— Радзіма альбо смерць!
— У Сталіна быў план — сем’і тых, хто здаўся ў палон, высылаць у Сібір. Тры з паловай мільёны палонных! Усіх не павысылаеш! Вусаты людаед!
— Сорак першы пракляты год…
— Гавары ўсё… цяпер можна…
— Звычкі такой няма…
— Мы і на фронце баяліся адзін з адным гаварыць адкрыта. Людзей саджалі да вайны… і ў вайну саджалі… Мая маці працавала на хлебазаводзе, там была праверка, і ў яе на пальчатках знайшлі крыхі хлеба, а гэта ўжо было шкодніцтва. Далі дзесяць гадоў турмы. Я на фронце, бацька на фронце, малыя брат і сястра засталіся з бабуляй, яны прасілі яе: «Бабуля, ты не памірай раней, як тата і Сашка (гэта я) з вайны вернуцца». Бацька прапаў без вестак.
— Якія мы героі? З намі ніколі не абыходзіліся як з героямі. Дзяцей мы з жонкай гадавалі ў бараку, пасля далі камуналку. Цяпер атрымліваем капейкі… слёзы, а не пенсію… Па тэлевізары паказваюць, як немцы жывуць. Добра жывуць! Прайгралі, а жывуць у сто разоў лепш за пераможцаў.
— Бог не ведае, што такое быць маленькім чалавекам.
— Я быў, ёсць і застануся камуністам! Без Сталіна і без партыі сталінскай мы б не перамаглі. Дэмакратыя, тваю маць! Баюся баявыя ордэны надзець. «Маразматык стары, дзе служыў? На фронце ці па турмах і лагерах?» — вось што я чую ад маладых. Смокчуць піва і кпяць.
— Прапаную вярнуць помнікі нашаму правадыру, вялікаму сталінскай, на ранейшыя месцы. Хаваюць на задворках, як смецце.
— Пастаў у сябе на лецішчы…
— Хочуць перапісаць вайну. Чакаюць, калі мы ўсе паздыхаем.
— Цяпер мы, карацей, «саветыкус-дэбілус»…
— Выратавала Расію тое, што яна вялікая. Урал… Сібір…
— Найбольш страшна — падняцца ў атаку. Першыя дзесяць хвілін… пяць хвілін… У таго, хто падымаўся першым, шанцаў застацца ў жывых не было. Куля дзірачку знойдзе. Камуністы, наперад!
— За ваенную моц нашай Радзімы! (Стукаюцца чаркамі.)
— Карацей… забіваць нікому ахвоты не было. Непрыемна. Але прывыкаеш… вучышся…
— Пад Сталінградам я ўступіў у партыю. Напісаў у заяве: «Хачу быць у першых шэрагах абаронцаў Радзімы… Не пашкадую свайго маладога жыцця…» У пяхоце ўзнагароджвалі рэдка. Маю адзін медаль «За адвагу».
— Ваенныя кантузіі адгукнуліся… Я стаў інвалідам, але пакуль трымаюся.
— Памятаю: узялі ў палон двух уласаўцаў… Адзін кажа: «Я помсціў за бацьку…» Бацьку расстраляла энкавэдэ… Другі: «Я не хацеў здохнуць у нямецкім канцлагеры». Маладыя хлопцы, як мы, аднаго з намі ўзросту. Калі ты пагаварыў з чалавекам, у вочы паглядзеў… цяжка яго забіць… Назаўтра ўсіх нас дапытвалі ў асобым аддзеле: «Чаму ўступілі ў размовы са здраднікамі? Чаму не расстралялі адразу?» Я стаў апраўдвацца… асабіст наган на стол: « Ты, б…, яшчэ правы качаеш?! Яшчэ адно слова вякнеш — і…» Уласаўцаў ніхто не шкадаваў. Танкісты прывязвалі іх да танкаў, уключалі матор — і ў розныя бакі… раздзіралі на кавалкі… Здраднікі! А ці ўсе яны былі здраднікамі?
— Асабістаў баяліся больш за немцаў. Генералы іх баяліся…
— Страх… усю вайну страх быў…
— А калі б не Сталін… Без «жалезнай рукі» Расія б не выжыла…
— Я не за Сталіна, я за Радзіму ваяваў. Клянуся сваімі дзецьмі і ўнукамі, я ні разу не чуў, каб крычалі: «За Сталіна!»
— Без салдата вайну не выйграць.
— Тваю маць…
— Баяцца трэба толькі Бога. Ён ёсць суд.
— Калі Божачка ёсць…
(Няроўны хор.)
«И значит, нам нужна одна победа!
Одна на всех, мы за ценой не постоим…»
мужчынская гісторыя
— Усё жыццё рукі па швах! Баяўся піскнуць. Цяпер распавяду…
У маленстве… як сябе памятаю… я баяўся страціць тату… Татаў забіралі ўначы, і яны знікалі ў невараць. Так знік матчын родны брат Фелікс… Музыка. Яго ўзялі за глупства… за глупства… У краме ён гучна сказаў жонцы: «Вось ужо дваццаць гадоў савецкай улады, а прыстойных штаноў у продажы няма». Цяпер пішуць, што ўсе былі супраць… А я скажу, што народ падтрымліваў пасадкі. Узяць нашу маму… У яе сядзеў брат, а яна казала: «З нашым Феліксам адбылася памылка. Павінны разабрацца. Але саджаць трэба, вунь колькі бязладдзя дзеецца вакол». Народ падтрымліваў… Вайна! Пасля вайны я баяўся ўспамінаць вайну… Сваю вайну… Хацеў у партыю ўступіць — не прынялі: «Які ты камуніст, калі ты быў у гета?» Маўчаў… маўчаў… Была ў нашым партызанскім атрадзе Розачка, прыгожая габрэйская дзяўчынка, кніжкі з сабой вазіла. Шаснаццаць гадоў. Камандзіры спалі з ёй па чарзе… «У яе там яшчэ дзіцячыя валосікі… Ха-ха…» Розачка зацяжарала… Адвялі далей у лес і застрэлілі, як сабачку. Дзеці нараджаліся, ясная справа, поўны лес здаровых мужыкоў. Практыка была такая: дзіця народзіцца — яго адразу аддаюць у вёску. На хутар. А хто возьме габрэйскае дзіця? Габрэі нараджаць не мелі права. Я вярнуўся з задання: «Дзе Розачка?» — «А табе што? Гэтай няма — іншую знойдуць». Габрэй праз усё жыццё чагосьці баіцца. Куды б камень ні ўпаў, а габрэя закране.
Читать дальше