— Гэта ў іх? — адказала бабулька. — Падазроны чалавек нейкі. Калі я адтуль выходзіла, сядзелі абодва абняўшыся з ім, а пан вахмістр гладзіў яго па галаве і прыказваў: „Галоўка ты мая славянская, шпіёнчык ты мой ненаглядны!“
Па поўначы жандарскае аддзяленьне выглядала так: унтэр спаў моцна храпучы і выцягнуўшыся на пасьцелі, як быў — у мундзіры; насупроць сядзеў вахмістр з рэшткай кантушоўкі на дне бутэлькі і абнімаў Швэйка за шыю, сьлёзы цяклі па яго загарэлым твары, барада яго склеілася ад кантушоўкі. Ён мармытаў:
— Ну прызнайся-ж, што ў Расіі такой добрай кантушоўкі ня знойдзеш. Скажы, каб я мог спакойна ісьці спаць. Прызнайся, будзь мужчынам!
— Ня знойдзеш, — сказаў Швэйк.
Вахмістр ад лішкі пачуцьцяў наваліўся на Швэйка:
— Дзякуй, родненькі, узрадаваў ты мяне, прызнаўся. Вось так трэба прызнавацца на допыце. Ужо калі вінават, чаго таіцца?
Ён устаў і, хістаючыся ў бакі з парожняй бутэлькай у руцэ, пашоў у свой пакой, мармычучы:
— Калі-б я зразу ня тра-рапіў на п-правільны ш-шлях, м-магло-б зусім іншае выйсьці.
Потым ён выцягнуў з пісьмовага стала свой рапарт і паспрабаваў дапоўніць яго наступным матэрыялам:
„Павінен дадаць, што руская кантушоўка, на падставе § 56…“
Ён ляпнуў чарнілам, зьлізаў языком, і як быў — у мундзіры, лагодна ўсьміхаючыся, зваліўся на пасьцель і заснуў, як мёртвы.
Пад раніцу жандарскі ўнтэр пачаў так моцна храпці, пасьвістваючы, што Швэйк прачнуўся. Ён устаў і пачаў трэсьці ўнтэра, пакуль той не перастаў храпці. Потым Швэйк лёг зноў. Прапелі пеўні, узышло сонца, і бабулька, выспаўшыся пасьля ўчарашняй беганіны, прышла падпальваць у печы. Дзьверы былі адчынены і ўсё было ахоплена сном. Газоўка ў каравульным памяшканьні яшчэ курэла. Бабулька сьцягнула ўнтэра і Швэйка з пасьцелі. Унтэру яна сказала:
— Хоць-бы пасароміўся спаць апранены, як жывёліна, даруй мне божа!
А Швэйку зрабіла заўвагу, каб ён зашпіліў порткі, калі знаходзіцца ў жаночай кампаніі.
Нарэшце яна прымусіла заспанага ўнтэра пайсьці пабудзіць вахмістра, сказаўшы, што гэта не парадак — так доўга дрыхнуць.
— Ну і ў кампанію-ж вы папалі, — бурчала бабулька, зьвяртаючыся да Швэйка, пакуль унтэр будзіў вахмістра. — Адзін п‘янюга горш другога. Кожны бацьку-б з маткаю прапіў. Мне за работу трэці год ужо вінаваты, а калі я намякну, вахмістр сказаў мне: „Маўчы ляпей, бабулька, а не дык загадаю пасадзіць цябе. Нам добра вядома, што сын твой браконьер і панскія дровы крадзе“. Вось і мучуся з імі ўжо чацьверты год. Бабка глыбока ўздыхнула і бубніла далей: — Вахмістра асьцерагайцеся больш за ўсё. Ліса і гадзіна з усяго сьвету. Так і шнырыць, каб каго сцапаць і пасадзіць.
Вахмістра ледзь пабудзілі. Унтэру прышлося ня мала папрацаваць, каб пераканаць яго, што ўжо раніца.
Нарэшце ён прадраў вочы, стаў іх церці кулаком і насілу аднавіў у памяці ўчарашні вечар. Раптам яму прышла ў голаву жахлівая думка і ён спужана запытаўся, гледзячы мутнымі вачыма на ўнтэра:
— Зьбег?!
— Божа барані, — хлопец сумленны.
Унтэр-афіцэр захадзіў па пакоі, глянуў у вакно, вярнуўся, адарваў кусок газэты, што ляжала на стале, і скачаў з яе галачку. Відаць было, што ён нешта хоча сказаць. Нарэшце вахмістр гэта заўважыў, і, захацеўшы даведацца, як далёка зайшло ўчарашняе п‘янства, сказаў:
— Добра ўжо, памагу вам: учора, мусіць, я здорава набуяніў?
Унтэр з дакорам глянуў на свайго начальніка:
— Калі-б вы толькі ведалі, пан вахмістр, якія гутаркі вы ўчора вялі! Чаго вы толькі на навярзьлі!
І, нахіліўшыся да самага вахмістравага вуха, ён зашаптаў:
— Вы яму сказалі, што чэхі і рускія аднае славянскай хрыві, што Мікалай Мікалаевіч будзе на наступным тыдні з войскам у Пшэрове, што Аўстрыя ня ўтрымаецца, і раілі яму пры далейшых допытах усё адмаўляць і лгаць, што папала, каб зацягнуць сьледзтва, пакуль яго ня выратуюць казакі. Потым вы сказалі, што ў самы бліжэйшы час у нас будзе заваруха, што паўтараюцца часы гусітаў, што сяляне пойдуць з цапамі на Вену, што з гасудара імпэратара пясок сыплецца і ён скора здохне і што імпэратар Вільгельм зьвер. Потым вы яму абяцалі пасылаць у турму грошы, каб ён купляў сабе яду, і шмат яшчэ нагаварылі такіх рэчаў.
Унтэр адарваўся ад вахмістравага вуха:
— Усё гэта я добра памятаю, — дадаў ён, — бо з першага пачатку я быў толькі трошкі цюкнуўшы, а толькі потым налізаўся і далей нічога ня памятаю.
Вахмістр паглядзеў на ўнтэра.
— Я помню, — сказаў, — як вы гаварылі, што мы супроць рускіх — саплякі, і сталі пры бабцы крычаць: „Няхай жыве Расія!“
Читать дальше