьмешку“.
Пасьля гэтых паказаньняў вахмістр мог дапоўніць свой рапарт: „У дадатак да данясеньня № 2172 паведамляю…“
У гэтым дадатку вахмістр даў волю свайму натхненьню:
„Пры перакрыжаваным допыце арыштаваны, між іншым, прызнаўся, што ўмее фотографаваць і ахватней за ўсё робіць здымкі з вагзалаў. Хоць у яго фотографічны апарат ня знойдзен, але ёсьць падазрэньне, што ён у яго дзе-небудзь схаваны і таму ён яго з сабою ня носіць, каб ня выклікаць падазрэньняў, што сьцьвярджае і яго прызнаньне, што ён рабіў-бы здымкі, каб меў пры сабе апарат…“
Вахмістр з перапою стаў гарадзіць далей усялякае глупства:
„З паказаньняў арыштаванага з бясспрэчнай відавочнасьцю вынікае, што толькі тое, што ён ня мае пры сабе апарата, перашкодзіла яму фотографаваць чыгуначныя будынкі і мясцовасьць, якая мае стратэгічнае значэньне. Бясспрэчна ён-бы выканаў свой намер, каб вышэйазначаны схаваны ім апарат быў у яго пад рукою. Таксама, толькі дзякуючы тэй акалічнасьці, што апарата пры ім ня было, ніякіх здымкаў у яго ня знойдзена“.
— Хопіць, — сказаў вахмістр і падпісаўся.
Застаўшыся вельмі здаволеным сваім творам, ён з гонарам, прачытаў яго свайму памоцніку.
— Удалы даклад, — сказаў ён. — Бачыце, вось як трэба складаць данясеньні. Тут усё павінна быць. Сьледства, даражэнькі, не такая ўжо простая штука, а галоўная справа ў тым, як падаць вынікі допыту, каб у вышэйшай інстанцыі толькі рот разявілі. Прывядзеце яго да мяне. Пара гэту справу скончыць.
— Дык вось унтэр-афіцэр завядзе вас у Акруговую жандарскую ўправу ў Пісэк, — сказаў ён паважна Швэйку. — Паводле прадпісаньня належыць адправіць вас з кайданамі на руках, але з прычыны таго, што вы, як мне здаецца, чалавек паважны, кайданоў мы на вас не надзенем. Я ўпэўнены, што і ў дарозе вы не паспрабуеце ўцякаць. — Вахмістр, як відаць, расчулены выглядам швэйкаўскага дабратлівага аблічча, дадаў: — і ня гневайцеся на мяне. Завядзеце яго, унтэр, вось вам маё данясеньне.
— Бывайце здаровы, — мякка сказаў Швэйк. — Дзякую Вам, пан вахмістр, за ўсё, што вы для мяне зрабілі. Пры выпадку напішу вам ліст. Калі пападу ў ваш край, абавязкова зайду да вас у госьці.
Швэйк з унтэрам вышлі на дарогу, і кожны, хто-бы ні спаткаўся, бачачы іх захопленымі сяброўскай гутаркай, палічыў-бы іх за даўно знаёмых, якія ідуць разам у горад, скажам, — у касьцёл.
— Ніколі ня думаў, — казаў Швэйк, — што па адрасе ў Будэйовіцы будзе так шмат перашкод. Гэта нагадвае мне выпадак з разьніком Хаўрой з Кабыліц. Трапіў ён раз да помніка Палацкому на Морані [22] Вуліца ў Празе.
і хадзіў наўкол яго да самай раніцы, бо яму здавалася, што ён ідзе ўздож сьцяны, якой і канца няма. Пад раніцу, спрэс змардаваны, адчаяўся і закрычаў „ратуйце“, а калі прыбеглі паліцэйскія, ён у іх запытаўся, як яму прайсьці дадому ў Кабыліцы, бо, кажа, ніяк сьцяны прайсьці ня можа, ідзе, кажа, уздоўж яе пяць гадзін, а ёй канца-краю няма. Паліцэйскія яго забралі, а ён ім там у часьці ўсё раскідаў і паразьбіваў.
Унтэр не сказаў ні слова і падумаў: „Куды гне? Зноў пачынае арапа запускаць наконт Будэйовіц“.
Яны ішлі паўз сажалку і Швэйк пацікавіўся, ці шмат у іх раёне рыбакоў, якія ловяць без дазволу рыбу.
Читать дальше