Пачуў шэпт: «А тут адзін жывы». Мужыкі з рыдлёўкамі корпаліся ў яме і здымалі з забітых боты, чаравікі… усё, што можна было зняць… Дапамаглі мне вылезці наверх. Я сеў на ўскраек ямы і чакаў… чакаў… Ішоў дождж. Зямля была цёплая-цёплая. Мне адрэзалі кавалак хлеба: «Бяжы, жыдзянятка. Можа, выратуешся».
Вёска была пустая… Ніводнага чалавека, а хаты цэлыя. Хацелася есці, але папрасіць не было ў каго. Так і хадзіў адзін. На дарозе то гумовы бот валяецца, то галёшы… хустка… За царквой убачыў абгарэлых людзей. Чорныя трупы. Пахла бензінам і смажаным… Уцёк назад у лес. Карміўся грыбамі і ягадамі. Аднойчы сустрэў старога, які нарыхтоўваў дровы. Стары даў мне два яйкі. «У вёску, — папярэдзіў, — не заходзь. Мужыкі скруцяць і здадуць у камендатуру. Нядаўна двух жыдовачак так злавілі».
Аднойчы заснуў і прачнуўся ад стрэлу над галавой. Ускочыў: «Немцы?» На конях сядзелі маладыя хлопцы. Партызаны! Яны пасмяяліся і пачалі спрачацца паміж сабою: «А жыдок нам нашто? Давай…» — «Няхай камандзір вырашае». Прывялі мяне ў атрад, пасадзілі ў асобную зямлянку. Паставілі вартавога… Выклікалі на допыт: «Як ты апынуўся ў размяшчэнні атрада? Хто паслаў?» — «Ніхто мяне не пасылаў. Я з расстрэльнай ямы вылез». — «А можа, ты шпіён?» Далі два разы ў зубы і кінулі назад у зямлянку. Да вечара ўпіхнулі да мяне яшчэ двух маладых мужчын, таксама габрэяў, былі яны ў добрых скуранках. Ад іх я даведаўся, што габрэяў у атрад без зброі не бяруць. Калі няма зброі, то трэба прынесці золата. Залатую рэч. У іх былі з сабой залатыя гадзіннік і партабак — нават паказалі мне, — яны патрабавалі сустрэчы з камандзірам. Неўзабаве іх павялі. Больш я іх ніколі не сустракаў… А залаты партабак убачыў потым у нашага камандзіра… і скуранку… Мяне выратаваў татаў знаёмы, дзядзька Яша. Ён быў шавец, а шаўцы шанаваліся ў атрадзе, як і ўрачы. Я стаў яму дапамагаць…
Першая парада дзядзькі Яшы: «Змяні прозвішча». Маё прозвішча Фрыдман… Я стаў Ламейка… Другая парада: «Маўчы. А то атрымаеш кулю ў спіну. За габрэя ніхто адказваць не будзе». Так яно і было… Вайна — гэта балота, лёгка ўлезці і цяжка вылезці. Іншая габрэйская прымаўка: калі дзьме моцны вецер, вышэй за ўсё падымаецца смецце. Нацысцкая прапаганда атруціла ўсіх, партызаны былі па-антысеміцку настроены. Нас, габрэяў, было ў атрадзе адзінаццаць чалавек… потым пяць… Спецыяльна пры нас пачыналіся размовы: «Ну якія вы ваякі? Вас, як авечак, вядуць на забой…», «Жыды баязлівыя…» Я маўчаў. Быў у мяне баявы сябар, адчайны хлопец… Давід Грынберг… ён ім адказваў. Спрачаўся. Яго забілі стрэлам у спіну. Я ведаю, хто забіў. Сёння ён герой — ходзіць з ордэнамі. Геройства! Двух габрэяў забілі нібыта што заснулі ў дазоры… Яшчэ аднаго за новенькі парабэлум… пазайздросцілі… Куды бегчы? У гета? Я хацеў абараняць Радзіму… адпомсціць за родных… А Радзіма? У партызанскіх камандзіраў былі сакрэтныя інструкцыі з Масквы: габрэям не давяраць, у атрад не браць, знішчаць. Нас лічылі здраднікамі. Цяпер мы пра гэта даведаліся дзякуючы перабудове.
Чалавека шкада… А як коні паміраюць? Конь не хаваецца, як іншыя жывёлы: сабака там, кот, карова і тая ўцякае, конь стаіць і чакае, калі яго заб’юць. Цяжкая карціна… У кіно кавалерысты нясуцца з гікам і з шашкай над галавой. Бязглуздзіца! Фантазія! У нашым атрадзе нейкі час былі кавалерысты, іх хутка расфармавалі. Коні не могуць ісці па гурбах, тым больш скакаць, яны захрасаюць у сумётах, а ў немцаў матацыклы — двухколавыя, трохколавыя, узімку яны ставілі іх на лыжы. Ездзілі і з рогатам расстрэльвалі і нашых коней, і коннікаў. Прыгожых коней маглі пашкадаваць, відаць, сярод іх было нямала вясковых хлопцаў…
Загад: спаліць хату паліцая… Разам з сям’ёй… Сям’я вялікая: жонка, трое дзяцей, дзед, баба. Ноччу акружылі іх… закалацілі дзверы цвікамі… Аблілі газай і падпалілі. Крычалі яны там, галасілі. Хлапчук лезе праз акно… Адзін партызан хацеў яго прыстрэліць, а іншы не даў. Закінулі назад, у вогнішча. Мне чатырнаццаць гадоў… Я нічога не разумею… Усё, што я змог, — запомніў гэта. І вось расказаў… Не люблю слова «герой»… герояў на вайне няма… Калі чалавек узяў у рукі зброю, ён ужо не будзе добрым. У яго не атрымаецца.
Памятаю блакаду… Немцы вырашылі ачысціць свае тылы і дывізіі СС кінулі супраць партызан. Навешалі ліхтароў на парашутах і бамбілі нас дзень і ноч. Пасля бамбёжкі — мінамётны абстрэл. Атрад сыходзіў невялікімі групамі, параненых везлі з сабой, але закрывалі ім рот, а коням апраналі спецыяльныя наморднікі. Кідалі ўсё, кідалі хатнюю жывёлу, а яна бегла за людзьмі. Каровы, авечкі… Даводзілася прыстрэльваць… Немцы падышлі блізка, так блізка, што ўжо чутныя былі іх галасы: «о мутэр, о мутэр»… пах цыгарэт… У кожнага з нас захоўваўся апошні патрон… Але памерці ніколі не позна. Уначы мы… трое нас засталося з групы прыкрыцця… распаролі жываты забітым коням, выкінулі ўсё адтуль і самі туды залезлі. Праседзелі так двое сутак, чулі, як немцы хадзілі туды-сюды. Пастрэльвалі. Нарэшце наступіла поўная цішыня. Тады мы вылезлі: усе ў крыві, у вантробах… у гаўне… Адурэлыя. Ноч… месяц свеціць…
Читать дальше